15.02.2016 / 10:02

Упрыгожванне інтэр’ера сваёй кватэры ўзорамі нацыянальнага арнаменту або прадметамі з прыродных матэрыялаў робіцца модай сярод сучасных беларусаў. Ці можна ўпрыгожыць сучаснае гарадское жытло саламянымі вырабамі, навошта дзіцяці даваць салому, лён і гліну, чаму святочную вярбу нельга ўпрыгожваць пластыкавымі кветкамі, і як традыцыйным майстрам сёння канкураваць з кітайскімі вытворцамі, распавёў гарадзенскі майстар па традыцыйным саломапляценні Яўген Блудаў.

— Саломапляценне — адзін з самых старадаўніх традыцыйных відаў рамёстваў, які цесна звязваў чалавека з прыродай. Які сэнс укладалі колішнія майстры ў саламяныя вырабы?

— Безумоўна, усё мела сэнс. Традыцыйнае мастацтва — праява самасвядомасці пэўнай асобы і цэлага народа. Напрыклад, возьмем саламяных павукоў. Вырабляліся яны ўсёй сям’ёй да дня зімовага сонцастаяння. Павукі сімвалізавалі сусвет і яго стваральніка, таму вешаліся на ганаровым месцы — над сталом ці на покуці, а пасля зімы спальваліся. Ці тыя ж вербы, якія ўпрыгожваюць на Вербніцу, — гэта яшчэ дахрысціянская традыцыя. Сюды закладзены культ уваскрасення, абуджэння прыроды ад сну пасля зімы. І, ведаючы гэта, я не магу ўпрыгожыць вярбу пластыкавай кветкай. Упрыгожанне павінна быць натуральным, прыродным.

— Як і якую салому выбіраеце для вырабаў?

— На жаль, цяпер няма якаснай саломы, таму беларуская саломка ўжо зусім не залатая. Для вырабаў патрэбнае жыта, бо жытняе сцябло мае найбольшую даўжыню і больш трывалае. Зараз жыта ўсё больш выцясняецца трыцікале. Трыцікале устойлівая да палягання, замаразкаў і бактэрыяльна-грыбковых захворванняў. Жыта, якое не валодае такімі ўстойлівымі ўласцівасцямі, мае плямы, якія трэба выбельваць гідраперытам, інакш пры пляценні гэтыя плямы будуць заўважныя. Таму зараз я вырошчваю жыта на сваім лецішчы. Спрабую аднавіць гатункі, з якімі працавалі нашыя продкі, стараюся вярнуцца да экалагічнага земляробства.

— Раней салома мела найперш практычнае прымяненне: з яе плялі капелюшы, рабілі гаспадарчы посуд, вуллі, крылі стрэхі саломай. Як змянілася стаўленне да саломы ў наш час?

— Цяпер практычнае прымяненне маюць толькі кошыкі з саломы і лазы. Праўда, як і раней, усё большую папулярнасць набіраюць стрэхі, крытыя саломай або трыснягом, асабліва на Захадзе ці ў ЗША. Гэта няшкодна, цёпла, танна, а значыць, экалагічна. Толькі вырошчваць салому трэба такіх гатункаў, што ў нас цяжка яе знайсці. Патрэбная менавіта жытняя салома, так званая кулявая, якая жнецца не камбайнам, а ўручную. Добра замяняе салому трыснёг: ён больш устойлівы, з ім лягчэй працаваць.Папулярным на Захадзе становіцца таксама будаўніцтва дамоў з саламяных панэляў.

— Якія вырабы з саломы карыстаюцца зараз найбольшай папулярнасцю і чаму?

— Саламяныя вырабы зараз набываюць больш у якасці сувеніраў: кветачкі для ўпрыгожвання інтэр’еру, павукі ў якасці падарунка замежным гасцям або для сябе, каб вярнуць калядныя традыцыі. Раней гэта мастацтва было нашай экзотыкай, шмат замежнікаў прыязджала паглядзець. Асабліва шырокі наплыў быў расейскіх турыстаў. У сувязі з гэтым многія майстры сталі арыентавацца на іх і рабіць лялькі-абярэгі, венікі на шчасце, на багацце і падобныя нетрадыцыйныя вырабы. Каб прывабіць пакупніка, сучасныя майстры прыдумваюць новыя дызайнерскія формы, напрыклад саламяны ровар, скрыпка. Менавіта такія вырабы зараз карыстаюцца большай папулярнасцю сярод гараджан. Салома ў інтэр’еры мае дачыненне да нашай ментальнасці. Гэта цешыць наша вока, уздзейнічае на нашу падсвядомасць. Натуральныя матэрыялы прывабліваюць не толькі формай, але і якасцю, выглядам. Я лічу, што салому, лён, гліну трэба даваць дзіцяці, каб яно памацала, бо дзіця набіраецца сэнсарнага вопыту. Адсутнасць сэнсарнага вопыту збядняе нашу падсвядомасць.

— Ведаю, што апрача саломы вы працуеце з іншымі прыроднымі матэрыяламі.

— Я прайшоў салому ад самых архаічных формаў да больш сучасных і цяпер працую з некаранаванай лазой, часткова з дрэвам. Працую ў тэхніцы хаатычнага пляцення, як я яго называю. Гэта тэхніка дазваляе будаваць груваздкія канструкцыя, дзякуючы таму, што лаза сама сябе трымае. Раблю мэблю (крэслы, табурэты), скульптуры, платы, магу чалавека зрабіць і нават партрэт з лазы. Я стараюся выкарыстоўваць тое, што выкідаецца, — сукі або галіны, абламаныя ветрам, даю ім другое жыццё.

Лаза зазвычай расце пры дарозе, і, як правіла, дарожнікі яе высякаюць, дык я ім дапамагаю. Два гады таму дырэктар парку атракцыёнаў прапанаваў мне пляцоўку, дзе я мог бы выставіць свае буйныя скульптурныя формы. Я зрабіў цмока і яшчэ пару скульптур. Дарэчы, цмок у беларускай міфалогіі не зусім адмоўны персанаж, таму не трэба блытаць яго з драконам. Гэтай скульптурай я хацеў вярнуць, паказаць людзям найбольш старажытную тэхніку працы з лазой, даць магчымасць убачыць альтэрнатыўныя формы з прыроднага матэрыялу.

Скульптурамі з лазы вырашыў парадаваць і выхаванцаў дзіцячага садка №101.

Скульптуры Яўгена Блудава ў дзіцячым садку №101
Скульптуры Яўгена Блудава ў дзіцячым садку №101

Найбольш папулярны матэрыял — дрэва. З яго можна зрабіць і мэблю, і элемент дэкору. Я стараюся выкарыстоўваць не толькі дрэва, а спалучаю яго з лазою. Дрэва дазваляе рабіць унікальныя індывідуальныя рэчы, якія немагчыма паўтарыць. У даўніну нашыя продкі апрацоўвалі дрэва ільняным алеем. У наш час ёсць шмат бясшкодных сродкаў для пакрыцця дрэва, якія дазваляюць захаваць выраб, не нашкодзіўшы навакольнаму асяроддзю.

— З якімі праблемамі сутыкаюцца сучасныя майстры?

— Самая вострая праблема — кітайскі рынак. Кітайцы робяць добрыя копіі і прадаюць іх вельмі танна. Візуальна такія падробкі цяжка адрозніць ад традыцыйных саламяных вырабаў. Добра, калі гэтая прадукцыя не апрацаваная якімі-небудзь шкоднымі рэчывамі для лепшага захавання ці прываблівання вока пакупніка.

Людзі аддаюць грошы за танныя падробкі замест таго, каб падтрымаць сваіх майстроў. Але немагчыма прадаць самой культуры, увасобленай у вырабах. Менавіта па гэтай прычыне кітайскія вырабы, якія штампуюцца масава, не маюць да традыцыйнай беларускай культуры ніякага дачынення. Яны не ўтрымліваюць у сабе сакральнага сэнсу, які закладае майстар, калі робіць свае адзінкавыя, непаўторныя вырабы.

— Як змагацца з засіллем кітайскага рынку?

— Змагацца з гэтым можна толькі на дзяржаўным узроўні. Добрым прыкладам у гэтым сэнсе з’яўляюцца палякі. Калі яны ладзяць традыцыйныя фестывалі ці кірмашы, то і блізка не падпускаюць туды гандляроў з кітайскім таварам. Турысты, едучы на свята, ведаюць, што ўбачаць там рэгіянальную культуру, а не прадукт масавай вытворчасці. У Польшчы народны майстар мае права на адпачынак, яму залічваецца стаж, і ён атрымлівае годную пенсію. У нас жа адсутнасць дзяржпадтрымкі прымушае традыцыйных беларускіх майстроў камерцыялізаваць сваё мастацтва, бо трэба за нешта жыць.

— Ваша сям’я нейкім чынам захоўвае сувязь з прыродай, прытрымліваецца экалагічнага ладу жыцця?

— У нас дома вы дакладна не знойдзеце прадметы кітайскай вытворчасці. Ложкі ў нас з дошак, на якія кладзём матрац і спім. Падушкі калісьці набіваў саломай або зборам зёлак — чабор, палын. Зараз жонцы падказалі, што добра спаць на падушках з шалупіннем ад грэчкі. Яшчэ я вельмі люблю хадзіць па сэканд-хэндах, каб патрымаць у руках, памацаць натуральную тканіну і тым самым дакрануцца да іншых традыцый. Вельмі люблю індыйскую тканіну. Каб памацаць яе, мне не трэба ехаць за тысячы кіламетраў. Сэканд-хэнд — гэта ж сапраўдная выстава! Калі я прыношу матэрыял дадому, тыя ж дошкі ці сукі, то мне шкада з іх нешта рабіць. Мне здаецца, што яны самі па сабе прыхожыя. У мяне дома ёсць сценка з дубовых дошак. Калісьці збіраўся рабіць з іх мэблю, пагабляваў і паставіў пры сцяне: і спосаб захавання матэрыялу, і дэкарацыя. Так і стаяць дваццаць гадоў. І ўжо нічога зрабіць з іх не магу, бо вазьму адну бэльку і кампазіцыя парушыцца, а мне шкада. Мне дуб вельмі падабаеццца: ад яго ідзе моц і энергія.

Автор:
Фотограф:
Гродзенскі Зялёны партал, «Вячэрні Гродна»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость