Калі мы, людзі, можам адаптавацца да кліматычных і сезонных зменаў, то для дрэваў гэтыя працэсы з'яўляюцца задачамі не пад сілу. У асаблівасці для тых насаджэнняў, што "не нашага паходжання". Як, напрыклад, конскі каштан, які высаджваецца ў Беларусі ўздоўж дарог і парках, але радзімай яго лічыцца Паўднёвая Еўропа, дзе перапады тэмпературы не такія сур'ёзныя, як у нас.
Акрамя кліматычных выклікаў, уплываюць на якасць жыцця каштанаў і шматлікія шкоднікі і хваробы, распаўсюджаныя ў нашай краіне. Таму пажоўклая лістота і паўголыя дрэвы каштанаў у сярэдзіне чэрвеня – ня рэдкасць.
У гэтым пакуль няма нічога "смяротнага" для дрэваў, сцвярджае старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ Аркадзь Скуратовіч. Большы непакой выклікаюць сезонныя змены тэмпературы.
У гэтым годзе верасень, і асабліва пачатак кастрычніка адзначыўся высокімі тэмпературнымі паказчыкамі з дажджамі. Для большасці дрэваў такога кшталту ўмовы з'яўляюцца "званочкам" прыходу вясны.
"Якраз да гэтага перыяду ў многіх раслін закладаюцца кветкавыя пупышкі і пачынаецца працэс накаплення рэчываў на наступны сезон. Цёплае надвор'е і дастатковая колькасць вільгаці спрыяюць таму, каб дрэвы пачыналі распускацца. У раслін жа няма вачэй, каб зразумець, што адбываецца", — тлумачыць супрацоўнікі інстытута.
Вядома, не ўсе пупышкі гатовыя да квітнення, таму мы не бачым пышнага роспуску дрэваў, падкрэслівае Лана Семенас, кандыдатка сельскагаспадарчых навук, экспертка па арганічным земляробстве, старшыня праўлення экалагічнай установы "Агра-Эка-Культура". Ды й спадзявацца на паўторны "ураджай" таксама не даводзіцца, бо дзеля гэтага занадта мала часу.
"Вясною дрэвы распускаюцца ў траўнію І напрацягу трох месяцаў выспявае насенне. Калі узяць асеняе квітненне, то відавочна, што ўраджай павінны з’явіцца да Новага году. Але гэта пры ўмове адсутнасці маразоў у Беларусі, што само па сабе фантастычна", — усміхаецца Аркадзь Скуратовіч.
Між тым, для дрэва такая з'ява мае негатыўныя наступствы. На падобныя працэсы дрэвы трацяць шмат неабходных перад халодным сезонам рэчываў — гэта аслабляе іх і павялічвае рызыку неўстойлівасці перад шкоднікамі і хваробамі. Таму, вясною гэтыя дрэвы не дадуць пышны прырост, бо будуць знаходзіцца ў прыгнечаным стане.
Такое ж паўторнае квітненне можна назіраць на пладаносных культурных дрэвах і кустах на дачных і вясковых падворках. Спецыялісты раяць не захапляцца гэтай з'явай, а як мага хутчэй абарваць кветкі.
На жаль, падобныя мерапрыемствы нерэальна правесці для гарадскіх зялёных насаджэнняў, падкрэслівае спецыяліст.