19.05.2015 / 12:05

Хто займаецца пытаннямі экалогіі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, і якое месца там належыць Беларусі? Адказы прагучалі на круглым стале пад назвай «Экалагічная бяспека і правы спажыўцоў у межах Еўразійскай прасторы», які правялі 14 траўня Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Экапартнёрства» і Беларускае таварыства абароны спажыўцоў (БОЗП).

Экалагічныя пытанні не рэгулююцца, але іх гатовыя абмяркоўваць

«Як экалагічная арганізацыя, мы хочам адзначыць, што няма ніводнай шматбаковай дамовы ў межах Еўразійскага саюза, якая рэгулявала б пытанні ўздзеяння на навакольные асяроддзе і экалагічную бяспеку», — кажа Эла Іванова, прадстаўніца МГА «Экапартнёрства» у Маскве.

Яе думку пацвярджае Валер Гурэвіч, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі: «У межах тэхнічнага рэгулявання дыскусія аб ахове навакольнага асяроддзя пакуль не атрымала вялікага развіцця».

Гэта выяўляецца ў тым, што Еўразійская камісія запэўнівае: у яе кампетэнцыі толькі эканамічныя пытанні. Але ўсё ж пэўныя экалагічныя «сегменты» у дамове аб ЕАЭС ёсць.

Да іх адносяцца спасылкі ў дамове і дадатках на ўстойлівае і інавацыйнае развіццё, мадэрнізацыю галін, бяспеку і экалагічнасць. Прадугледжана стварэнне сумесных еўразійскіх тэхналагічных платформаў. У планах на 2015-2017 гады гаворыцца пра вытворчасць электрамабіляў і развіццё нанаіндустрыі, энергаэфектыўнае будаўніцтва, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, гібрыдны транспарт. Існуе некалькі міжнародных дамоваў.

На пытанні аб механізме рэгулявання экалагічных пытанняў у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адказалі, што яны рэгулююцца ў межах Пагаднення аб супрацы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя паміж краінамі СНД (падпісана 31 мая 2013 года).

Ва ўмовах падобнага ўскоснага рэгулявання грамадскасць мае механізмы для ўплыву: «Усе дакументы ці іх часткі, якія тычацца тэхнічных рэгламентаў, дасягальныя для абмеркавання. Праекты рашэнняў камісіі публікуюцца ў адкрытым доступе за 30 дзён, —- тлумачыць Эла. — Гэта механізм, які рэальна працуе і які прапісаны ў дамове».

Таксама для прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый ёсць магчымасць удзела ў паседжаннях Міждзяржаўнага экалагічнага савета СНД, хаця працэдура і не прапісана. Бізнэс-супольнасць: «Трэба працаваць праз кансультатыўныя саветы».

Аптымістычна глядзіць на пытанне ўдзела Юлія Яблонская, старшыня МГА «Экапартнёрства»: «Зараз ствараецца кансультатыўны спажывецкі савет ЕАЭС — гэта для нас магчымасць праз іх лабіраваць свае інтарэсы. Механізмы ёсць, трэба іх развіваць і больш у іх удзельнічаць».

На яе погляд, удала карыстае механізмы ўплыву бізнэс-супольнасць. Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў згодны з ёй і кажа, што бізнэс-супольнасць здольная рэальна ўплываць на прыняцце некаторых рашэнняў, хоць і скардзіцца: «Нават узгодненыя рашэнні прымаюцца павольна».

Ён прыводзіць прыклад тэхрэгламенту «Пра бяспеку прадукцыі лёгкай прамысловасці»: «У Беларусі «прадпрымальнікаў прыціснулі, а Расія і Казахстан нават не пачыналі яго выконваць. Плюс яшчэ ўзялі Кіргізію [вядуцца перамовы аб яе ўступленні ў ЕАЭС — аўт.], у якой пакуль паўадкрытая мяжа з Кітаем».

«Праблем хапае. І трэба працаваць праз кансультатыўныя саветы, рыхтавацца найлепшым чынам і разумець свае магчымасці. Гэта патрабуе неймавернай кансалідацыі намаганняў грамадскасці, дзелавой і навуковай супольнасцей унутры краіны», — рэзюмуе Віктар.

Сама беларуская бізнэс-супольнасць удзельнічае ў Кансультатыўным савеце па ўзаемадзеянню Еўразійскай эканамічнай камісіі і бізнэс-супольнасці.

Мінпрыроды: «Праца ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў досыць плённая»

Рэгуляванне экалагічных пытанняў пракаментавала Наталля Храмцова, намесніца старшыні аддзела міжнароднай супрацы Мінпрыроды. Па яе словах, адмысловыя дакументы, прынятыя ў СНД, з’яўляюцца дзейснымі не толькі на паперы, імі займаюцца амаль тыя ж людзі, якія працавалі з пытаннямі экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя ў межах адмысловага савета ЕўрАзЭС. Самі дакументы, па яе словах, шчыльна пераплятаюцца: «У дадзеным выпадку ў Мінпрыроды лічаць, што праца ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў досыць плённая. Ёсць нюансы, таму ўсе прапановы ад грамадскіх арганізацый мы заўсёды вітаем», — кажа яна і дадае, што да канца траўня грамадскія арганізацыі могуць уносіць свае прапановы ў план Міждзяржаўнага экалагічнага савета да 2017 года.

Эксперт у энергаэфектыўнасці: «Мы з’яўляемся сур’ёзным арыентырам для Расіі і іншых краін»

Патрэба ва ўдзеле грамадскасці, на думку экспертаў, ёсць. Так мяркуе Аляксандр Петрусевіч, галоўны інжынер ААТ«БЕЛЛИС», эксперт праекта «Падтрымка Рэспублікі Беларусь у галіне норм і стандартаў у сферы энергаэфектыўнасці спажывецкіх тавараў і прамысловай прадукцыі».

Тэматычныя рэгламенты ЕАЭС, якія адносіліся б да энергаэфектыўнасці, зараз адсутнічаюць, а свае Беларусь адмяніла з 2013 года ў чаканні знешніх тэхрэгламентаў па маркіроўцы і энергаэфектыўнасці. Падлічаны патэнцыял энергазберажэння ад іх увядзення, па звестках Аляксандра, складае 200 млн даляраў на год, і ў бліжэйшым годзе такіх дакументаў не прадбачыцца.

Найбольш хваравітая тэма для Беларусі ў гэтых адносінах — нагляд за рынкам, для якога не стае спецыялістаў, лабараторый, органаў. Фактычна, па словах Аляксандра, такі нагляд не вядзецца.

А трэба было б, бо некаторыя расійскія стандарты — «сачыненне на вольную тэму», якое тым не менш называюць гарманізаваным з міжнароднай практыкай: «Тэлевізар класа А+ у нас і ў іх — абсалютна розныя рэчы», — кажа эксперт. І гэта не адзіны прыклад, які ілюструе агульную тэндэнцыю.

Паводле Аляксандра, па паказніку энергаспажывання (тон нафтавага эквіваленту на 1 тысячу даляраў ЗША) наша краіна значна адстае ад лепшых сусветных арыентыраў, але «на тэрыторыі Усходняй Еўропы — гэта не толькі СНД — Беларусь з’яўляецца адным з лідараў у энергазахаванні па гэтым паказніку».

«На фоне зніжэння ў разы энергаспажывання мы з’яўляемся сёння сур’ёзным арыентырам як для Расіі, так і для іншых краін, якія толькі падыходзяць да нашага шляху развіцця», — зазначыў эксперт.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость