«Калі я была валанцёрам на фестывалі ''Dotyk'', даведалася пра псіха-неўралагічны інтэрнат для дарослых. І зараз кожную нядзелю дапамагаю там. Пастаянна валанцёру на разнастайных кінафестывалях, штосьці перакладаю для іх, — расказвае Аня. — Аднак пачалося ўсё з ''зялёнай'' тэмы і мерапрыемстваў, жадання дапамагаць экалагічным арганізацыям».
Дзяўчына ў літаральным сэнсе ўлюбілася ў Беларусь, і ў Мінск у прыватнасці. Таму для сябе Аня лічыла важным знайсці дзейнасць, праз якую змагла б прынесці карысць гораду і наваколлю, не ў глабальным ці палітычным сэнсе, а ў практычным — прыбраць смецце ў лесапаркавай зоне ці пабудаваць шпакоўню, пасадзіць дрэвы.
«І першае, у чым мне пашанціла паўдзельнічаць, — уборка ''Зробім!'', — прыгадвае дзяўчына. Гэта акцыя найбольш запомнілася ёй з улікам неверагоднай колькасці смецця. — Я знайшла велізарную яму, прысыпаную глебай, — сапраўдную брацкую магілу ўсіх піўных бутэляк... Такое адчуванне, што ў гэтае месца спецыяльна з'язджаюцца людзі, каб ''пахаваць'' тару з-пад свайго любімага напою. Мы так і не здолелі вычысціць яму цалкам. Але відовішча запомнілася назаўсёды».
Пра будучыню Аня пакуль не бярэцца разважаць, маўляў, варта дзейнічаць па сітуацыі. Зараз яе цалкам задавальняе наяўнасць цікавых актыўнасцяў, у якіх можна праявіць сябе ці адкрыць штосьці новае.
«Упэўнінасці ні ў чым няма. Я працягваю рабіць тое, што патрэбна ад мяне ў пэўны момант майго жыцця, стараюся карыстацца магчымасцямі камусьці дапамагчы», — сцвярджае дзяўчына.
І невыпадкова ў сваім актыўным падыходзе яна кіруецца выразам «жаданне — гэта тысяча магчымасцяў, нежаданне — тысяча прычын». Дзякуючы гэтаму выказванню, па словах Ані, шмат, што становіцца на свае месцы, прыходзіць разуменне, чаму ў адным выпадку ты бярэшся за штосьці, а ў іншым — адмаўляешся.
Суполкі валанцёрскай службы Зялёнай сеткі ў сацыяльных сетках: Facebook, ВКонтакте, Instagram. Далучайцеся да нас!