Спецыфічны дацэнт
Слова “старызнік” (рус. старьёвщик) для маладых ужо анахранізм і сустракаецца хіба ў кнігах. Але Уладзімір Міхайлавіч Лахаданаў, падобна, як раз з гэтых людзей. Ён жыве ў Савецкім раёне Мінска і амаль усё жыццё займаўся матэматыкай. У 90-я гады пачаў таксама зарабляць на насенні, бульбе, шкляной тары і не толькі.
У сеціве няма яго фота, але выкладзена пара інтэрв’ю. Яго можна выпадкова знайсці праз абвесткі ў “Народнай волі”, шукаючы, куда аддаць шкло і паперу. “Менская славутасць” і “каларытны кадр”– так клічуць Уладзіміра Лахаданава на форуме dzietki.by.
“Калега карыстаўся яго паслугамі, кажа - сапраўды ўсё вывозіць. Але спецыфічны”, – пішуць людзі. Мы праверылі, што ж гэта за гарадская легенда – і пазнаёміліся з прынцыповым, беларускамоўным і выяўна разумным чалавекам.
“Надакучыла ставіць тройкі там, дзе трэба калы”
Я скончыў БДУ у 1970 годзе, апошнія 2 ці 3 гады атрымліваў Ленінскую стыпендыю – 80 рублёў. На той час гэта былі даволі вялікія грошы (мая маці атрымлівала 60 рублёў на працы).
Чаму не матэматыкам працую? Э-эх… Я працаваў, гадоў адзінаццаць у Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук, абараніў дысертацыю ў Маскоўскім універсітэце ў 1974 ці 1976 годзе. Але потым бачу – у гэтай установе далей за малодшага навукоўцы не пайду, бо характар не дазваляе.
Прыйшлось змагацца з самага пачатку: інтэрната не давалі – давялося пісаць у газэту “Известия”. Па маім лісце чалавека, які сяліў у свой інтэрнат абы-каго, пасадзілі на 5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. А мне далі месца ў інтэрнаце, як і некаторым маім таварышам.
Потым, калі прыйшла чарга хату атрымліваць, давялося і за яе змагацца. Намеснік дырэктара выклікаў мяне ў свой кабінет і сказаў: “Яшчэ адно такое пісьмо – і ты не знойдзеш працы не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі. Сядзі як мыш”.
Пайшоў у інстытут (цяперашні БНТУ - рэд). Спачатку старэйшым выкладчыкам, потым дацэнтам. А потым надакучыла ставіць тройкі там, дзе трэба калы. Пайшоў у бізнэс, а потым… Потым папаў у даўгавую яму глыбінёй пад 50 000 даляраў. І зараз з гэтай ямы паўзу з усіх сілаў. Яшчэ троху засталося людзям аддаць, але ўжо яны мяне не закапаюць і ў суд не пададуць.
Вытрымка з інтэрв’ю, 2002 г.: - Вы сознательно отказались от научной и преподавательской карьеры или это просто была временная уступка обстоятельствам: хочешь жить - умей собирать бутылки? - Да, большинство так и считает, что занятие наукой - выше, чем занятие бутылками. Мне жаль тех, кто так думает.
Прыму макулатуру і шклатару
Абутак, адзенне, мэблю, бытавую тэхінку, музычныя інструменты – усё, што хочаце мне аддаць, тое магу забраць. Макулатуру і шклатару магу на капейку-дзьве даражэй узяць, чым дзяржаўны прыёмны пункт. Але пры адной умове: разлік са мной возьмеце не грашыма, а натурай – я прапаную бульбу, цыбулю ці іншыя дары прыроды.
Мае абвесткі можна пабачыць кожную пятніцу ў самай лепшай газэце – “Народнай волі” – на апошняй старонцы. Чытачы звязваюцца. Магу адзначыць: усе вельмі адукаваныя людзі, часам не з адной, а з дзьвюма вышэйшымі адукацыямі.
<…> Яшчэ адна мая абвестка – на другой дзяржаўнай мове.
«Уважаемые дамы! Ежели в вашем доме нет собственного мужчины, и с соседом не повезло – в моём лице вы можете пригласить мужчину на час, и я буду исполнять почти все ваши капризы (кроме интима, на это дело нет лицензии)».
Пераважна я задавальняю запыты пенсіянерак у тым, што тычыцца прадуктаў. У многіх выпадках я лепш за “Еўраопт”. Гэтай канторы я саступаю толькі ў адным – у хуткасці: яны карыстаюцца машынамі, а я – грамадскім транспартам.
Не-не, у іншыя гарады я не езджу. Я ж не маю мэрсэдэса, я толькі па Мінску. Езджу на грамадскім транспарце з каляскай у руках – веласіпедны прычэп, які падымае не болей за 100 кілаграмаў.
“Зямля – гэта самае каштоўнае, што ёсць у нас”
Мая сям’я вырошчвае бульбу і гарбузы на нявестчынай зямлі. Яна атрымала яе ў спадчыну гадоў 10 таму. Хатку, пры ёй 24 соткі зямлі. Гэта ў Магілёўскай вобласці, вёска Лапічы. Адтуль як выязджаш на трасу, напісана: да Мінска – 71.
Гадоў восем зямля гуляла, маладыя ленаваліся туды ездзіць. Выставілі тую хату на продаж, ды ніхто не купляе.
Я кажу: трэба садзіць, зямля – гэта самае каштоўнае, што ёсць у нас. Восенню пазваніў сельсавет, папярэдзіў нявестку: калі ў наступным годзе не будзе нічога зроблена – забяруць і хатку тую, і ўчастак, бо вялікая чарга тых, хто жадае новы дом збудаваць.
Нанялі мясцовага трактарыста, і ўвосень вёска дзівілася, адкуль такая бульба: больш за 9 тон вырасла. Зямля адпачнула. Прасіліся на прамілы бог суседкі: “Мы вам паможам, толькі мяхі 3-4 дайце”. А ў іх ураждаю такога няма – кожны год на адным месцы садзяць.
Самую дробную мы суседзям аддавалі, на корм. А тую, што не меньш за грэцкі арэх разам з вялікай прадаем. Глядзіце: на вуліцы па 59 капеек, я стаўлю па 45 піянерам. Пенсіянерам – па 40. Тым, хто бярэ па 2-3 кіло – першы раз аддаю за 30, абы пакаштавалі. А потым вяртаюцца. Учора бралі тры кілаграмы, сёння – 30.
Па адзенне: “Мінчукі чамусьці не звоняць”
Калі людзі просяць забраць рэчы, то часцей за ўсё гэта адзенне. Дзеці ў людзей хутка растуць, год-паўтара панасілі – куды потым падзець?
Я паспрабаваў аддаваць тым, каму трэба. Два месяцы ў газеце “Народная воля” па аўторкам была такая аб’ява: “Дапамагу шматдзетным і маламаёмным абуткам, адзеннем і іншым чынам”. І нумар я адмыслова завёў. У выніку было не больш за 10 званкоў з розных гарадоў.
Больш за ўсё запомніўся званок са Сноўскага агракамбіната. У жанчыны шасцёра дзяцей. Яна прасіла дапамогі адзеннем. Сказала, што ў яе не хапае грошай, бо з гэтага году ў іхняй школа забаранілі беларускую мову, а падручнікі былі купленыя па тым годзе, папярэднім.
А так… мінчукі чамусьці не звоняць. Калі гадзіне а 6-7 раніцы выйдзеш са шматпавярхоўкі – на кантэйнерах збоку адзенне вісіць на любы густ.
Я працаваў дворнікам на Гамарніка, у 12-павярховым доме, які належаў таварыству ўласнікаў. Нябедныя людзі, але заробак усім плацілі мінімальны. Я за іх кошт і абуваўся, і апранаўся тым, што пакідалі.
“Адна брыгада аддавала да 10 мяхоў бутэлек”
Але часцей за ўсё звоняць, каб прыехаў прыняў бутэлькі, слоікі, макулатуру. Гружу на прычэп іх, кілаграмаў 100-120, і вязу ў бліжэйшы прыёмны пункт, здаю і маю навар.
Я гэтай справай – бутэлькамі – ужо гадоў 20 займаюся і бачу, што ў маім і суседнім пад’ездзе жывуць людзі, якія ледзь не штодня п’юць. Прычым ёсць тыя, хто не саромеецца і сядзіць у двары. Побач са сметніцай яны складаюць мне падарункі. А іншыя п’юць у сваіх хатах. У іх пакетах бутэлькі важкія, з-пад беларускага шампанскага і не толькі.
<…> Каб не перашкаджалі – даўно быў бы мільянерам. Ну хто перашкаджае… Бамжы – я ў іх кавалак хлеба адымаю. Дворнікі, але не ўсе. Некаторыя дапамагаюць: адна брыгада за раз давала да 10 мяхоў бутэлек, якія самі збіралі. А я ім мех цукру.
Перашкаджаюць… Розныя людзі. Мне здаецца, тыя, хто чуе, на якой мове я з вамі размаўляю. Адзін з такіх – мой сусед – аднойчы абазваў мяне. Каюся, не стрымаўся і адказаў. У выніку ён пачаў на мяне скаргі пісаць у горсавет.
Мне 71-ы год. Няхай яны мяне баяцца
Недзе 21 снежня я звярнуўся ў Савецкі райвыканкам па месцы жыхарства з заявай: “Прашу супрацоўнікаў выканкаму дазволіць мне зрабіць у нашым мікрараёне перасовачны прыёмны пункт шкляной тары і макулатуры для абслугоўвання пенсіянераў і інвалідаў нашага раёну”.
Адказу чакаў больш за месяц. Прыйшоў сам у аддзел гаспадарчай дзейнаці. Начальнік аддзела кажа: “Як, вам яшчэ не далі адказу? Больш за месяц прайшло. Зараз-зараз, пачакайце”.
Выклікаў жанчыну, яна мяне адвяла ў свой кабінет і пачала дапытвацца.
- Скажите, пожалуйста, а зачем вам это надо?
- Ведаеце, хачу стаць мільянерам.
- А кто ж вам понесёт? Если возле каждого жилого дома есть контейнеры, и все желающие могут туда выбросить свои банки и макулатуру.
- Я гэта ведаю, але ж не ва ўсіх людзей такія даходы як у вас і ў мяне. Некаторыя эканомяць кожную капеечку і не хочуць выкідаць дарма ў кантэйнеры.
- Ну хорошо. Вы свою машину поставите. Но кто-то принесёт, а приёмщика на месте нет.
- Ну і што?
- Так человек с досады разобьёт о вашу машину бутылку или банку. А второй за ним будет идти и наступит, ногу порежет.
- Вы что несёте? Вы в своём уме? Вы мне должны дать ответ. Либо да, либо нет.
Адказ я атрымаў праз тры дні. Зноў-ткі, на рускай мове:
“Глубокоуважаемый Владимир Михайлович! В соответствии с указом президента от 2003 года №… возле всех торговых центров созданы автомобильные стоянки. В соответствии с положением об автомобильных стоянках у торговых центров на них запрещена коммерческая деятельность”.
Ці можна напісаць вашае імя ў тэксце? У вас не будзе праблем з адміністрацыяй?
Я ўжо перастаў баяцца. Мне ідзе 71-ы год. Колькі можна? Няхай яны мяне баяцца.