Пішчалаўскі замак альбо Валадарка – месца з даволі сумнай гісторыяй. І хоць ён і завецца замкам, але паводле гістарычных крыніц, першапачаткова будынак і планаваўся як турма, якой дагэтуль і застаецца. Замак быў пабудаваны ў пачатку 19 стагоддзя на ускраіне тагачаснага Менска. Сваю сённяшнюю назву – Валадарка – ён атрымаў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі паводле назвы вуліцы, на якой размяшчаўся.
За амаль 200 год свайго існавання замак перажыў шмат гістарычных падзей: Першая і Другая сусветныя войны, рэвалюцыя і савецкія часы.
Закранулі гэтыя падзеі і культурных, і палітычных дзeячаў Беларусі, якія па волі лёсу сталі сведкамі падзей і правялі пэўны час у сценах Пішчалаўскага замка. Гэта і беларускі пісьменнік і паэт Якуб Колас, паэт і грамадскі дзеяч Карусь Каганец, пісьменнік і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, а таксама Максім Танк, Алесь Гарун, Юзаф Пілсудскі, рэвалюцыянер Іван Пуліхаў і шмат хто яшчэ.
Ужо некалькі разоў турму, якая знаходзіцца на месцы замка, планавалі перанесці на іншае месца і зрабіць тут штосьці іншае. І вось у 2024 годзе з’явіліся планы зрабіць тут гасцінічна-забаўляльны комплекс.
Але ці добрая гэта ідэя, і ці варта так ставіцца да будынка, які зʼяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю?
Каб адказаць на гэтыя пытанні, пагутарылі з эксперткай Менскай Урбаністычнай Платформы.
Турма ў цэнтры горада
Урбаністы адзначаюць, што Пішчалаўскі замак – не самы просты для перапраектавання аб’ект. З аднаго боку, ён знаходзіцца ў цэнтры горада, з другога, – з’яуляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, мае цяжкую гісторыю і выклікае неадназначныя эмоцыі ў гараджан і гараджанак.
Месца, якое існуе ў цэнтры горада, – гэта заўжды прываблівая для інвестыцый пляцоўка, і такое месца павінна быць дасяжным для гараджан.
«З гэтага боку, там не павінен быць нейкі рэжымны аб’ект, таму што гэта цэнтр. Там павінна быць штосьці, чым можна карыстацца, што дадае ў бюджэт нейкія грошы. А зараз гэта нейкая пляма ў цэнтры горада, якая папросту не існуе для гараджан і гараджанак», – адзначае экспертка.
Няглядзячы на тое, што гасцініца – гэта хуткае зараблянне грошай для горада, усё ж такі гэта можа быць не найлепшым стратэгічным рашэннем для гарадскога бізнесу.
Каб зразумець, што можа быць на гэтым месцы, трэба зрабіць горадабудаўнічы аналіз, паглядзець на вобраз горада і зразумець, чаго там не хапае, і што бы хацелі гараджане і гараджанкі. Таксама трэба ўлічваць, што гэта гістарычная каштоўнасць, будынак з цяжкім, але цікавым лесам, дзе правялі пэўны час шмат асобаў, звязаных з беларускай гісторыяй.
З іншага боку, калі гэты аб’ект застанецца ў горадзе, то трэба разумець, як з ім працаваць, як пераасэнсаваць і распавядаць гісторыю, якая там была. Калі пакінуць як есць і зрабіць з гэтага мемарыял, атрымаецца зноў монафункціянальны комплекс. Прыклады такіх комплексаў мы ўжо маем і адзін з самых відавочных – гэта Хатынь – мемарыял і мемаралізацыя пэўнага кавалка цяжкай гісторыі, дзе прысутнічае ахвяра і самаахвяра.
«Але гэта не тое месца, дзе ты будзеш праводзіць шмат часу, – тлумачыць экспертка. – Ты прыходзіш на гадзіну ці дзве, каб пачуць гэтыя эмоцыі. Але я лічу, што гэта не заўсёды самы лепшы падыход, асабліва ў горадзе».
Што можна з гэтым рабіць?
Чалавечая натура прагне таго, каб выключаць з свайго жыцця сумныя рэчы. Тэма турмы – даволі цяжкая і траўматычная тэма, таму часцей за ўсе людзі не хочуць бачыць у горадзе такія аб’екты, як турмы ці могілкі.
Але гэта не значыць, што трэба ўсё зносіць ці перабудоўваць. Можна паспрабаваць пераасэнсаваць, падрыхтаваць жыхароў да гэтага месца і яго гісторыі, прапануючы розныя фарматы ўзаемадзеяння.
«Нельга нават цяжкія драматычныя рэчы папросту знішчаць. Трэба ў пэўным сэнсе пераасэнсаваць іх, каб разумець, што рабіць, і не адбылося як з гэтымі помнікамі савецкім дзеячам. Папросту знесці недастаткова, можна змяніць іх ролю ў гарадской прасторы, каб яны не дамінавалі. І распавесці, што гэта такое было, каб памятаць, што гэта таксама частка гісторыі», – дадае экспертка.
