19.04.2021 / 08:04

Унікальная платформа дапамогі жывёлам запусцілася ў Беларусі. Яна будзе карысна і для тых, хто хоча дапамагчы, і для валанцёраў, і для бізнесаў. А самае галоўнае – для катоў, сабак і іншых беспрытульных жывёл.

Стваральнікі плануюць зрабіць сайт самым лепшым у СНД, і ўжо атрымалі фінансавую падтрымку Еўрасаюза. Суседзям ва Украіне таксама спадабаўся такі падыход, таму ў хуткім часе падобная платформа можа з’явіцца і ў іх.

Актывісты SaveUs працавалі над сваёй платформай не менш за два гады і паралельна рабілі іншыя праекты. Летась яны знайшлі новыя дамы 167 катам і сабакам. Дзякуючы ім, многія беларусы паўдзельнічалі ў абмеркаванні новых правіл палявання і бароліся супраць забойства зуброў.

Плюс актывісты ўдасканальвалі праект пастанаўлення Савета міністраў "Аб пытаннях па абыходжанні з жывёламі" і праект закона "Аб валанцёрскай дзейнасці".

А сёлета нарэшце адбылася прэм’ера іх платформы saveus.by, яе галоўная аўтарка – валанцёрка Валерыя Кандрашова. Яе задумка – каб платформа стала зручным інструментам з добрай рэпутацыяй. Такім чынам, людзі, якія хочуць дапамагчы жывёлам, не будуць хвалявацца, што грошы пойдуць не туды, а валанцёры будуць эканоміць час на распаўсюджванне інфармацыі па сацсетках.

Самі ж актывісты SaveUs на пераводах грошы не зарабляюць. Яны плануюць манетызаваць сайт за кошт рэкламы, каталога паслуг і зоатавараў.

Карыстальнік можа дапамагчы жывёле ці нейкаму праекту грашыма і падпісацца на іх, каб сачыць за лёсам і бачыць, што грошы сапраўды дайшлі да гадаванца. Нават калі кот ці сабака знойдуць новы дом, доступ да іх профілю будзе перададзены новаму гаспадару. І той можа посціць, як у іх справы.

Сярод праектаў зараз можна падтрымаць набыццё сеткамёту для лоўлі дзікіх сабак “Фартуны”, будаўніцтва вальераў у прытулку “Томас” у Лельчыцах, стварэнне аўтамабіля ветэрынарнай дапамогі для Зааашанца, і яшчэ пару дзесяткаў ініцыятыў.

Усе валанцёры па асабістых даных правяраюцца арганізатарамі платформы. Калі сума назбіралася, падапечнага, напрыклад, запісваюць на прыём да ветэрынара і адразу аплачваюць візіт. Чэк прыкладаецца да фінансавай справаздачы. Такім чынам актывісты хочуць выключыць любую магчымасць махлярства.

Такая празрыстасць яшчэ важна для прыцягнення бізнесу. У SaveUs ужо ёсць некалькі цікавых партнёраў. Напрыклад, за ахвяраванне на платформе карыстальнікі атрымліваюць прамакод са зніжкай ад анлайн-гіпермаркета 21vek: 5% на зоатавары і 3% – на ўсё астатняе.

Зараз на платформе зарэгістравана 392 жывёл, якія чакаюць падтрымкі або сваіх гаспадароў.

Акрамя фінансавай дапамогі, SaveUs хоча яшчэ сабраць спіс актывістаў, якія могуць дапамагаць машынай і падвозіць жывёл у клініку, рабіць ім якасныя здымкі або гатовы зрабіць свайго гадаванца донарам крыві і выратаваць чыёсьці жыццё. Гэта усё таксама вельмі важная дапамога.

Хоць платформа працуе толькі крыху менш за месяц, там ужо сабралі 18 202 рублі на дапамогу хвастам.

Сайт працягвае ўдасканальваць сваю працу. Зараз зроблены толькі першы рэліз. У будучыні платформа будзе яшчэ хутчэй, з’явяцца дадатковыя функцыі і карысныя артыкулы пра жывёл.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость