Аб гэтым стала вядома 13 лістапада ад праваабаронцаў, піша Hrodna.life.
– На 12-м участку, дзе знаходзіцца інтэрнат медкаледжа, куратарка хадзіла па інтэрнаце, часам нават з міліцыянтам, і прымушала студэнтаў хадзіць і галасаваць датэрмінова.
Яна пагражала тым, што можа занізіць ім бал пры размеркаванні. Пагражала пасля вучобы адправіць у Астравец. І яшчэ адзін варыянт запужвання – студэнта абяцалі перавесці ў “менш прэстыжную групу”, дзе навучаюцца туркмены, – кажа Сяргей Верамеенка, каардынатар кампаніі “Права выбару” ў Гродне.
Ён спасылаецца на сведчанні студэнтаў і аўдыёзапісы. Назіральнікі плануюць накіраваць зварот у пракуратуру.
Астравец – горад, дзе неўзабаве чакаюць запуск АЭС. Праз гэта горад расце і развіваецца яго інфраструктура, ёсць вялікая патрэба ў спецыялістах. У іх ліку выпускнікі універсітэтаў і асабліва медыкі, педагогі і выхавацелі, зазначаюць у райвыканкаме.
Як удакладняе “Астравецкая праўда”, у жніўні у мясцовую бальніцу прыйшло 139 спецыялістаў па размеркаванні, сярод іх 93 медсястры. Але ўсе яны ўжо забяспечаныя жытлом, падкрэслівае выданне.