17.02.2015 / 12:02

На хвалі цікавасці да  самай чаканай эратычнай кінадрамы года, мы зазірнулі, так бы мовіць, па другі бок сэксу.

З Захаду да нас  прыйшло новае паняцце – экасэкс, ці экалагічна чыстая інтымная блізкасць. Аказваецца, у сучасных людзей нават такі натуральны працэс, як сэкс, можа быць неэкалагічным. Але знайсці інфармацыю, як жа экалагічна займацца каханнем, даволі праблематычна.

Экасэкс паводле Грынпісу

На запыт “экасэкс” гугл выдае шмат рознай прыкольнай інфармацыі. У тым ліку можна высці на гайд Грынпісу – 10 парадаў, як займацца сэксам, прыязным да наваколля.

 - Ты можаш быць бомбай у ложку і пры гэтым не знішчаць планету, – кажа ва ўступе да парадаў Грынпіс.

Выключыць падчас блізкасці святло, каб унесці сваю долю ў спыненне кліматычных зменаў – гэта па сілах кожнай пары. Клубніцы для рамантыкі не павінны быць генна-мадыфікаванымі, працягвае Грынпіс.

Сэкс на ўласным газоне – ок, але трава мусіць быць без пестыцыдаў і іншай хіміі. Пажаданы матэрыял для сэксуальных цацак - корак ці каўчук, а не страшна шкодны полівінілхларыд. Добра было б разам прымаць душ для эканоміі вады.

Выглядае троху смешна, форумы і сацыяльныя сеткі зрэагавалі на гайд жартамі пра драўляныя сэксцацкі і афрадызіякі з жэньшэню. Хаця, нейкае рацыянальнае зерне ў гэтых парадах знайсці можна.

Экасэкс як натуральны сродак планавання

Настасся Сідарава, адзіная ў Беларусі кансультантка Міжнароднага цэнтра рэпрадуктыўнага здароўя (Пецярбург, Расія), чытае лекцыі беларускім парам, якія зацікавіліся экалагічна чыстай інтымнай блізкасцю.  Паводле Настассі, парады Грынпісу не закранаюць сутнасці экалагічнага сэксу:

- Гэта такая блізкасць, пры якой ніводзін з сучасных метадаў кантрацэпцыі не ўжываецца – ні гарманальны, ні бар’ерны, ні перарваны полавы акт, ніякі іншы . Усё толькі фізіялагічна, як гэта было задумана Богам ці Прыродай.

- Дык а як з планаваннем дзяцей? Колькі Бог дасць, як кажуць?

- Ёсць паняцце плоднасці – мужчынскай і жаночай, - тлумачыць Настасся. - Мужчына плодны практычна ўсё жыццё, 24 гадзіны ў суткі, ад пачатку свайго пубертатнага перыяду і амаль да старасці. Плоднасць жанчыны абмежаваная перыядам ад першай менструацыі да 45-50 гадоў, калі пачынаецца менапауза. Больш за тое, жанчына па ўласцівасцях свайго арганізму здольная зацяжарыць толькі на працягу адных сутак – столькі жыве спелая айцаклетка. Але што мы можам без мужчыны? Таму існуе такое паняцце, як сумесная плоднасць, якая ў менструальным цыкле складае 8-10 дзён, бо сперматазоід здольны жыць да 7 дзён у самых спрыяльных умовах шыйкі маткі. Я аперую медыцынскімі тэрмінамі для таго, каб паказаць, што па сваіх фізіялагічных уласцівасцях зачаць дзіця пара можа толькі цягам 10 дзён з усяго цыклу, увесь астатні час – няплодны. І ўвесь сэнс экалагічна чыстай інтымнай блізкасці як спосабу кантролю зачаццем зводзіцца да таго, каб пара прыстасавалася да гэтай прыроднай цыклічнасці. Калі яна пэўны час не плануе мець дзіця, то мае блізкасць у няплодныя дні, а калі плануе, то ведае самыя спрыяльныя для гэтага дні. 

У жаночым арганізме ёсць гармоназалежныя прыкметы, за якімі жанчына вучыцца назіраць. Залежна ад таго, за якімі прыкметамі ідзе назіранне, вылучаюць некалькі метадаў распазнавання плоднасці. Настасся вучыць сужэнскія пары канкрэтна сімпта-тэрмальнаму метаду распазнавання плоднасці, калі жанчына назірае адначасова за некалькімі прыкметамі праяўлення сваёй плоднасці.

Пры абсалютна правільным выкарыстанні метаду яго дакладнасць складае 99,6%, што параўнальна з сучаснай гарманальнай кантрацэпцыяй. Прэзерватыў, для прыкладу, менш надзейны – 98%.

Многія жанчыны лічаць, што гэтым метадам складана карыстацца, і што ён займае шмат часу, - кажа Настасся. - Такое ўяўленне адштурхоўвае сужэнскія пары. Аднак насамрэч, са свайго досведу адзначу, што вымярэнне тэмпературы займае 3 хвіліны на дзень, плюс хвіліна-дзве занатаваць на картку вынік і адчуванні – усё разам займае не больш за 5 хвілін на дзень. Ці гэта шмат для ўласнага здароўя?

Экасэкс vs кантрацэпцыя

Паслядоўнікі метадаў распазнавання плоднасці (фертыльнасці) падкрэсліваюць, што такія метады не з’яўляюцца кантрацэпцыяй, бо не падаўляюць плоднасці ніводнага з партнёраў. Адпаведна такі стыль інтымнага жыцця пары не мае ніякіх пабочных эфектаў, у адрозненне ад сродкаў кантрацэпцыі. Гэты факт падкрэслівае Сусветная арганізацыя аховы здароўя. 

На жаль, сёння чалавек імкнецца ўсё кантраляваць, у тым ліку і ўласную плоднасць. Таму любая блізкасць пачынаецца з выкарыстання кантрацэпцыі. А любы кантрацэптыўны сродак у большай ці меншай ступені парушае натуральнае фізіялагічнае працяканне інтымнай блізкасці. Такія парушэнні шкодзяць здароўю, што неэкалагічна.

Па словах Настассі, часты вынік пасля доўгага карыстання гарманальнымі сродкамі - бясплоднасць.

Далёка не кожная пара ўсведамляе наступствы кантрацэпцыі. Пра гэта не пішуць у рэкламе і пра гэта рэдка кажуць гінеколагі. Часта менавіта жанчына нясе на сабе цяжар таго, што пара мае сэкс у любы час, калі захоча. Здараецца, пасля ўжывання гармонаў жанчына пачынае разумець, што са здароўем штосьці не так. Тады яна вырашае не прымаць “хімію”.

У сэнсе кантрацэпцыі беларусаў можна назваць кансерватыўнымі. Паводле апытання, праведзенага тры гады назам парталам tut.by, сярод беларусаў самымі папулярнымі метадамі кантрацэпцыі з’яўляюцца прэзерватыў і перарваны полавы акт (ППА).

З выкарыстаннем апошняга метаду жанчына атрымлівае вялікі стрэс – паспеў ці не паспеў, прыйдуць крытычныя дні ці не. І ягоная надзейнасць вельмі невялікая пры тыповым карыстанні - 40-45%, - кажа Насця.

Рэпутацыю метадаў распазнавання плоднасці моцна папсаваў гэтак званы каляндарны метад, лічыць Настасся. Вылічэнне “плодных” і “няплодных” дзён як спосаб кантрацэпцыі часта згадваецца на шматлікіх жаночых і нават медыцынскіх сайтах і ацэньваецца як вельмі ненадзейны. Гэты метад яшчэ выкарыстоўвалі нашыя мамы і бабулі. Лічылася, 5 дзён да менструацыі і 5 дзён пасля з’яўляюцца бяспечнымі для зачацця. Аднак часта з ім асацыююць усе астатнія метады распазнавання плоднасці, абагульняючы словам “фізіялагічная кантрацэпцыя”.

Для сямейнага карыстання only?

 - Не кожная сямейная пара гатовая выкарыстоўваць гэты метад. Муж і жонка мусяць умець дамаўляцца, асабліва цяжка даецца пачатак пераходу да экалагічна чыстага інтымнага жыцця. Мужчына не адразу гатовы пагаджацца з фразамі жонкі “сёння, заўтра і нават паслязаўтра мы не можам”. У нейкім сэнсе гэта можа стаць праверкай сямейных стасункаў і каштоўнасцей. Пакуль за навучаннем прынцыпам экасэксу прыходзілі толькі сямейныя пары.

Настасся кажа, што гатовая навучыць назіраць за сваім арганізмам і адну жанчыну. Але яна абавязкова папярэджвае яе пра наступствы. Экалагічна чыстая інтымная блізкасць - гэта нічым неабароненая блізкасць. Калі жанчына будзе мяняць партнёраў, выкарыстоўваючы гэты метад толькі каб не зацяжарыць, то наўрад ці гэта прывядзе да здароўя.

Экасэкс: падказкі па ўжыванні

У свеце існуюць арганізацыі па прасоўванні экалагічна чыстай інтымнай блізкасці, ці іначай метадаў натуральнага планавання. Цэнтрамі развіцця гэтага руху з’яўляюцца ЗША, Германія і Англія. Тут больш за 50 гадоў праводзяцца даследаванні ў кірунку метадаў распазнавання плоднасці і падрыхтоўкі кансультантаў па навучанні.

Карысныя спасылкі

http://elenavolzhenina.com – сайт кансультанткі пецярбургскага Цэнтра рэпрадуктыўнага здароўя “Шчасце быць разам” Алены Валжэнінай. На сайце змешчаныя вельмі падрабязныя і зразумелыя відэаурокі па карыстанні сімпта-тэрмальным метадам распазнавання плоднасці. Там жа можна знайсці відэакурс “Аднаўленне плоднасці пасля адмены гарманальных кантрацэптываў”. Ёсць магчымасць скайп-кансультацый.

У Беларусі на сённяшні дзень знайсці кансультантаў па метадах распазнавання плоднасці можна пры парафіях Беларускай праваслаўнай Царквы і каталіцкага Касцёла.

Настасся Сідарава, якая прадстаўляе пецярбургскі Цэнтр рэпрадуктыўнага здароўя, кансультуе ў Менску.

На расейскім сайце eps-metod.ru можна запісацца на платныя вэбінары па авалодванні метадамі распазнавання плоднасці.

Npr.pl – сайт на польскай мове з падрабязнай інфармацыяй пра метады распазнавання плоднасці.Там жа можна замовіць кнігу, па якой можна самастойна авалодаць метадам.

 

Автор:
Фотограф:
harum.ru, bolod.mn, velvet.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость