15.03.2022 / 08:03

Заапарк у Познані стаў новым домам для львоў і тыграў з Кіева. Там жа часова знаходзіліся два львы з Адэсы. Расказваем, як жывёл ратавалі ад вайны.

Фота - Facebook познаньскага заапарка
Фота - Facebook познаньскага заапарка

Заапарк у Познані два гады таму дапамог тыграм, якіх прывезлі кантрабандай на беларуска-польскую мяжу.

Сёлета ўстанова таксама не засталася ўбаку ад лёсаў дзікіх жывёл, арганізуе іх эвакуяцыю з Украіны, шукае новыя дамы звярам па заапарках усёй Еўропы.

26 лютага заапарк у Познані абвясціў збор сродкаў для дапамогі кіеўскаму заапарку. Ад свайго імя разам з партнёрамі- міжнароднымі арганізацыямі Stichting AAP, Natuurhulpcentrum Opglabbeek і Save Wild Fund супрацоўнікі паведамілі: «Мы выступаем за львоў, тыграў і іншых звяроў, якіх ратуем з Кіева. Просім трымаць кулачкі за іх бяспечную дарогу».

У мэтах бяспекі звяроў падрабязнасці, калі іх вывозілі, не раскрываліся.

Фота - Facebook познаньскага заапарка
Фота - Facebook познаньскага заапарка

27 лютага супрацоўнікі познаньскага заапарка былі ўжо на польска-украінскай мяжы, чакаючы жывёл з поўнай машынай кармоў і лекаў, сабраных ахвярадаўцамі ці набытых за ахвяраваныя грошы.

28 лютага увечары стала вядома, што транспарт са звярамі акружылі расійскія танкі.

1 сакавіка абаронцы Кіева суправадзілі транспарт праз лінію фронту.

2 сакавіка познаньцы паведамілі, што жывёлы «едуць па Украіне, пазбягаючы зон інтэнсіўных бамбёжак і абстрэлаў».

Уначы звяры і іх суправаджальнікі правялі ў чарзе на мяжы, на марозе, 8 гадзін. Непасрэдна афармленне заняло зусім няшмат часу.

Фота - Facebook познаньскага заапарка
Фота - Facebook познаньскага заапарка

3 сакавіка звяры нарэшце трапілі ў Познань.

«Ехалі ў вялікім стрэсе, пад бамбардзіроўкамі і абстрэламі. Усе выжылі, гэта цуд! – кажа дырэктарка познаньскага заапарка Эва Зграбчыньска. – Шэсць львоў, шэсць тыграў, лікаон і два каракалы цудам перажылі транспарціроўку праз зону вайну і агонь».

Паведамляецца, што дарога заняла больш за двое содняў.

4 сакавіка намеснік мэра Познані выдаў афіцыйны дазвол на тое, каб уратаваныя жывёлы пакуль пажылі ў гарадскім заапарку. Стала вядома таксама, што з Адэсы у бок польскай мяжы выехалі два львы.

Фота - Facebook познаньскага заапарка
Фота - Facebook познаньскага заапарка

5 сакавіка

Адэскіх львоў не пускаюць у Польшчу праз тое, што на дакументах няма подпіса галоўнага ветэрынара Украіны.

Ветэрынар з памежнага пункта пропуску Карчоўка Веслаў Тамашэўскі ў афіцыйным мэйле паведаміў: «Усе ўкраінскія органы кіравання дзейнічаюць, там можна атрымаць дакументацыю, якой не хапае».

Тым часам будынак у Кіеве, дзе працаваў галоўны ветэрынарны лекар Украіны, быў ужо разбураны. На той момант у Польшчу пускалі без поўнага камплекта дакументаў сабак, катоў і хамячкоў, аднак спецыяльных распараджэнняў аб экзатычных жывёлах не было.

Да справы падключыліся журналісты. Веслава Тамашэўскага запыталі, як жа тады папярэдняя партыя львоў трапіла ў Польшчу. Той адказаў «Штурмам», аднак інфармацыя не пацвердзілася. Аказалася, што для жывёл яшчэ паспелі зрабіць усе патрэбныя дакументы.

Ільвы чакалі на мяжы шмат гадзін і маглі б памерці. Позна ўвечары нарэшце пачалося афармленне ветэрынарных дакументаў.

6 сакавіка львоў прывезлі ў Познань.

Фота - Facebook познаньскага заапарка
Фота - Facebook познаньскага заапарка

7 сакавіка заапарк паведаміў, што жывёлам знайшлі новы дом і заўтра яны пераязджаюць. Другая навіна – пра зварот да міністра сельскай гаспадаркі і галоўнага ветэрынара Польшчы. Іх просяць спрасціць працэдуру эвакуацыі звяроў, на якіх распаўсюджваецца дзеянне Вашынгтонскай канвенцыі.

Супрацоўнікі познаньскага заапарка паведамілі: «Ужо чакаюць нашай дапамогі рысі і дзікія каты, якія ўдзельнічаюць у міжнародным праекце аховы відаў, зноў з ваколіцаў Кіева. Мы гатовыя!»

Вашынгтонская канвенцыя аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, прынятая ў 1973 г. Каб перавезці праз мяжу звяроў, якія трапляюць пад дзеянне гэтай Канвенцыі, трэба больш дакументаў у параўнанні з відамі, якім знікненне не пагражае.

8 сакавіка ўратаваныя львы выехалі з познаньскага заапарка ў Іспанію і Бельгію. Супрацоўнікі заапарка напісалі на старонцы ў Facebook: «Сёння львы рушылі ў далёкую дарогу, але ўжо без гуку бомб і абстрэлаў… Да спакою, сытасці, вялікай прасторы. Нашы жывёлы-бежанцы з Украіны».

9 сакавіка ўдзень два ўкраінскія львы, Цар і Джаміль, былі ўжо ў Бельгіі. Позна ўвечары чатыры львы і лікаон даехалі да прытулку ў Іспаніі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость