18.01.2018 / 14:01

Выбары ў краіне без выбару – штука сумная, але мала хто з беларускіх медыяў дазваляе сабе зусім не звяртаць на іх увагу.

Зялёны партал працягвае карыстацца нагодай набліжэння выбараў у мясцовыя саветы і звяртаецца да прадстаўнікоў розных палітычных партый і рухаў з пытаннямі пра экалагічныя складнікі іх праграмаў, погляды на пэўныя экалагічныя праблемы і спосабы іх вырашэння.

У праграме Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапануецца вывесці з сельска-гаспадарчага выкарыстання забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі. Як вы прапануеце кампенсаваць страты?

Для пачатку я хачу вызначыцца з “агульнымі рысамі”. Мы не з “зялёнага крыла”, - мы правацэнтрысцкая партыя. Наш прыярытэт – гэта праграма “Мільён працоўных месцаў”, але мы праеўрапейская партыя і чальцы праваеўрапейскай каааліцыі. Гэта значыць, што калі мы арыентуемся на еўрапейскія каштоўнасці і стандарты, дык гэта стандарты ў тым ліку і экалагічныя. А сёння мы ведаем, што еўрапейскае заканадаўства дастаткова моцнае: яно рэгламентуе ўсе гэтыя пытанні і імкнецца да таго, каб чалавек адчуваў сябе абсалютна камфортна.

Разам з тым, мы вельмі актыўна падтрымліваем грамадскасць і выступаем супраць канкрэтных праектаў, якія могуць несці пагрозу жыццю і здароўю людзей. У прыватнасці можна казаць пра нашую пазіцыю неабходнасці вывесці з сельскагаспадарчага ўжывання ўсе забруджаныя радыяцыяй землі.

У цэлым па Чарнобылі у нас прынцыповая пазіцыя: адмова ад выкарыстання забруджаных земляў – гэта пытанне нашага здароўя. Мы не валодаем усёй статыстыкай, але пра трэнды можна гаварыць: усё ж чарнобыльскі фактар спрыяе шэрагу захворванняў. І калі мы на забруджаных землях вырошчваем прадукты харчавання, дык гэта адназначна дрэнна.

У праграме “Мільён працоўных месцаў” мы адказваем на пытанне, як вырашаць гэтую праблему: трэба павышаць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У нас на многіх жывёлагадоўчых комплексах карова дае столькі малака, колькі можа даваць каза.

Павышэнне эфектыўнасці ў сельскай гаспадарцы – гэта пытанне тэхналогій, пытанне развіцця навукі. У нас велічэзная Акадэмія навук, і колькасць фармальных навукоўцаў дужа вялікая, але дзе эфектыўнасць?

Калі мы кажам, што трэба выводзіць з абароту брудныя землі, дык гэта значыць, што неабходна павышаць эфектыўнасць выкарыстання чыстых земляў. Гэта значыць, што мусяць быць еўрапейскія тэхналогіі і еўрапейскія ўраджаі, і вырашаецца гэтае пытанне насамрэч без нейкіх моцных складанасцяў.

Беларусь па памеры перавышае і Галандыю, і Бельгію, і іншыя краіны. Але тая ж самая Галандыя займае трэцяе месца ў свеце па колькасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

З тэмай эфектыўнасці звязана наступнае пытанне. Зноўку вернемся да праграмы АГП: вы кажаце, што неабходна аднаўляць санаторыі для таго, каб людзі маглі ездзіць на аздараўленне. Але ў нас санаторыяў шмат, і праблема хутчэй у іх фактычнай слабой даступнасці. Як зрабіць так, каб тое, што ўжо пабудавана, працавала на карысць нашага здароўя?

Нам трэба зрабіць вельмі добрую медыцыну і сферу аздараўлення ў Беларусі, каб гэта было нашым брэндам. Калі гэта будзе брэндам, і нават нашыя бліжэйшыя суседзі будуць ведаць, што да нас можна прыязжаць і якасна лячыцца альбо аздараўлівацца, і яны будуць ведаць, што гэта хай і платна, але танней, чым у многіх іншых краінах, дык яны будуць прыязжаць і прывозіць сюды свае грошы. І вось з тых грошай, якія мы атрымаем ад іх, мы зможам стварыць фонд для нашых людзей, якія маюць розныя захворванні.

Хай мы ў санаторыях будзем хадзіць не па італьянскай плітцы, а па керамінаўскай, але хай нашая медыцына і аздараўленне будуць сапраўдным брэндам.

Безумоўна, будуць для людзей нейкія датацыі з боку дзяржавы, каб яны мелі фінансавую магчымасць ездзіць у тыя ж санаторыі. У гэтым і ёсць сутнасць сацыяльнай дзяржавы: падтрымаць тых, каму сапраўды патрэбная дапамога.

Не трэба “размазваць” датацыі па ўсёй краіне, а неабходна кропкава аказваць дапамогу тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. І, безумоўна, мы кажам пра неабходнасць дапамогі людзям з Чарнобыльскай зоны.

Якая сёння пазіцыя АГП адносна новый АЭС і наколькі гэтая пазіцыя бескампрамісная?

Нашая пазіцыя не змяняецца. На тэму атамнай энергетыкі можна дыскутаваць, але да канкрэтнага праекту Астравецкай атамнай электрастанцыі ў нас адназначна негатыўнае стаўленне. Гэта звязана з некалькімі чыннікамі. Пытанне гэтага будаўніцтва не столькі эканамічнае, колькі палітычнае. Эканамічнай абгрунтаванасці і мэтазгоднасці праекта мы ад улады так і не пачулі. Трэба разумець, што гэта праект больш расійскі, чым беларускі. Тут ёсць элемент ціску на нашых суседзяў (у першую чаргу на Літву і Польшчу).

Яшчэ адзін фактар – тое, што гэтае будаўніцтва (зрэшты, як і многія іншыя) праходзіць вельмі закрыта ад грамадства. Ніколі не праводзіцца рэальная шырокая грамадская дыскусія, ніколі па-сапраўднаму не абмяркоўваюцца ідэі.

Мы не маем ніякіх гарантый, што ў Астраўцы не будзе лекалаў савецкага будаўніцтва. А менавіта яно, савецкае будаўніцтва, прывяло да трагедыі ў Чарнобылі.

Адзін з нашых спікераў па гэтым пытанні – Мікола Уласевіч. У пазамінулы год ён нас, магчыма, і выратаваў ад новага Чарнобыля. Гэта быў той чалавек, як “зазваніў у званы”, калі адбылася аварыя і корпус рэактара атрымаў пашкоджанні. Калі б не было гэтага чалавека і гэтых “званоў”, дык можа той корпус у выніку і паставілі б, і хто ведае, што магло б з ім адбыцца праз пяць гадоў.

У рэгіёнах, набліжаных да новай АЭС, мы праводзім адмысловую выбарчую кампанію, адным з асобных пунктаў якой з’яўляецца бяспека Астравецкай АЭС.

У гэтым годзе Мікалай Уласевіч там балатуецца ў мясцовыя саветы, і ў сваёй праграме ён кажа пра неабходнасць забеспячэння бяспекі жыхароў Астравеччыны, Смаргоншчыны, Ашмяншчыны. І гаворка ідзе менавіта пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Толькі ў гэтым годзе Беларусь мусіць патраціць 8 мільярдаў беларускіх рублёў на абслугоўванне знешняй запазычанасці. Будаўніцтва атамнай станцыі стварае частку гэтай запазычанасці. 

Крэдыт у 10 мільярдаў трэба будзе з часам аддаваць, і аддаваць яго будуць грамадзяне Беларусі. Атрымліваецца, што мы не вырашаем праблему энергетычнай залежнасці, а толькі паглыбляем залежнасць фінансавую.

Калі мы кажам, што АЭС толькі пагаршае існуючыя праблемы, дык паўстае пытанне, як жа іх вырашаць.

На вялікі жаль, у нас няма моцных інструментаў уплыву. Пры іншых абставінах можна было б унесці адпаведныя тэмы ў павестку Парламенту, можна было б дабівацца прыняцця нейкіх законаў, рэгламентацый і гэтак далей. Але ў нас такой магчымасці няма. Таксама ў нас няма і палітычнай культуры правядзення грамадскіх слуханняў, каб чыноўнікі прыслухоўваліся да голасу людзей.

Нам трэба глядзець на хаўруснікаў і ў першую чаргу на афіцыйную Вільню, якая вельмі жорстка заняла пазіцыю і заявіла, што ніводны кілават энергіі з Астравецкай станцыі не пройдзе праз Літву і не пойдзе далей у Еўропу.

А разлікі ж у беларускага боку былі менавіта на тое, каб прадаваць тую энергію, якая будзе выпрацоўвацца на АЭС. Рэакцыя Вільні – гэта рэальны механізм ціску. Адзіны рэальны рынак для энергіі з Астравецкай АЭС – гэта Еўропа, але наўрад ці цяпер ёсць рэальная перспектыва на яго выйсці.

Таксама трэба працаваць з іншымі еўрапейскімі партнёрамі. Але варта разумець, што будаўніцтва, хутчэй за ўсё, усё адно будзе ісці. Нам патрэбныя вельмі жорсткія механізмы кантролю, каб так не атрымалася, што паставяць нейкі хібны рэактар.

АЭС – адна з найбольш папулярных экалагічных тэмаў у Беларусі,  але апошнім часам моцна вырасла грамадская зацікаўленасць у тэме перапрацоўкі смецця.

У нашай партыі былі вельмі амбіцыйныя планы выкарыстаць дэпутацкі мандат Ганны Канапацкай і ўнесці на разгляд Палаты прадстаўнікоў адмысловы законапраект, які быў бы прысвечаны гэтай тэме.

Нам як правацэнтрысцкай кансерватыўна-ліберальнай партыі гэтая тэма вельмі блізкая, бо гэта таксама і пытанне новых высокаэфектыўных працоўных месцаў.

Мы вывучалі прыклад Бельгіі, дзе на перапрацоўцы смецця зарабляюцца вялікія грошы. Да іх вязуць смецце на перапрацоўку з іншых краінаў.

Мы разумеем,  што перапрацоўка можа быць добрым бізнэсам, але гэта ж пытанне тэхналогіі і таксама пытанне наяўнасці палітычнай волі. У Еўропе ўсё гэта ўжо даўно прайшлі, і нам не трэба прыдумваць ровар, а варта браць тое, што ёсць у той жа Бельгіі і выкарыстоўваць у Беларусі.

Трэба стварыць такія ўмовы, каб да нас пыйшоў бізнэс. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык варта прызнаць, што ў нашым бюджэце няма грошай для таго, каб будаваць сучасныя смеццеперапрацоўчыя мерапрыемствы. Але трэба даць умовы для бізнэсу. Мы ж стварылі ўмовы для ІТ-сферы, так?

Варта змяняць і стаўленне саміх людзей да тэмы. Калі проста паставіць асобныя бакі для рознага смецця на вуліцы, гэта не будзе сапраўды працаваць. Змены не так хутка адбываюцца, - людзей трэба прывучаць.

Улады ж мусяць глядзець на сітуацыю з усіх бакоў і бачыць яе сапраўдную актуальнасць. Трэба думаць пра сваіх праўнукаў і тых, хто прыйдзе пасля нас, і трэба думаць, што на перапрацоўцы можна зарабляць рэальныя грошы.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость