15.03.2017 / 16:03

Дакументальнае кіно на экалагічную тэматыку ён пачаў здымаць з канца 1990-х, а паўтара года таму заснаваў уласную кінастудыю «AVES». Да яе звяртаюцца «Discovery» і «National Geоgraphic», калі ім патрэбныя прафесійныя кадры з Беларусі. Студыя здымае для нацыянальных паркаў і запаведнікаў у самых розных кутках былога СССР. Ёй належыць 9-хвілінны ролік «Wildlife Belarus-2015».

Вольга Сліборская з часопісу «Птушкі і мы» пагутарыла з Ігарам Іванавічам пра сям’ю, лес і горад, пра тое, як на дроне заляцець у 5-тысячную чараду фламінга. Публікуем найбольш цікавыя фрагменты.

Ігар Бышнёў — беларускі рэжысёр-дакументаліст, сцэнарыст, аператар, кандыдат біялагічных навук. Скончыў біяфак БДУ, пасля чаго 14 гадоў працаваў у Бярэзінскім біясферным запаведніку. Быў адным з першых штатных супрацоўнікаў АПБ. Аўтар папулярнай тэлеперадачы «Мільён пытанняў пра прыроду», што выходзіць на тэлеканале «Мір» вось ужо больш за 10 гадоў. На «Беларусь 3» мы бачым яго штодня ў праграме «Дабраранак». Ігар Іванавіч — «Найлепшы аператар» 2006 года па версіі «Тэлевяршыні», лаўрэат спецыяльнай прэзідэнцкай прэміі ў галіне кіно і тэлебачання за 2003 і 2006 гады. А атрыманых «AVES» узнагародаў на разнастайных міжнародных конкурсах проста не злічыць. Ігар Бышнёў быў у АПБ з моманту заснавання. Сёлета ён стаў сябрам Цэнтральнага савета АПБ. 

Якія праблемы ў галіне аховы прыроды?

— Я не прафесіянал у галіне. Але з досведу ўласнага жыцця і дачыненняў з людзьмі, чыноўнікамі, з назірання заіншымі краінамі я прыйшоў да пэўных высноваў.

Зніжаецца прафесіяналізм вырашэння праблем. Кар’ерны рост у структурах, якія вызначаюць прыродаахоўную палітыку, часта адбываецца за кошт знаёмстваў, а не за кошт прафесійных якасцяў. Гэта, мабыць, бяда нашага грамадства, і яна праяўляецца ў прыродаахоўнай сферы гэтак жа, як і ў іншых.

А між тым трэба цаніць прафесіяналаў са сваім поглядам на праблему. Трэба да яго прыслухоўвацца і браць даўвагі, ні ў якім разе не падаўляючы. Прафесіянал заўсёды «нязручны». Але як толькі мы навучымся цаніць гэтую шчырасць, тады і праблемы будуць вырашацца хутчэй.

Вось літаральна нядаўна вярнуліся з Курыльскага запаведніка і пабачылі абсалютна нармальнае жыццё запаведніка. У тым самым сэнсе, з-за якога я калісьці пайшоў працаваць у гэтую сферу. Мне і сапраўды падаецца, што сістэма запаведнасці ў СССР была адной з найлепшых і грунтавалася на трох кітах — ахова, вывучэнне, асвета. У нас з гэтага ўсё пачыналася, але пасля пайшло кудысьці ўбок. Не ў той бок, на жаль.

І ў гэтым запаведніку на Курылах жыццё віруе: прыязджаюць аднекуль студэнты, вывучаюць нейкія вулканічныя пароды… І гэта ўсё не паказуха! І гэтаму запаведніку ніхто не ставіць задачу — маўляў, зарабіце сабе грошай на развядзенні страусаў.Гэта зборны вобраз таго, як у нас людзей прымушаюць пілаваць лес, збіраць журавіны, развіваць экатурызм.

Зямлю забіраюць з гаспадарчага абароту дзеля таго, каб пакінуць для нашчадкаў некранутай. Якія тут страусы? Калі ёсць магчымасць — калі ласка!Але гэта не павінна быць задачай нумар адзін толькі з-за таго, што дае нейкія хуткія грошы, фінансавую аддачу. Яна будзе. Але толькі калі гэта ўсё захаваць.

 

50 словаў на саміце ААН 

Калі б была такая магчымасць...  

— Мне падаецца, слова ў сучасным свеце крыху страціла сваю значнасць і вагу. Зашмат словаў навокал. І ўсё больш хочацца слухаць тых, хто з’яўляецца для цябе абсалютным аўтарытэтам. Я нічога не казаў бы, а проста паказаў пэўныя кадры. Я іх знайшоў бы. Сабраў бы лепшае, што можа паўздзейнічаць без усякіх словаў. Можа, гэта былі б кадры, дзе зубрыца плача над сваім мёртвым зубраняткам. Альбо калі бусел прыносіць ваду ў дзюбе, каб напаіць сваё птушаня. Можна знайсці кранальныя кадры і з павуком, і з мышкай — не мае значэння. Але, паглядзеўшы іх, кожны нармальны чалавек павінен задумацца, як сябе паводзіць з прыродай і ў прыродзе і якія прымаць законы.

Чалавек можа і павінен змяняць нешта. Як мінімум у сабе, у сваіх блізкіх, родных, знаёмых. І гэта натуральным чынам паўплывае на тое, як будзе ставіцца да нас прырода.

Гэты Салярыс не трэба ратаваць. Ратаваць трэба нас! Чарнобыль паказаў, што прырода без чалавека аднаўляецца імгненна. Ну хіба што толькі мы ўзарвём нашу планету… Мы ў асноўным перашкаджаем. Варта толькі кудысьці адысці — і тут будзе аазіс. Але ж і мы павінны таксама жыць! Таму трэба вучыцца неяк гарманізаваць нашы стасункі з прыродай.

 

4 цытаты

— Дзікія жывёлы абсалютна прадказальныя. Галоўнае — не пераходзіць пэўнага парогу дазволенага, пра які яны цябе не раз папярэдзяць: маўляў, далей не трэба… 

— Бываюць, канешне, адхіленні і ў жывёлаў, але з людзьмі гэта несупастаўляльна. Горад — страшная рэч у параўнанні з лесам.

— Пры жаданні заўсёды можна зрабіць які-небудзь шакуючы фільм, але гэта не маё. Я раблю тое, што люблю. І лічу, што прыгажосць выратуе свет.

— Дроны — гэта вельмі здорава!Гэта прыгожа і эфектна, і мы пачалі працаваць з імі яшчэ да таго, як яны ўвайшлі ў моду. Безумоўна, дрон можа дабрацца туды, дзе нават верталёты не лётаюць. Але мы імкнёмся здымаць не проста «тапаграфічную карту», але найперш стан прыроды і жывёлаў.

Автор:
Фотограф:
Архіў Ігара Бышнёва
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость