
На першы расповед нас нахтніла навіна пра помнік памідору, які плануюць устанавіць у Іўі. Што вядома пра гісторыю вырошчвання гэтай культуры ў Беларусі? І як сталася, што памідор стаў брэндам ваколіцаў Іўя?
Пачалі вырошчваць у ХІХ ст.
Спачатку агульна вядомы факт: радзіма памідораў – Паўднёвая Амерыка. У Заходнюю Еўропу яны трапілі ў XVI ст. пасля «адкрыцця» Новага Свету.
У беларускіх актах XVIII ст. і раней згадкі таматаў адсутнічаюць. І гэта не дзіўна, бо памідоры пачалі вырошчваць на беларускіх землях толькі ў сярэдзіне ХІХ ст., першапачаткова – галоўным чынам ў цяпліцах шляхецкіх маёнткаў, піша ў сваёй кнізе «Гісторыя на градках. Агародніцтва на Беларусі» этнографка Любоў Ракава.
Амаль адразу рэцэпты з памідорамі трапілі ў кнігу «Літоўская гаспадыня». Рэцэпты распавядалі пра тое, як назапашваць памідоры на зіму ў свежым выглядзе.
Для гэтага іх мылі, выціралі ад пылу, клалі ў паліваны гаршчок і залівалі астуджанай салёнай вадой. Пасудзіну накрывалі драўлянай талеркай, каб таматы не ўсплывалі. Цвіль, што ўтваралася падчас захоўвання, здымалі, а перад ужываннем плады вымочвалі і паласкалі ў вадзе.
Між тым у сялянскім асяродку ў ХІХ ст. памідоры былі экзатычнай культурай і сустракаліся рэдка.
Калі ж памідоры трапілі ад вышэйшага саслоўя ў гаспадаркі сялян? Любоў Ракава спрабавала шукаць адказ метадам вуснай гісторыі. У 2000–2008 гг. яна распытвала жыхароў розных частак Беларусі пра іх успаміны на гэты конт.
Высветлілася, што ў паўднёвай і заходняй частках нашай краіны сяляне вырошчвалі памідоры ўжо з пачатку ХХ ст., але хутчэй у невялікай колькасці, а на астатняй тэрыторыі Беларусі – толькі з сярэдзіны мінулага стагоддзя.
Этнографка высветліла, што напачатку некалькі каліваў памідораў садзілі недалёка ад хаты, і гэтага хапала. Новыя для сялян культуры пераймалі раней за астатніх вяскоўцаў тыя, хто жылі непадалёк ад шляхецкіх маёнткаў.

Шырока распаўсюдзіліся пасля Другой сусветнай вайны
У 1920-х гг. памідоры ўсё яшчэ не фігуруюць сярод гародніны, распаўсюджанай у сялянскіх гаспадарках. А вось пасля Другой сусветнай вайны таматы з’яўляюцца ў пераліку ранніх культур, якія вырошчвалі ў парніках у падсобнай гаспадарцы Магілёўскага харчторга.
У 1945 г. планавалася зрабіць у Магілёўскай вобласці паўтары тысячы парнікоў, а яшчэ праз год – ужо чатыры тысячы. Такая ж работа вялася ў іншых абласцях.
У пасляваенны час памідоры ўжо згадваюцца сярод гародніны, якую вырошчвалі ў горадзе працоўныя – выхадцы з вёскі. Яны мелі гароды недалёка ад сваіх гарадскіх дамоў. Часам будавалі хлявы для свіней, коз і нават кароў.
У сельскай мясцовасці ў гэты час растуць плошчы пад гароды і скарачаюцца пасевы збожжавых.
Пасля вайны разам з памідорамі на сялянскіх падворках з’яўляюцца іншыя культуры, якія раней не вырошчваліся: перац, спаржавая фасоля, кабачкі, пятрушка, каляровая капуста, сельдэрэй, салата.
Гэта звязана з распаўсюджваннем гандлю насеннем. Акрамя новых культур, дзякуючы крамному насенню пашыраецца гатункавая разнастайнасць гародніны, якую вырошчвалі яшчэ да вайны.
Дык ці быў памідор гістарычна брэндам Іўя?

Памідоры не паспелі шырока ўвайсці ў традыцыйны сялянскі побыт. З іх не гатавалі традыцыйных страў. Артыкулаў пра гэту гародніну няма ў энцыклапедыях «Этнаграфія Беларусі» і «Беларуская міфалогія», у адрозненне ад тых жа агуркоў, якія ўжо ў XVI ст. вырошчвалі у Іўі татары.
Татараў запрашалі з Крыма і Залатой Арды ў Вялікае Княства Літоўскае як добрых ваяроў з XIV ст. За службу князі давалі ім землі. Беларускія татары страцілі сваю мову, але захоўваюць рэлігійную і культурную адметнасць.
Калі ў Беларусі распаўсюдзіліся памідоры, у Іўі таксама ўзяліся за іх культывацыю. На пачатку ХХІ ст. маштабы наблізіліся да прамысловых. Але гэта не адзіная культура, якую вырошчваюць на продаж у Іўі. Тут таксама вырошчваюць радыс і зялёную цыбулю. А вось традыцыйныя для гэтай мясцовасці агуркі паступова саступаюць пазіцыі.
Агурковы брэнд у сучаснай беларускай культуры замацаваны за ваколіцамі Шклова і гістарычнай Піншчынай (найбольш вядомая лакацыя – бадай, вёска Альшаны Столінскага раёну).
Таму Іўеўскія ўлады ствараюць «брэндавае свята», якое мусіць прапагандаваць мясцовую адметнасць. Татары традыцыйна займаліся агародніцтвам, і пад Клецкам, і ў ваколіцах Давыд-Гарадка, і ў Іўі. Лагічна, што новыя культуры яны вырошчваюць так жа паспяхова, як і старыя.
То чаму б Іўю не быць «памідорнай сталіцай» Беларусі, калі гэты брэнд яшчэ не раскручаны ні ў якай іншай мясцовасці? А развіццё агурковай тэмы чакайце ў нашых наступных матэрыялах!