16.02.2024 / 12:02

Мсціслаў старажытны горад, некалі цэнтр ваяводства, а цяпер пярліна ўсходняй Беларусі, найцікавейшы горад нашай краіны. Акрамя багацейшай гісторыі, архітэктурных і археалагічных помнікаў, тут ёсць ажно пяць гарадскіх крыніц з якаснай пітной вадой.

Мсціслаў. Фота - Планета Беларусь
Мсціслаў. Фота - Планета Беларусь

Найбольш вядомай крыніцай з’яўляецца Кагальны калодзеж, які лічыцца святым месцам. Ён знаходзіцца пад самай Замкавай гарой ля былога гарадзішча, зараз тут самы пачатак вуліцы Леніна.

У свой час менавіта Кагальны калодзеж быў адной з асноўных крыніц пітной вады ў горадзе. Крыніца напаўняла вадой шырокі і глыбокі абарончы роў вакол замчыша, ахоўваючы разам з Віхрой Мсціслаў ад раптоўнага нападзення ворага.

 

Гідралагічны помнік і сучасная сакралізацыя

Кагальны калодзеж атрымаў ахоўны статус яшчэ ў 2003 годзе і з’яўляецца гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Плошча ахоўнай зоны гідралагічнага помніка мясцовага значэння «Кагальны калодзеж» складае 0,1256 га (1 256 м2). Размешчана крыніца на беразе ручая Здаравец або Здаровец, як вымаўляюць мясцовыя жыхары.

Вада з крыніцы, па выніках аналізаў, адпавядае патрабаванням санітарных правіл і нормаў для пітной вады. Мінералізацыя вады – 1 145 г/л, што адносіць яе да катэгорыі слабамінералізаванай, лячэбна-сталовай.

Кагальны калодзеж да 2014 года. Крыніца – wikipedia.org
Кагальны калодзеж да 2014 года. Крыніца – wikipedia.org

У жніўні 2014 года пачаліся работы па добраўпарадкаванню калодзежа. На месцы крыніцы была ўзведзена праваслаўная капліца, названая ў гонар Тупічэўскага абраза Божай Маці.

Ужо ў снежні 2014 года крыніца была асвечана настаяцелем храма ў гонар Тупічэўскага абраза Божай Маці, пратаірэем айцом Цімафеем. Побач з калодзежам размешчана яшчэ адна драўляная пабудова (купеля), у якую падчас праваслаўных святаў акунаюцца вернікі.

Галоўнае праваслаўнае святкаванне на Кагальным калодзежы адбываецца 28 жніўня ў свята Успення Багародзіцы і ў дзень сашэсця Святога Духа. Пазней Кагальны калодзеж увайшоў у турыстычны праект «Край жыватворных крыніц» і стаўся яго важнай часткай.

Сучасны выгляд Кагальнага калодзежа. Крыніцы: wikipedia.org
Сучасны выгляд Кагальнага калодзежа. Крыніцы: wikipedia.org

Шыльда на драўлянай капліцы Кагальнага калодзежа з інфармацыяй пра праект «Край жыватворных крыніц». Крыніца: planetabelarus.by 
Шыльда на драўлянай капліцы Кагальнага калодзежа з інфармацыяй пра праект «Край жыватворных крыніц». Крыніца: planetabelarus.by 

Аднак ці быў Кагальны калодзеж сапраўды святым месцам у ранейшыя часы?

Назва крыніцы паходзіць ад габрэйскага слова «кагал» («абшчына»), а водны аб’ект быў адпаведна даступным для кожнага члена жыдоўскай абшчыны.

Даўней габрэйскія фурманы развозілі ваду ў драўляных бочках на канях, натуральна, за пэўную плату. Дарэчы, недалёка ад калодзежа праходзіць дарожка, па якой ў 1941 годзе немцы вялі жыдоў на расстрэл.

Да 1950-х гадоў Кагальны калодзеж быў галоўнай крыніцай пітной вады ў горадзе, бо вадаправода ў Мсціславе ў тыя часы не было. Больш за тое, з-за блізкага залягання цвёрдых парод зрабіць калодзеж было надзвычай цяжка, таму перадусім карысталіся вадой з крыніцы, якая была добрай пітной якасці.

Гэтую інфармацыю можна пачуць ад старэйшых жыхароў Мсціслава, якія падрабязна распавядуць пра ўсе прыведзеныя факты. Такім чынам, Кагальны калодзеж быў добрай крыніцай пітной вады і размяшчаўся на тэрыторыі Мсціслава, дзе жыла габрэйская абшчына ці «кагал», ад якой водны аб’ект і атрымаў сваю назву.

Святым месцам для жыхароў Мсціслава розных пакаленняў і ў розныя стагоддзі Кагальны калодзеж ніколі не быў. Праваслаўная царква зусім нядаўна сакралізавала яго ў вачах вернікаў, частка мсціслаўцаў дагэтуль скептычна ставіцца да гэтай з’явы і не ўспрымае крыніцу за культавы аб’ект.

Уваход на тэрыторыю сакральнага комплексу. Крыніца – https://galik-123.livejournal.com
Уваход на тэрыторыю сакральнага комплексу. Крыніца – https://galik-123.livejournal.com

Такая з’ява на сённяшні дзень досыць распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі і называецца сучаснай сакралізацыяй крыніц. Разам з сакралізацыяй воднага аб’екта прыўносяцца новыя сэнсы і падыходы да крыніц, што часта нівеліруюць папярэднія народныя ўяўленні пра водныя аб’екты.

