Перейти к основному содержанию
17.04.2015 / 17:04
Як Беларусь спраўляецца з міжнароднымі абавязкамі па Манрэальскім пратаколе, распавялі на акцыі па перадачы абсталявання Рэсурснаму цэнтру па перападрыхтоўцы кадраў пры адным з каледжаў у Мінску.

Спажыванне мусіць зрабіцца нулявым у 2020 годзе

Абсталяванне на 7000 даляраў перадалі Рэсурснаму цэнтру па падрыхтоўцы (перападрыхтоўцы) кадраў пры ўстанове адукацыі «Мінскі дзяржаўнаму механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж».

Гэта адбылося 16 красавіка ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН і ГЭФ «Спрыянне ў рэалізацыі паскоранага вываду са звароту ГХФВ (гідрахлорфторвугляродаў) у краінах з пераходнай эканомікай (Беларусь, Таджыкістан, Узбекістан, Украіна)».

Гэты праект — ужо другі ў Беларусі, звязаны з выкананнем абавязкаў па Манрэальскім пратаколе. Згодна з пратаколам і папраўкамі да яго, да якіх далучылася краіна, да 2020 года Беларусь мусіць выйсці на нулявое спажыванне азонразбураючых рэчываў.

«Актыўна ідзе праца па іх вывадзе са звароту ў двух буйных спажыўцоў — «Давід-Гарадокскага электрамеханічнага завода» і «МАЗ-Купава», дзе ўспеньваюць матэрыялы з выкарыстаннем фрэону-141», — кажа Сяргей Заўялаў, начальнік кіравання рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды.

Таксама будзе некалькі пілотных падпраектаў, звязаных з дэманстрацыйным вывадам са звароту азонразбуральных рэчываў на прадпрыемствах, заменай абсталявання на тое, у якім выкарыстоўваюцца прыродныя холадагенты (аміяк, вуглякіслы газ і прапан). З’явіцца 4 адпаведныя сэрвісныя цэнтры, а памежнікі атрымаюць абсталяванне для вышуку кантрабанды.

Дарэчы, Беларусь нават некалькі год таму выступала на сесіі Інтрэпола па гэтым пытанні, расказваючы, як у краіне збудаваная сістэма, якая спрыяе змяншэнню імавернасці кантрабанды такіх рэчываў.

Беларусь спажывае 280 тон азонразбуральнікаў на год

Манрэальскі пратакол — міжнародны пратакол да Венскай канвенцыі па ахове азонавага пласта 1985 года, які мае мэтай абараніць яго праз зняцце з вытворчасці некаторых хімічных рэчываў. Беларусь далучылася ў 1989 годзе і мела тады ў выкарыстанні 2546 тон азонразбураючых рэчываў на год, а зараз — 280.

Згодна з гэтым пратаколам да 2030 года трэба было выйсці на нулявое спажыванне рэчываў групы А. «Але паколькі сусветная супольнасць убачыла, што меры па скарачэнню прыводзяць да паляпшэння якасці азонасферы, была выказаная ініцыятыва паскорыць працэс. І да Манрэальскага пратакола прынялі чатыры папраўкі. Бокам усіх чатырох з’яўляецца наша краіна», — тлумачыць Сяргей Заўялаў.

Такім чынам Беларусь абавязалася паскорана вывесці са звароту рэчывы, якія адносяцца да групы С. Рэчывы груп А і В ужо не ўвозяцца і не вывозяцца з тэрыторыі. Гаворка ў дадзеным выпадку, паводле Сяргея, толькі аб новых рэчывах. Тыя, што забралі з сістэмы, аднавілі і ізноў у яе змясцілі (рэцыкляваныя) могуць выкарыстоўвацца, але не могуць вывозіцца за мяжу. Хутчэй за ўсё вытворцы ад іх паступова адмовяцца ў выніку старэння абсталявання.

Усяго, па звестках Сяргея Заўялава, вывад са звароту шкодных рэчываў да 2020 году закране каля 1600 суб’ектаў гаспадарання.

Прадстаўніца праекта: мы адны з першых у былой СНД падпісалі пратакол

На дзейнасць, звязаную са зваротам унутры краіны, на ўвоз на мытную тэрыторыю праз мяжу РБ і дазвол на перамяшчэнне з краіны ў краіну ў межах мытнага саюзу трэба атрымліваць ліцэнзію.

Новы закон аб ахове азонавага слоя пачаў дзейнічаць у мінулым годзе. У ім больш дэтальна, чым раней, прапісаныя абавязкі суб’ектаў гаспадарання ў гэтых адносінах. Таксама дзейнічаюць патрабаванні ў межах мытнага саюзу — пагадненне ад перамяшчэнні азонразбураючых рэчываў, забароненых да ўжывання і абмежаваных.

На думку Галіны Бальшаковай, асістэнткі праекта ПРААН і ГЭФ, наша краіна сапраўды паспяховая ў дачыненні гэтых міжнародных абавязкаў: «Беларусь — адна з першых краін на тэрыторыі былой СНД, якая падпісала Манрэальскі пратакол, і, не чакаючы выканання сваіх абавязкаў іншымі краінамі, выяўляе ўласную ініцыятыву. На ўзроўні краіны робіцца вельмі шмат».

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость