Медиа об экологии, экодружественном образе жизни и правах человека на здоровую окружающую среду. Мы верим, что с этим правом люди рождаются, но на протяжении всей жизни нам приходится защищать его. Мы заботимся о том, чтобы дышать чистым воздухом, есть безопасные продукты, вести экодружественный образ жизни, протягивать руку помощи животным и растениям и, в конце концов, оставить безопасную и чистую планету своим потомкам".
Зелёная Сеть — товарищество экологических организаций и экоактивистов Беларуси. В ЗС входят эксперты, волонтеры и инициативные группы, а также активисты, объединенные общей целью — сделать Беларусь зеленой, демократической и процветающей страной.
Лукашэнка хоча пабудаваць другую АЭС на патрэбы Расіі і акупаваных украінскіх тэрыторый. Але яго чакае сюрпрыз
Энергію другой АЭС Лукашэнка хоча прадаваць у Бранскую вобласць і «новыя рэгіёны РФ» — акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. Яўген Макарчук, спецыяліст аддзела энергетычнай бяспекі міжнароднай ініцыятывы iSANS, пракаментаваў «Нашай Ніве» новую ідэю Лукашэнкі, а таксама патлумачыў, чаму першая АЭС у Астраўцы ўсё яшчэ не зрушыла сітуацыю з залежнасцю ад расійскіх энергарэсурсаў.
Фота - Наша Ніва
«У Расіі няма недахопу электраэнергіі. Там ёсць атамныя станцыі, іх дастаткова»
На думку Яўгена Макарчука, надзеі ўладаў — марныя.
Расіі і акупаваным ёй украінскім тэрыторыям энергія ад другой атамнай станцыі не спатрэбіцца, бо ёсць свае крыніцы, якіх цалкам дастаткова.
«Другая прычына — вялікая адлегласць. Калі Беларусь не можа прадаць электраэнергію ў Смаленскую вобласць, то як перадасць яе ў Растоўскую, напрыклад, ці на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі?
Калі глянуць на мапу, то мы ўбачым, што Расія фактычна акупавала Запарожскую АЭС, якая зараз не працуе. Але зноў жа, што перашкаджае яе запусціць?
Запарожская АЭС, здаецца, разы ў тры магутнейшая за беларускую. Калі ўявіць, што будзе падпісанае мірнае пагадненне, то чаму б яе тады не выкарыстоўваць?» — кажа ён.
Прыдумляюць, куды дзець электраэнергію ад першай АЭС, на якую няма спажыўцоў
З пункту гледжання энергетыкі Беларусі яшчэ адна атамная станцыя не патрэбная.
«У краіне праходзіць кампанія па павелічэнні спажывання электраэнергіі сярод насельніцтва на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Для гэтага ўведзены вельмі нізкія, субсідаваныя тарыфы, — тлумачыць Яўген Макарчук. — Гэта робіцца для таго, каб інтэграваць першую АЭС у энергасістэму Беларусі. Фактычна для яе штучна ствараюць попыт на электраэнергію. Такім чынам прыдумляюць, куды дзець электраэнергію, на якую няма спажыўцоў. Калі іх няма ў першай АЭС, то навошта другая?»
Падобна, што запыт на пабудову атамнай станцыі сыходзіць выключна ад Адміністрацыі Лукашэнкі ці самога палітыка. Выглядае, што беларускія энергетыкі не ў захапленні ад гэтай ідэі. З боку Расіі пабудову новай АЭС падтрымлівае «Расатам» — кампанія, якая будавала ў Беларусі першую «атамку» ў Астраўцы.
«На гэтым будаўніцтве яны заробяць грошы, а потым на пастаўках паліва, — кажа Яўген. — Для іх не важна, што будаваць і дзе будаваць.
Супрацьстаіць гэтай ідэі Міністэрства энергетыкі, якое разумее, якія праблемы будуць у беларускай энергасістэме пасля будаўніцтва другой АЭС. Яны кажуць, што спачатку трэба паглядзець, хто будзе выкарыстоўваць гэту энергію.
Вось Лукашэнка і знайшоў іх — тэрыторыі, акупаваныя Расіяй. Але ж у Расіі няма недахопу электраэнергіі. Там ужо ёсць атамныя станцыі, іх дастаткова».
«Еўропа можа перадаваць электраэнергію па ўсяму кантыненту»
Беларуская энергасістэма мае тэхнічныя магчымасці прытоку энергіі толькі з Расіі. Украіна адлучылася ад яе на пачатку поўнамаштабнага ўварвання, Літва гэта зрабіла ў лютым 2025-га.
Ці магла б яшчэ адна АЭС выцесніць расійскі газ і чаму першая «атамка» яшчэ не зрушыла сітуацыю з залежнасцю ад расійскіх энергарэсурсаў?
«Першая АЭС прывяла да скарачэння спажывання прыроднага газа з Расіі. Гэта нельга адмаўляць. Але скараціць спажыванне газу яшчэ больш за кошт другой АЭС наўрад ці атрымаецца. Калі ёсць электрастанцыі на газе, якія могуць быць замешчаны на атамную энергію, то будаўніцтва другой атамнай станцыі дазволіла б замясціць газ. Але такіх станцый няма.
Атамная энергія не можа замяніць электраэнергію з ЦЭЦ (цеплаэлектрацэнтралей, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энергію адначасова), бо тады спажыўцы цеплавой энергіі застануцца без ацяплення. А газавыя электрастанцыі зараз і так працуюць на мінімальных магутнасцях, у гэтым праблема», — тлумачыць ён.
У ЕС каля чвэрці энергіі выпрацоўваецца з дапамогай АЭС, больш за палову гэтай долі — у Францыі. Усяго ў 13 з 27 краін-членаў Еўрасаюзу працуюць 103 рэактары.
«У Францыі ёсць побач шмат краін, якім яна можа аддаваць энергію, напрыклад, у Германію, дзе няма АЭС, тут шырокі рынак. Асабліва ноччу, калі значна падае спажыванне электраэнергіі, можна прадаваць па нізкім кошце. Увогуле Еўропа можа перадаваць электраэнергію па ўсяму кантыненту.
Польшча збіраецца пабудаваць чатыры блокі, але ў іх энергасістэма значна большая за беларускую. То бок тут пытанне ў тым, што ёсць нейкі пэўны памер магутнасці АЭС, які можна ўсталяваць у энергасістэму, каб пры гэтым замясціць іншае паліва і каб сістэма засталася нармальна працаваць.
Беларуская АЭС ужо перавысіла гэты памер. Асаблівасць атамнай у тым, што яна не змяняе магутнасць. Калі ў нас спажыванне зніжаецца, электрастанцыя павінна скарачаць сваю вытворчасць, а АЭС гэтага рабіць не можа.
Ёсць яшчэ, канешне, такі момант, што яны гавораць пра будаўніцтва атамнай станцыі, але ніхто не кажа пра запуск новага блока раней за 2035 год (з улікам, што яна 10 гадоў будуецца). Дапусцім, да гэтага часу ўзрасце электраспажыванне на столькі, што гэты блок будзе добра ўпісаны. Але даць гарантыю, што настолькі вырасце спажыванне электраэнергіі, ніхто не можа. Праблема інтэграцыі першай АЭС з’явілася таму, што прагноз электраспажывання на 2020 год быў 47 мільярдаў кілават гадзін, а па факце аказалася 40», — падсумоўвае ён.