14.12.2017 / 16:12

Новае даследаванне навукоўцаў з універсітэтаў Латвіі і Тартускага ўніверсітэту ў Эстоніі даказала: птушкі адчуваюць меншы стрэс, калі зімуюць у старым лесе ў параўнанні з маладымі пасадкамі. 

Лясная гаспадарка прыводзіць да фрагментацыі і знікнення нармальных, старых лясоў. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да змяншэння разнастайнасці лясных раслін і жывёл. У краінах Паўночнай Еўропы, напрыклад, з-за знікнення стараўзроставых лясоў на вялікай плошчы іх былога распаўсюджання адбылося рэзкае змяншэнне колькасці насекомаедных лясных відаў птушак. 

Чалавек не толькі змяншае даступнасць і бяспечнасць месцаў гнездавання, высякаючы старыя лясы, але і значна змяншае даступнасць безхрыбетных – асноўнай ежы такіх відаў.

Даследчыкі сфакусаваліся на вывучэнні папуляцый бурагаловай сініцы (Poecile montanus), невялікай насекомаеднай лясной птушкі, якая насяляе лясы ўмеранай і субарктычнай кліматычнай зоны ад Еўропы да Паўночнай Азіі. 

Пасля сезону гнездавання гэтыя сініцы аб’ядноўваюцца ў групы і даследуюць хвойныя лясы ў пошуках безхрыбетных – насякомых і павукападобных. 

Папярэднія даследаванні паказалі, што зялёныя часткі старых іглістых дрэваў “хаваюць” больш безхрыбетных, чым галіны маладых, бо на іх значна больш іголак, сярод якіх можна схавацца на зіму.

Навукоўцы даследвалі птушак, якія жылі ў паўднёва-усходняй Латвіі ў плантацыях шатландзкай сасны ўзростам паміж 35 і 55 гадоў і ў старых лясах, пераважна з нарвежскай елкі, узростам да 155 гадоў, дзе адсутнічала лясная гаспадарка. 

98 сініц, якія трымаліся ў розных зграйках, адлоўліваліся двойчы пад час зімы: першы раз у лагодную тэмпературу і другі, калі былі моцныя маразы. Птушкі кальцаваліся і правяраўся іх фізічны стан (запасы падскурнага тлушчу і памеры грудных мышцаў). Таксама двойчы бралася кроў на гармоны стрэсу: адразу пасля адлову і праз 20 хвілін па ім (каб зменшыць магчымы стрэс пасля яго). Узровень стрэсу сінічак правяралі стандартным метадам па канцэнтрацыі корцікастэронаў у крыві.

Пасля параўнання вынікаў для абедзвюх груп птушак атрымалася: незалежна ад ўзросту і полу сініц узровень стрэсу ў іх быў меншы, калі яны зімавалі ў старым лесе. Агулам там узімку выжывала 92% сініц супраць 73% у лясных плантацыях.

- Большы стрэс і меншая выжывальнасць сініц, якія зімавалі ў маладых лясах, дзе вялася інтэнсіўная лясная гаспадарка, можна растлумачыць меншай колькасцю даступнай птушкам ежы і большай імавернасцю драпежніцтва на іх, - сказаў Індрыкіс Крамс адзін з сааўтараў публікацыі. “Таму маладыя плантацыі іглістых дрэваў можна лічыць субаптымальным біятопам для гэтага віду птушак”.

Пытанне будучыні бурагаловай сініцы ў кріанх Балтыі вельмі своечасовае, таму што старыя лясы там знікаюць у хуткім тэмпе, а на іх месцы застаюцца або высечкі, або лясныя плантацыі.

Так, у многім аналагічнае вядзенне лясной гаспадаркі ў Вялікабрытаніі прывяло да змяншэння колькасці віду на 70%"у параўнанні з 1970 годам.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость