17.08.2019 / 11:08

На гэтым тыдні ў грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны” паступіла інфармацыя аб падрыхтаваных зменах у заканадаўства, якія пагражаюць “чырвонакніжным” відам. Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі аператыўна сустрэўся з намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага ассяроддзя Аляксандрам Корбутам, які пагадзіўся з некаторымі крытычнымі заўвагамі. Было дамоўлена абмеркаваць іх больш падрабязна ў найбліжэйшы час.

Змены плануецца ўнесці ў Тэхнічны кодэкс 2014 года “Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Жывёльны свет. Правілы аховы дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, унесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і да месцаў іх пасялення”.

Скарачэнне ахоўных зон вакол месцаў гнездавання некаторых “чырванакніжных” відаў практычна нівелюе эфект статусу ахоўнага участка. У месцах сталага гнездавання многіх відаў птушак цалкам прыбіраецца забарона на паляванне – замест гэтага рэкамендуецца ў паляўнічых гаспадарках выдзяляць зоны спакою, то бок гэта не нешта абавязковае для выканнання, а толькі пажаданне, якое ў многіх выпадках выконвацца не будзе.

Аляксандр Вінчэўскі
Аляксандр Вінчэўскі

Некаторыя віды, для якіх плануецца значна скараціць ахоўныя зоны вакол гнёзд, вельмі рэдкія, – кажа дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Так, на сёння ў Беларусі вядомая толькі адна пара маркутоў і ніводнага гнязда сокала-падарожніка!

Кандыдат біялагічных навук Валеры Дамброўскі, які ўдзельнічаў у стварэнні дзейснага тэхнічнага кодэкса 2014 года, тлумачыць: “Раней па многіх драпежных птушках была забарона на суцэльныя высечкі у радыюсе не менш за 300 м вакол гнязда, а для такіх буйных птушак, як вялікі арлец, арлан-белахвост і арол-маркут – не менш за 500 м. І гэта не значыць, што ў радыюсе 500 м было забаронена ўсё секчы: гэта была проста зона спакою ў перыяд гнездавання. Цалкам высякаць лес было забаронена толькі за 200 м ад гнязда. Цяпер абмежаванне па высечцы ў гнездавы перыяд зменшылі для першай групы драпежных птушак (віды чорны каршун, чырвоны каршун, малы арлец, арол-карлік, сокал-пустальга, сокал-кабец, чорны бусел) да мінімум 100 м вакол гнязда, а для другой (віды арлан-белахвост, вялікі арлец, арол-маркут)  – да 200 м. Калі высечка вядзецца за 200-300 м у гнездавы перыяд, то вялікі арлец адназначна пакіне гняздо. А для многіх відаў, калі нават узімку высекчы лес за 100 м ад гнязда, гэта мае вялікае значэнне, бо ўчастак робіцца адкрытым для чалавека, драпежнікаў, зменяюцца ўмовы. А такія чуллівыя для любога ўздзеяння на гнездавым участку віды, як вялікі арлец, арлан-белахвост, арол-вужаед, будуць проста кідаць гнёзды, калі будуць выкарыстаныя гэтыя рэкамендацыі, што скарачаюць амаль утрая зоны спакою”.

Валер Дамброўскі
Валер Дамброўскі

Прапанаваныя змены заканадаўства закрануць не толькі рэдкіх птушак, але і іншых “чырвонакніжных” жывёл і расліны. Напрыклад, у месцах пражывання жукоў (рагача, вялікага дубовага вусача), лічынкі якіх харчуюцца мёртвай драўнінай, раней забараняліся ўсе віды высечак, а цяпер прапануецца забараніць высякаць толькі сырую драўніну, хаця для гэтых лічынак ключавая менавіта мёртвая драўніна.

Таксама прапануецца зняць забарону на паляванне ў месцах залягання мядзведзя з лістапада да красавіка – а гэта самы адчувальны перыяд для гэтага звера. Хочуць скасаваць таксама забароны на паляванне блізу пляцовак падкорму зуброў і ў месцах сталага акоту рысі, скараціць радыюс аховы барсукоў з 250 да 100 метраў ад нор.

У гэтым радыюсе забаронена паляваць з сабакамі, капканамі і наземнымі пасткамі, прыбіраць мёртвую драўніну (у ёй жывуць лічынкі, якім харчуецца барсук).

Могуць абмежаваць забароны на прамысловае рыбалоўства на нераставых участках сцерлядзі, сёмгі і кумжы: раней яно забаранялася круглы год, а прапануецца – толькі з 1 красавіка да 30 траўня для сцерлядзі і з 1 кастрычніка да 15 студзеня – для сёмгі і кумжы. Прапануецца прыбраць з тэхнічнага кодэкса раздзел аб межавых знаках і інфармацыйных стэндах у месцах рассялення відаў, унесеных у Чырвоную кнігу.

У праекце пастановы Мінпрыроды ёсць і пазітыўныя моманты. Напрыклад, значна павялічыўся спіс забароненай дзейнасці ў месцах сталага гнездавання жураўлёў, больш дэталёва прапісана, якія воды нельга зліваць у месца пражывання асобных водных відаў, рэгламентуецца выпальванне травы, дададзеныя новыя віды жывёл, ахова якіх рэгламентуецца Тэхнічным кодэксам практыкі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання. Аднак, большасць прапанаваных змен аслабляе ахову “чырвонакніжнікаў”.

Засмучае тое, што з боку Мінпрыроды гэтым разам не было прапановы абмеркаваць адпаведныя праўкі ў заканадаўчыя акты з грамадскасцю, гэта значыць са спецыялістамі, якія не былі задзейнічаныя наўпрост у распрацоўцы праекта, каб пазбегнуць шкоды для дзікай прыроды.

Па ініцыятыве АПБ дамоўлена абмеркаваць змены з іншымі спецыялістамі Мінпрыроды і з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Автор:
Фотограф:
Мікалай Варабей, Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость