Медиа об экологии, экодружественном образе жизни и правах человека на здоровую окружающую среду. Мы верим, что с этим правом люди рождаются, но на протяжении всей жизни нам приходится защищать его. Мы заботимся о том, чтобы дышать чистым воздухом, есть безопасные продукты, вести экодружественный образ жизни, протягивать руку помощи животным и растениям и, в конце концов, оставить безопасную и чистую планету своим потомкам".
Зелёная премия — премия для медиа-профессионалов и создателей контента в социальных сетях за качественное освещение экологических проблем и путей их решения.
Дзе былі вядомыя беларусы падчас Чарнобыльскай катастрофы: тры асабістыя гісторыі
26 красавіка 1986 года для мільёнаў людзей спачатку быў звычайным вясновым днём. Пра выбух на Чарнобыльскай АЭС многія даведаліся пазней – праз чуткі, замежнае радыё або калі маштаб трагедыі ўжо немагчыма было схаваць. Мы сабралі ўспаміны вядомых беларусаў пра той дзень і пра тое, як Чарнобыль увайшоў у іх жыццё.
Алесь Ждановіч
Алесь Ждановіч: «Мы чакалі першае дзіця, і было вельмі страшна»
Актор Алесь Ждановіч успамінае, што дзень аварыі быў незвычайна цёплым і сонечным для Мінска.
— Божачкі, як даўно гэта было… 40 гадоў прайшло. Можа, не ўзгадаю ўсё ў дэталях, бо ўсведамленне таго, што здарылася, прыйшло крыху пазней. Але памятаю, што гэта быў вельмі сонечны, цёплы для красавіка дзень.
Усё выглядала звычайна і спакойна.
— Памятаю, што мой бацька пайшоў загараць, а мы гулялі на вуліцы.
У той час сям’я чакала першае дзіця.
— Мы чакалі свайго першага дзіцёнка, і калі даведаліся, што здарылася, канешне, было вельмі страшна.
Найбольш яму запомнілася пачуццё падману.
— Я памятаю адчуванне прыкрасці ад чарговай хлусні дзяржавы, якая замоўчвала факт аварыі. Мы чарговы раз пераканаліся, што гэтай уладзе напляваць на чалавека, на яго бяспеку і жыццё.
Пасля Чарнобыля ў паўсядзённы слоўнік увайшлі словы, якіх раней людзі амаль не ўжывалі.
— Дазіметр, стронцый, цэзій, радыяцыя… І, напэўна, усёй глыбіні страшных наступстваў гэтай аварыі мы не ўсведамляем нават да сёння.
Аляксандр Памідораў
Аляксандр Памідораў: «Я пачуў пра катастрофу па радыё Швецыі»
Музыка і шоўмэн Аляксандр Памідораў у 1986 годзе заканчваў восьмы клас і ўжо рэгулярна слухаў замежныя радыёстанцыі.
— Я ўжо стала слухаў розныя галасы: Голас Амерыкі, Радыё Свабода, рускую службу BBC, Кол Ізраэль.
Увечары 25 красавіка ён, як звычайна, сядзеў каля радыёпрыёмніка і пераключаў хвалі, калі ўключаліся савецкія глушылкі.
— Калі ўключалася глушылка, пераходзіў на іншы дыяпазон, знаходзіў працяг.
Недзе пасля першай гадзіны ночы праграму нечакана перапынілі.
— Гэта было ці радыё Швецыі, ці нешта іншае. Яны сказалі: мы перапыняем праграму, бо ёсць важная інфармацыя. Нашыя датчыкі фіксуюць значнае павышэнне радыяцыйнага фону ў Еўропе. Ёсць дадзеныя, што на тэрыторыі адной з савецкіх атамных станцый, прыкладна ва Украіне, блізка да БССР, адбылася цяжкая аварыя.
Раніцай пра гэта ўжо гаварыла ўся школа.
— У нас была ранішняя зарадка, але ніхто не займаўся. Усе толькі абмяркоўвалі навіну. Не я адзін гэта чуў.
Сярод школьнікаў імгненна пачалі хадзіць страшныя чуткі.
— Ужо гучала, што 5000 трупаў у брацкай магіле, што горад Прыпяць згарэў дашчэнту. Усе толькі казалі: у Чарнобылі адбылася ядзерная катастрофа, нам усім гамон.
Пры гэтым савецкія СМІ працягвалі маўчаць.
— Але мы як моладзь… нам было і страшна, і весела адначасова. Жартавалі пра “ўспышку злева, успышку справа”, хто будзе накрывацца прасціною і паўзці на могілкі. А савецкая прэса нічога не казала.
Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк: «Мама давала мне ёд у лыжцы вады»
Грамадская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк памятае вясну 1986 года праз незвычайна яркае сонца і хатнія спробы абараніцца ад невядомай пагрозы.
— Запомнілася вельмі яркае сонца падчас так званага паходу здароўя на травеньскія святы. Толькі пасля я даведалася, што гэта было радыеактыўнае сонца.
На той паход супрацоўнікаў панчошнага камбіната разам з сем’ямі адправілі ў наваколле Берасця. Сярод іх была і яе маці.
— Некалькі працаўнікоў прадпрыемства разам з дзецьмі выправіліся ў ваколіцы Берасця. Некалькі дзён мы хадзілі.
Пазней пачалі распаўзацца чуткі пра аварыю.
— Памятаю, як мама мазала мяне ёдам, давала разбаўлены ёд у лыжцы вады.
Калі ўжо хаваць катастрофу стала немагчыма, у школе і па радыё загучала супакойваючая прапаганда.
— Казалі, што ўсё добра, усё нармальна, людзі працуюць, нават буслы па-ранейшаму гняздзяцца ў гэтых раёнах.
Але сапраўдныя наступствы былі побач.
— У нашых класах пачалі з’яўляцца дзеці з чарнобыльскіх раёнаў. А ў 1992 годзе, калі мы выпускаліся са школы, памёр хлопец-перасяленец. Я дагэтуль памятаю ягонае прозвішча – Бурштын. Ён захварэў на рак і не дажыў некалькі месяцаў да выпускнога.