17.11.2017 / 15:11

Разнастайныя страшылкі згулялі злы жарт з кажанамі. Людзі працягваюць верыць у цёмны бок і баяцца іх. На самой жа справе, рукакрылыя могуць быць выдатнымі суседзямі для людзей, напрыклад, на загарадным участку.

''Не будзе ў нас гаража'', – устрывожана сказала мама ў тэлефонную трубку, маючы на ўвазе, што не ўдасца перарабіць старую дрывотню на дачным участку пад закрытае і сухое аўтамесца. На маё здзіўленае ''Чаму?'', ужо з гонарам адказала: ''А ў нас там жывуць кажаны!''

Тое, што на нашым участку амаль у сорак сотак можна пабачыць розную жыўнасць – не сюрпрыз. У зарасніку ядлаўца штогод арганізуе сваё гняздо і выводзіць малых зайчыха, бліжэй да канавы вядзецца курапатка, сям'я вехіра аблюбавала дах новай лазні, дразды захапілі арэшыны, а пра цэлую ''калонію'' вераб'ёў, што з вясны па восень ''купаюцца'' у цёплым пясочку на градах, і казаць няма чаго.

Птушаня дразда, 2017
Птушаня дразда, 2017

Часценька сустракаюцца калючыя тапатуны – вожыкі. У маім дзяцінстве, калі старыя яблыні ў садзе былі памацней, ноччу нават прылятаў хтосьці з савіных і глуха угукаў на карчавых суччах дрэў.

Былі і кажаны, пакуль стаяў хлеў – гаспадарчая пабудова, што дасталася нам разам з домам на ўчастку. Але ім амаль не карысталіся, бо быў ён зусім ненадзейным: дошкі падлогі прагнілі, паддашша было гатова абваліцца кожную хвіліну. Год 15 таму хлеў вырашылі разабраць, а на яго месцы паставіць жылую хату. З таго часу, на жаль, кажаны з участка і сышлі.

І вось доўгачаканая сустрэча: у шчыліне між дроў невялікая цёмная пыска. Ня доўга раючыся, бацькі вырашылі адкласці знос дрывотні да вясны, каб не турбаваць кажана, які, відавочна, размясціўся на зімоўку. А за гэты час разабрацца як з найменшай шкодай перасяліць новага суседа ў іншае месца.

Аднак, па словах Аляксея Шпака, навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсам Нацыянальнай акадэміі навук і каардынатара ў будучым першага цэнтра па выратаванню кажаноў ''Кажанаполіс'', кажаны звычайна зімуюць не на тых месцах, дзе жывуць улетку.

''Таму, хутчэй за ўсё, гэтыя кажаны проста заляцелі перазімаваць. Вядомы выпадкі, калі яны зімуюць між дроваў і звычайна для іх усё нармалёва сканчаецца. Таму без вялікай патрэбы, лепей іх не турбаваць і яны будуць спакойна сабе спаць'', – тлумачыць Аляксей.

Па вясне ж абсалютна спакойна можна прыступіць да запланаваных работ, бо з прыходам цяпла кажанчыкі самі мусяць зляцець. У выпадку, калі ўсё ж яны аблюбуюць дрывотню, то з пачаткам гаспадарчай дзейнасці ў ёй – самі адправяцца на пошукі іншага месца жыхарства. І для цяжарнай самкі ня будзе асаблівага стрэсу, яны збіраюцца ў калоніі – ствараюць своеасаблівыя радзільныя дамы.

National Geographic Traveler Photo Contest, 2013.
National Geographic Traveler Photo Contest, 2013.

''Цяжарныя самкі звычайна жывуць побач, а вось зімуюць ужо іншым складам'', – удакладняе спекцыяліст.

І ўсё ж пры жаданні займець сабе рукакрылых у якасці суседзяў на ўчастку для большай разнастайнасці на ім, можна паспрабаваць усталяваць batbox, раіць Аляксей. Тым больш, што кажаны адзіныя натуральныя ворагі для шкодных казурак.

www.milkwood.net
www.milkwood.net

Домікі для кажаноў можна мацаваць на дрэвах, пад стрэхамі хат ці на шосце. Лепей на адным месцы ставіць адразу 2-3 batbax'а, з улікам, што яны павінны быць абароненыя ад ветру і асветленыя сонцам не менш за 6 гадзін у дзень. Чым вышэй удасца замацаваць дамкі тым лепш. І пад імі не павінна быць ніякіх перашкод, кшталту, галля ці шпаковень. Гэта можа прывесці да траўміравання кажана, якія не ўзлятаюць з месца, а спачатку выпадаюць са свайго ''гнязда'', а затым пачынаюць махаць крыламі. Таксама перавагу лепей аддаваць некалькім канструнцыям дамкоў, каб у розных відаў быў выбар.

www.milkwood.net
www.milkwood.net

Няхай сабе batbox знешне і нагадвае шпакоўню, усё ж да яго вырабу трэба падыйсці больш уважліва, бо кажаны не любяць скразнякоў і аддаюць перавагу ўцепленым хаткам з пастаяннай тэмпературай і вільготнасцю.

Унутры домік лепей нічым не апрацоўваць, але трэта паклапаціцца пра спецыяльныя прапілы, за якія гэтыя млекакормячыя могуць зачапіцца кіпцюрыкамі. Рабіць іх трэба вертыкальнымі глыбінёй у 2 мм з крокам у 10 мм.

''Уваход'' у batbox не павінны быць занадта шырокім – дастаткова 15-20 мм, такім чынам можна не хвалявацца, што ў яго здолююць пралезці драпежнікі.

Але, як сцвярджаюць спецыялісты, не трэба чакаць, што кажаны тут жа заселяцца ў дамкі. Для абследавання і асваення ім неабходны час, працэс можа заняць некалькі год. Прыкметай таго, што кажаны аблюбавалі месца, стануць адыходы фізіялагічнай дзейнасці рукакрылых.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская, tut.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость