Па словах Яраслава Пшыбыльскага, тыя, хто вёз тыграў з Італіі, збіраліся "разабраць іх на запчасткі" для выкарыстання ў кітайскай псеўдамедыцыне.
Беларусы зрабілі вялікую справу, але зусім не хваляцца гэтым
Гісторыя дзесяцярых тыграў, якіх везлі з Італіі ў Дагестан і затрымалі на беларуска-польскай мяжы, абляцела свет. Спачатку памежнікі не прапусцілі суправаджальнікаў, у якіх не было віз. Затым ветэрынарная служба выявіла, што ў іх няма дакументаў і на тыграў. Адзін з драпежнікаў памёр проста ў чарзе на мяжы, не перанёсшы умоў транспарціроўкі. Астатніх перадалі ў два польскія заапаркі, у тым ліку ў Познань.
Цяпер расіяніну і двум італьянцам, якія суправаджалі тыграў, пагражае да трох гадоў турмы. Ці прад'явіць пракуратура Любліна абвінавачанні польскім ветэрынарным службам, якія прапусцілі тыграў на беларускі бок мяжы, пакуль невядома.
"Мы дзівімся з таго, чаму беларускі бок не выкарыстаў усёй гэтай сітуацыі для свайго іміджу, — кажа Еўрарадыё Яраслаў Пшыбыльскі, які адным з першых прыехаў на мяжу на дапамогу тыграм. — Бо толькі дзякуючы пільнасці беларускіх памежных службаў гэтыя тыгры засталіся жывыя. А беларускі бок нібы вады ў рот набраў! Вы зрабілі вялікую справу, але зусім не хваліцеся гэтым!”
Шкура тыгра дорага каштуе, нават калі тыгр мёртвы
Па словах Пшыбыльскага, улічваючы ўмовы, у якіх ехалі тыгры — без ежы, без вады, — не мела значэння, у якім стане яны прыедуць. Жывымі яны не былі патрэбныя:
"Калі б беларускі бок прапусціў тыграў, то ў Дагестане б іх разабралі, як мы гэта называем, на запчасткі і выкарыстоўвалі б у кітайскай псеўдамедыцыне. Гэта ж сусветны рынак! Шкура нават мёртвага тыгра вельмі дорага каштуе. Не важна, праз пяць тысяч кіламетраў тыгр прыедзе жывым або мёртвым, — заўсёды можна зарабіць".
Яраслаў Пшыбыльскі расказаў, што менавіта беларускі памежны ветэрынарны ўрач, убачыўшы стан звяроў, пачаў адчайна шукаць месца, дзе б прынялі тыграў.
"Калі б беларускія памежныя службы іх прапусцілі, то да пункта свайго прызначэння тыгры б прыехалі мёртвымі", — упэўнены польскі ветэрынар.