Для ўсіх, хто ведаў Анатоля, навіна пра яго смерць стала нечаканай і вельмі самотнай. Але асабліва ўразіла апошняя воля грамадскага дзеяча: ён загадаў развеяць свой прах на месцы, якое мусіць быць абавязкова захаваным і сапраўды мае вялікае значэнне для людзей.
«Гэта быў непрадказальны і неверагодны чалавек, — апісвае сябра і калегу з грамадскага аб'яднання «Экадом» у сваёй развітальнай прамове Ірына Сухій. — Пра некаторыя яго захапленні, а менавіта, што ён здымаўся ў кіно, мы, на жаль, даведаліся ўжо пасля яго смерці. Але ў гэтым увесь Анатоль... Усё сваё жыццё ён быў актыўным, дасціпным і апантанным чалавекам».
Месца для незвычайнай цырымоніі Анатоль даверыў выбраць сваім калегам. І вока эколагаў зусім невыпадкова пала на зялёны куточак — частку Сляпянскай воднай сістэмы па вуліцы Філімонава ў Мінску, што ўжо сёння заціснута паміж элітнымі новабудовамі. На думку Ігара Корзуна, каардынатара кампаніі «Гарадскі Ляснічы», гэта вельмі прывабнае месца для забудовы.
«Ніхто раней не мог сабе ўявіць, што водна-зялёны дыяметр калісьці будзе забудоўвацца. Аднак чаго толькі каштаваў нам гатэль «Пекін», былы «Кемпінскі» ці тая ж развязка вуліцы Філімонава і праспекту Незалежнасці. Таму не хацелася б, каб у гэтым месцы таксама штосьці ўзвялі і ў чарговы раз перакрылі паветраныя калідоры горада», — зазначыла Ірына.
Эколагі і актывісты спадзяюцца, што цяпер гэта частка Сляпянскай воднай сістэмы будзе пад пільнай абаронай Анатоля Швяцова, душа якога будзе лунаць над гэтым месцам.