Есць прыклады гарадоў ва ўсім свеце, дзе былыя турмы рэканструявалі ці пакінулі як ёсць, мяняючы функцыю будынка. Напрыклад, у Вільне паступова вяртаюць тэрыторыю былой турмы да гараджан і гараджанак. Пачынаюць ладзіць там нейкія мерапрыемствы, майстэрні, і гэтым даюць людзям зразумець, што гэта зараз іх прастора, але ў яе ёсць гісторыя, і мы не забываем пра гэта. Але адбываецца дэкрыміналізацыя, дэстыгматызацыя гэтай прасторы.
«Трэба даследаваць, чаго не хапае зараз Менску. Мне здаецца, што, каб адбываўся працэс дэстыгматызацыіі, каб прастора вярталася людзям, файна, калі гэта штосьці звязанае з мастацтвам. Бо яно ўдыхае новае жыцце ў прастору і дазваляе пераасэнсовываць усё, што там адбывалася».
Есць і іншыя прыклады. Турма Алькатрас, размешчаная на востраве ў заліве Сан-Францыска, зараз стала нацыянальнай зонай адпачынку, якая адчынена для ўсіх жадаючых яе наведаць.
Музей Барджэла ў Фларэнцыі, дзе зараз заходзіцца вялікая калекцыя італьянскіх скульптур – з 14 па 17 стагоддзі стварэння – сярод якіх Мікеланджэла, Данатэла, Бенвенута Чэліні, – таксама калісьці быў турмой. Музей, адчынены ў 2002 годзе ў Бэлізе, – былая турма. Яна зачынілася ў 1993 годзе, пасля чаго была рэканструявана і ператварылася ў музей.
Былая турма можа стаць не толькі музеем, але і месцам, дзе людзі могуць праводзіць пэўны час і нават ночыць. Так, даволі папулярны хостэл Hostel Celica у Славеніі размешчаны на месцы былой югаслаўскай ваеннай турмы. Зараз гэтае месца ператварылася ў комплекс, які ўключае мастацкую галерэю з культурнай праграмай. Тут праводзяць канцэрты, семінары, чытанні вершаў і філасофскія абмеркаванні.
Турма Sultanahmet Prison у Стамбуле ператварылася ў раскошны гатэль Four Seasons. Але часткі былой гісторыі засталіся ў выглядзе мармуровых калонаў у двары, захаванага роспісу ў вестыбюлі, і дазваляюць жыхарам і наведвальнікам будынка сутыкнуцца з яго мінулым.
Яшчэ адзін даволі незвычайны прыклад – турма Karosta Prison у Латвіі. Будынак, у якім яна размяшчалася, быў узведзены ў 1905 годзе, і да 1970-х гадоў заставаўся турмой.
Цяпер гэтае месца стала хостэлам, але ўнутры і звонку амаль нічога не змянілася: тыя ж сцены і цёмныя камеры. А яшчэ перамяшчэнне ў кайданках, папераджальныя стрэлы, допыты, вячэра – кавалак чэрствага хлеба. За ўсе гэтыя паслугі вы заплоціце каля 10 даляраў за ноч.
Экспертка падкрэслівае, што ёсць шмат прыкладаў, як уплятаць гісторыю ў жыццё.
«Можна захаваць будынак ці частку будынка, і ўдыхнуць у яго новае жыццё. Напрыклад, калі раней тут былі ахвяры, зараз гэты будынак вяртае вартасць і дадае штосьці файнае людзям, быццам ён аддае свой доўг».
Каб будынак былой турмы змог інтэгравацца ў новай сваёй ролі, павінна праводзіцца пэўная, часам даволі доўгая, праца з уключэннем у працэс інстытуцый, які працуюць з тэмай турмаў і вязняў, а таксама гістарычнай, архітэктурнай і нават мастацкай супольнасці. Трэба размаўляць з гараджанамі і гараджанкамі, з аднаго боку – прыслухоўваючыся да іх меркавання, а з другога – даводзячы, што гэта за месца, што тут адбывалася, і якая ў яго гісторыя.
«На мой погляд, няма добрага ці дрэннага рашэння, але ёсць добры ці дрэнны падыход, каб увасабляць гэты праект. Мне здаецца, што вельмі важна размаўляць пра тое, якім чынам будзе перабудоўвацца, перапраектоўвацца гэта прастора, а не толькі пра тое, што там будзе. Таму што мне падаецца, што ў выпадку Пішчалаўскага замка можа адбыцца знос будынка, і нейкі дэвэлапер пабудуе штосьці, што яму патрэбна, без абмеркавання з гараджанамі і гараджанкамі».