Публікуем ліст Міхаіла Бекіша цалкам:
«Я жыхар вёскі Палачаны, Бекіш Міхаіл Восіпавіч. У гэтай вёсцы я нарадзіўся, усё жыццё маё прайшло тут. Жыву па народнай прымаўцы: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.
Быў час торфараспрацовак. З пяцідзясятых вецер ганяў тарфяны пыл, набіваў яго за аконныя рамы, ён асядаў на вывешаную для прасушкі вопратку. Было цяжка, але людзі разумелі, што трэба паліва. Скончыўся торф, стала чыста. Аднак нядоўга радаваліся вяскоўцы. Пабудавалі асфальтавы завод. Гэта горш за торф. Працаваў я на чыгуначнай станцыі Палачаны, у зацішную ноч дыхаць было немагчыма, акісляльнікі бітуму — зусім не дыхальныя сумесі для людзей. Пры паўночным ветры суседства немагчымае.
«Смалярня», як завод клічуць у народзе, функцыянуе і цяпер. Яшчэ адзін сюрпрыз, відаць, чакае нас у хуткай будучыні. Дайшла да нас «свіная цывілізацыя»: побач з вёскай задумана будаўніцтва свінакомплексу на сто тысяч галоў. І, напэўна, незразумела змагарам за свінакомплекс, што ўвесь басейн ракі Бярэзіна будзе запаганены.
Комплекс збіраюцца будаваць на ўзвышшы. Унізе — Палачаны, куды ў ліўневыя дажджы ідзе вада, заліваючы цэнтр, а далей — Бярэзіна.
А Яхімоўшчына, унікальнае купалаўскае месца, наогул патоне ў гноі і яго водары, бо знаходзіцца ў яме. Як пахне свінакомплекс, мы ведаем добра. Побач, у вёсцы Хожава, ужо пабудаваны свінакомплекс па нямецкай тэхналогіі, праўда, меншы за наш. А возера, куды мы раней ездзілі на рыбалку, стала далёка не прывабным з-за спецыфічных водараў.
Свінакомплекс на 100 тысяч галоў ўжо будуецца каля вёскі Соўлава, за 12,5 кіламетра ад нас напрасткі, а ад меркаванага месца будоўлі — ад 800 метраў да 2,5 кіламетра да шасці вёсак. Атрымліваецца, што колькасць свіней на маленькі лапік зямлі перавысіць колькасць жыхароў нашага райцэнтра Маладзечна ў два разы.
Мала таго, што пад будаўніцтва адводзяцца ўрадлівыя землі, дык мы яшчэ апынемся пад пагрозай забароны трымаць свіней.
Барацьба супраць комплексу ідзе з мінулага года. 6 мая 2016 года Маладзечанскі выканкам правёў у нас вельмі цікавы, добра зрэжысіраваны спектакль-сход. Тры намеснікі старшыні Канановіч Л.Н.,. Актанаровіч Г.Р. і Каткавец М.П. прывезлі з сабой чыноўнікаў і чамусьці работнікаў СВК «Гарадзілава», які не мае ніякага дачынення да нашага сельсавета. Сход пачалі раней за прызначаны час.
«Госці» занялі практычна ўсе месцы ў зале, а мясцовыя жыхары засталіся ў калідоры і на вуліцы, дзе нічога не бачылі і не чулі. У зале мікрафона не было, наглядныя дапаможнікі былі вывешаны вельмі нізка.
Галасаванне не адбылося, але галачку, што сход прайшоў, мабыць, паставілі, бо на месцы будоўлі, па словах тых, хто жыве ў непасрэднай блізкасці, ужо ўбівалі нейкія калкі. Ініцыятыўная група з мясцовых жыхароў сабрала подпісы. 549 чалавек выказаліся супраць.
Якая будзе ў нас вада? Якое паветра будзе ў вёсцы? Шмат хто кажа, што ні мы, ні нашы подпісы нікому не патрэбныя, бо ўсё даўно вырашана ў вярхах. Дык дзе ж клопат пра людзей?»