 

Заняпад крыніцы Здаровец у аднайменным раёне горада

Часта пішуць, што Кагальны калодзеж мае яшчэ другую гістарычную назву – Здаравец або Здаровец. Сапраўды, крынічная вада злучаецца з ручаём пад такім найменнем. Але акрамя Кагальнага калодзежа ручай жывяць яшчэ тры крыніцы, кожная з якіх можа называцца Здаровец, толькі пад пэўным парадкавым нумарам.

Вядома, што назва ручая (і, адпаведна, крыніцы) паходзіць ад слова «здаровы», а гэта значыць, што вада з водных аб’ектаў была якаснай і пітной, што і было зафіксавана ў найменні тутэйшымі жыхарамі.

Ранейшы выгляд крыніцы Здаровец з драўляным зрубам і навесам, што пахіліўся ўбок. З кнігі «Сакральныя крыніцы Беларусі».
Ранейшы выгляд крыніцы Здаровец з драўляным зрубам і навесам, што пахіліўся ўбок. З кнігі «Сакральныя крыніцы Беларусі».

Між тым, крыніца Здаровец усё ж у Мсціславе ёсць, і яна знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай, у сарака метрах ад дарогі, пад гарой, падалей ад людскіх вачэй. На сённяшні момант яна не мае асаблівага нагляду з боку мясцовых уладаў і жыхароў гэтага раёна Мсціслава.

Некалі гэта крыніца была ўпарадкаваная і прыбраная, для воднага локусу быў зроблены драўляны зруб і вялікі драўляны навес. Аднак цяпер з кожным годам крыніца усё больш занядбаная.

Спачатку згніў вялікі драўляны навес над крыніцай разам з драўляным зрубам. Пасля крыніцу кааптавалі і паставілі бетоннае кола. 

Мясцовыя жыхары зрабілі самаробны невялікі драўляны навес, які закрываў бетоннае кола. Летась з крыніцы знікла і яно. Больш за тое, тэрыторыя вакол крыніцы рэдка прыбіраецца, таму водны аб’ект выглядае слаба дагледжаным.    

Драўляны навес на кааптаванай крыніцы. Фота аўтара, 2019 г.
Драўляны навес на кааптаванай крыніцы. Фота аўтара, 2019 г.

Пагаршэнне сітуацыі з водным аб’ектам адбываецца на фоне заняпаду ўсяго прыватнага раёна Мсціслава пад народнай назвай Здаровец, да якога адносяцца некалькі вуліц: Кастрычніцкая, Астроўскага, Заслонава, а таксама часткова Лермантава і Рэспубліканская.

У гэтым раёне Мсціслава нямала дамоў стаяць закінутымі, а грунтовыя дарогі вуліц моцна разбіты легкавым і грузавым транспартам. Скарачаецца і мясцовае насельніцтва гэтага раёна, а на яго месца прыходзяць расіяне і дачнікі з іншых раёнаў.

 Цяперашні выгляд крыніцы без навеса і напалову занядбанага месца, дзе яна знаходзіцца. Фота аўтара.
Цяперашні выгляд крыніцы без навеса і напалову занядбанага месца, дзе яна знаходзіцца. Фота аўтара.

Абедзьве крыніцы (Кагальны калодзеж і Здаровец) старога Мсціслава, як ужо адзначался вышэй, спалучаны паміж сабой ручаём Здаровец і ўтвараюць невялічкі водны маршрут па горадзе. Акрамя іх, з ручаём злучаныя яшчэ тры гарадскія крыніцы. Такім чынам, гідралагічная структура Мсціслава досыць адметная і можа быць цікавай як турыстам, так і даследчыкам-эколагам, і нават краязнаўцам з гісторыкамі. Але для гэтага трэба гаспадарская рука і павага да мінулага і сучаснасці горада.

 Цяперашні выгляд крыніцы без навеса і напалову занядбанага месца, дзе яна знаходзіцца. Фота аўтара.
Цяперашні выгляд крыніцы без навеса і напалову занядбанага месца, дзе яна знаходзіцца. Фота аўтара.

 

 

Як праверыць якасць вады ў крыніцы?

Парады ад нашых партнёраў з Зялёнага тэлефона.

1. Звярнуцца ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі на выбар:

- раённы,

- абласны,

- рэспубліканскі.

2. Азнаёміцца з прэйскурантамі на платныя санітарна-эпідэміялагічныя паслугі.

3. Даставіць ваду ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

4. Атрымаць пратакол даследавання.

 

Што рабіць, калі вы выявілі звалку ў водаахоўнай зоне?

Калі вы выявілі звалку ў водаахоўнай зоне, неабходна распачаць наступныя дзеянні:

1. Звярнуцца ў мясцовы сельсавет з пісьмовым зваротам, у якім трэба апісаць праблему, прыкласці фатаграфіі звалкі ў водаахоўнай зоне з указаннем каардынат або якіх-небудзь іншых арыенціраў.

2. Прасіць:

  • прыбраць усё смецце з водаахоўнай зоны;
  • устанавіць папераджальныя шыльды з інфармацыяй, што забруджванне водаахоўнай зоны і выкід адходаў з’яўляецца адміністрацыйным парушэннем (ч.1 арт. 16.34 КоАП РБ) і цягне накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 б. в., а на юрыдычную асобу – да 500 б.в.;
  • усталяваць кантэйнеры для збору смецця, пажадана для паасобнага збору адходаў;
  • даць пісьмовы адказ на ваш зварот ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Калі па вашым звароце не прынята ніякіх мер па ачыстцы тэрыторыі, тады неабходна звяртацца ў:

1. вышэйстаячы орган (раённы выканкам) са скаргай;

2. А таксама ў:

  • мясцовыя органы дзяржаўнага санітарнага нагляду (санстанцыя),
  • міжраённую Дзяржінспекцыю,
  • тэрытарыяльныя органы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость