16.03.2023 / 16:03

Журналістка Зялёнага парталу падзялілася асабістым досведам.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Служба адлову ў гэтай краіне працуе сапраўды добра. Але не варта палохацца: тут сабак і катоў не чакае «усыпалка». Бо ў Польшчы хатнія жывёліны – адныя з самых абароненых у Еўропе. Затое патрабаванні да ўладальнікаў гадаванцаў даволі строгія.

Журналістка Зялёнага парталу паспрабавала гэтай зімой узяць сабаку з прытулку. Аказалася, што ў Польшчы гэта зусім няпроста. Для пачатку трэба было дамовіцца аб сустрэчы з валанцёрам. Тут у кожнага бяздомнага сабакі ёсць свае людзі, якія адказваюць за адопцыю (усынаўленне) жывёлы.

Задача валанцёра – вадзіць гадаванцаў на шпацыр, сацыялізаваць, даглядаць, сябраваць з імі. А таксама ўсяляк дапамагаць знайсці новых гаспадароў. Напрыклад, валанцёры робяць фатаграфіі для сайта, на якім можна выбраць сабе будучага гадаванца.

Калі вам спадабалася сабака ці котка, то вы тэлефануеце па нумары, які звычайна прымацаваны да фота і з вамі звязваецца апякун жывёлы.

Далей ідзе знаёмства. Валанцёр запрашае на шпацыр, глядзіць як сабака рэагуе на вашу прысутнасць і на тое, як вы абыходзіцеся з ёй. Але нават калі паміж вамі адбыўся mаtch, то гэта яшчэ не гарантыя, што жывёла будзе вашая.

У нашым выпадку гэта была маладая дварняга – Ёка. Сабаку падабралі на вуліцы пасля таго, як яе збіла машына. Нягледзячы на паспяховую аперацыю, Ёцы патрабавалася даволі нятанная рэабілітацыя.

Валанцёр можа распытваць пра тое, ці быў у вас вопыт дагляду за хатнімі жывёлінамі, ці ёсць дзеці ў сямʼі, наколькі загружаны ваш працоўны дзень... у выпадку з Ёкай патрабаваліся кароткія, але частыя прагулкі. Таму ідэальны варыянт для яе, каб хто-небудзь з гаспадароў меў свабодны графік або працаваў дома.

Важны момант – месца, дзе будзе жыць гадаванец. Калі ў вас здымная кватэра, то спатрэбіцца пісьмовы дазвол ад арэндадаўца.

Прадстаўнікі прытулку таксама могуць праверыць, ці падыходзіць вашак жыллё для пражывання з жывёлінай. Напрыклад, калі вы хочаце ўзяць котку, то на вокнах абавязкова павінны быць ахоўныя сеткі.

Наступны этап – запаўненне анкеты, якую будзе разглядаць прытулак. У выпадку адабрэння вы падпісваеце ўмову адопцыі (усынаўлення), і толькі тады можаце забраць вашага новага падапечнага.

Усе гэтыя меры прыдуманыя для таго, каб жывёла знаходзілася ў бяспецы і з гарантыяй, што яна не апынецца зноў на вуліцы.

 

Што кажа закон?

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Многія з тых, хто пераехаў з Беларусі ў Польшчу, звяртаюць увагу, што тут на вуліцах амаль няма бяздомных жывёлін.

Паводле польскіх законаў, кожны, хто бярэ пад сваю апеку хатняга гадаванца, абавязаны падпісаць дамову адопцыі (усынаўлення). У гэтым дакуменце прапісаныя пэўныя правілы. Будучы ўладальнік павінен быць паўналетнім і мець дакумент, які пацвярджае асобу. У выпадку з замежнікамі спатрэбіцца пацвярджэнне легальнага знаходжання ў Польшчы.

Апякун павінен забяспечваць свайго гадаванца ежай, лячэннем ды бяспечным жыллём. Таксама жывёлін забаронена аддаваць ці прадаваць іншым асобам.

За парушэнні гэтых правілаў пагражае адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.

 

Польскія прытулкі

Мы ўсё ж такі не адважыліся ўзяць Ёку з-за дарагога лячэння. Таму яе апякун прапанавала зʼездзіць у прытулак для сабак і катоў пад Варшавай, каб пазнаёміцца з іншымі гадаванцамі.

Уразіла вялікая колькасць валанцёраў, якія выгульвалі сабак. Як ужо гаварылася вышэй, акрамя работнікаў прытулку, ёсць людзі звонку, якія апекуюць жывёлін. Звычайна яны разбітыя на некалькі груп. На кожным вальеры напісана, за якой групай валанцёраў прывязана жывёла.

Катоў і сабак тут усыпляюць толькі ў выключных выпадках: калі яны нясуць пагрозу для людзей або невылечна хворыя. Таму, патрапіўшы ў прытулак, жывёлы знаходзяцца тут, пакуль ім не знойдуць новы дом. Ці ж застаюцца да канца жыцця пад апекай валанцёраў.

Таксама адлоўленых жывёлін кастрыруюць і вакцынуюць.

У некаторых гарадах Польшчы будуюць домікі для вулічных катоў. За імі таксама замацаваныя валанцёры, якія абавязаны прыглядаць за падапечнымі ды забяспечваць іх ежай.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

 

Яшчэ некалькі правілаў…

У Польшчы існуе яшчэ шэраг законаў, якія забяспечваюць гуманнае стаўленне да хатніх жывёлін. Напрыклад, вы не зможаце набыць будучага гадаванца на рынку або кірмашы. Прадаваць сабак і катоў дазволена толькі легальным арганізацыям.

Ёсць абмежаванні датычна развядзення хатніх жывёлін у камерцыйных мэтах. Гэта дазволена спецыяльным арганізацыям, якія зарэгістраваныя ў адпаведным дзяржаўным рэестры.

Валанцёрка з прытулку патлумачыла нам, што так урад змагаецца з нядобрасумленнымі заводчыкамі. Напрыклад, некаторыя з-за матэрыяльнай выгады скрыжоўваюць блізкіх сваякоў, якія маюць да таго ж генетычныя захворванні. Праз гэта гэтага нашчадкі часта пакутуюць на розныя небяспечныя хваробы, напрыклад, эпілепсію.

Забаронена таксама знаходжанне сабак на самавыгуле. Калі гэта, вядома, не вашая прыватная абгароджаная тэрыторыя. Таксама ўладальнікі не маюць права ўсыпляць жывёлу без заключэння ветэрынара.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што гуманная палітыка ўладаў у дачыненні да хатніх жывёлін знізіла колькасць бяздомных сабак і катоў на вуліцах. Пры гэтым праблему вырашылі гуманным спосабам, не прыбягаючы да ўсыплення ды адстрэлу. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні гэты досвед можна будзе прымяніць і ў Беларусі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость