19.09.2024 / 11:09

Падыходзіць да канца чарговы агародніцкі сезон. І мы зноўку глядзім, што  вырошчвалі на гаўбцах беларускі па ўсім свеце. І пытаемся ў іх, ці добры быў сёлета ўраджай.

Агародзік на гаўбцы. Фота - Марыі
Агародзік на гаўбцы. Фота - Марыі

Летась Зялёны партал ужо пісаў, як дзве актывісткі з Беластоку стварылі гародзікі на сваіх гаўбцах і прыдумалі хэштэг #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу.

Цяпер мы спыталі іх, ці сабраны ўжо сёлетні ўраджай, што памянялася. Аказалася, што бульбу сёлета не садзілі. Затое бульба вырасла на гаўбцы ў беларускі Наталлі ў Ізраілі.

 

«Такая асалода, як з сапраўднага гарода!»

«Летась у мяне бульба была вельмі высокая, здаровая. А ў мяне маленькі гаўбец, 0,5 х 1,2 метра. Яна палову месца заняла, – распавядае Вольга з Беластоку. –  Сёлета памідоры чэры пасадзіла. Вельмі салодкія. Як саспявалі, я іх на гаўбцы і ела. Бывае, лісце патрушчу, а яно пахне, нагадвае пра сапраўдны гарод.

Летась я садзіла нізкарослыя памідоры, і яны хутка адпладаносілі, ужо ў ліпені. А сёлета пасадзіла высокарослыя чэры – і ў верасні яшчэ ё плады. Думаю, будуць да маразоў. А галоўнае – пах!

Агуркі пасадзіла дужа рана, яны рана і саспелі. Увесну было прахалодна, то я іх перастаўляла з гаўбца на падваконне ў кватэры. Яны ўжо былі вялікія, віліся, я ставіла ім падпоркі. Яшчэ не было ў продажы такіх гуркоў, то я ўсе свае пахрумсцела.

Агуркі. Фота - з архіва гераіні
Агуркі. Фота - з архіва гераіні

Першыя два гуркі з’ела, калі яшчэ на падваконні выраслі. Улетку ўжо ўсталявала на стала на гаўбцы. Мне вельмі падабаецца пах гуркоў. Я іх зрываю і ем не мыючы, толькі абціраю.

Такая асалода, як з сапраўднага гарода! Налета пасаджу больш агуркоў, можа, два разы на сезон. Нават тры разы, я лічу, можна. І тады яны будуць да маразоў.

Я раю садзіць агуркі раней, можна ўжо ў сакавіку, адразу па адным, каб потым не перасаджваць у гаршчочкі. Хаця б два-тры гурочкі пасадзіць. А потым можна пазней яшчэ. Яны не будуць доўга расці, бо ў гаршчку мала зямлі.

Таматы. Фота -з архіву гераіні
Таматы. Фота -з архіву гераіні

Гэта не так, як у гародзе, на гаўбцы троху карацейшы перыяд вегетацыі. Агуркі любяць цеплыню і ваду. Але нават калі пачынаюцца зазімкі, то не становяцца горкімі. А вось улетку, калі мала вады, могуць гарчыць.

Сёлета ў мяне зеляніна яшчэ была: пятрушка, кроп. Нейкага ўрачыстага моманту дажынак не было. Я зрэзала чабор і сушу на гарбату. Засталіся кветкі, даспяваюць некалькі памідорак. Яшчэ расце пятрушка і размарын. Гуркі ўжо ссохлі».

 

«Парэчцы не падабаецца жыць у вядры, але іншых умоваў я для яе не маю»

«Сёлета ў мяне неймаверныя памідоры. Яны не спыняюцца. Ужо халодна, ужо пачаліся туманы, але гэта іх не спыняе, – кажа беларуска Марыя, якая таксама жыве ў Беластоку. – У мяне было два гатункі памідораў: адны адмыслова для гаўбца, а другія – чэры.

Першыя трошку паквітнелі, далі некалькі памідораў – і адышлі ў лепшы свет. А чэры вырашылі, што восень не для іх. Я не ведаю ўжо, як закрыць гэта пытанне з памідорамі. І выкінуць шкада, бо яны так ужо чапляюцца за жыццё, і надакучылі ўжо мне. Але вось. Тырчаць новыя кветкі.

Яшчэ ў мяне сёлета ўраджай баклажанаў. Яны памерам з палец, але ўсё ж – баклажаны! Добра сябе паказалі гурочкі. Мы з’язджалі, і яны такія: «Ну, што ж, будзем выжываць у цяжкіх умовах».

Базілік. Фота - з архіва гераіні
Базілік. Фота - з архіва гераіні

Класічны мой ураджай – гэта суніцы. Я іх усім раю саджаць у маленькія жбаночкі. Выходзіш на гаўбец, а ў цябе пахне суніцамі. З’ясі пару ягадак – і ўжо дзень здаецца лепшым.

У мяне сёлета расло шмат зёлак. Ужо пазразала-пасушыла. Чабор мяне дужа пацешыў, размарын. Лаўровы ліст я падкарміла, падстрыгла, і ён пачаў расці не туды, куды трэба, але не здаецца, расце, малайчына.

Сёлета ў мяне былі першыя парэчкі. Пяць ягадак я зняла. Парэчцы не падабаецца жыць у вядры, але іншых умоваў я для яе не маю.

Ураджай. Фота - з архіва гераіні
Ураджай. Фота - з архіва гераіні

На мінулых выходных я перабірала свой гародзік. Ужо нешта пажаўцела, нешта адквітнела. Было такое падвядзенне вынікаў. Наводзіла парадак. Нібыта зачыняю зямлю на зіму, такое было адчуванне.

Бульбы і перцаў я сёлета не садзіла. Летась перцы стараліся, напэўна, да Новага года. Ужо сонца не было. Ужо яны такія кволыя. Ужо не час для перцаў. Але яны такія: «Не, мы не збіраемся!»

Агулам у Беластоку вырошчваюць кветкі. Складана знайсці дом, дзе не было б ніводнага гаўбца з кветкамі. Звычайна хаця б парачка. Недалёка ад мяне ёсць балкон з памідорамі вышэй чалавечага росту. Я ім натхняюся».

 

«Мой муж марыць, каб у нас было столькі гуркоў, каб яшчэ і маласольныя рабіць»

«Калі я была маленькая, у нас было лецішча, і мяне прымушалі там працаваць. І я казала, што калі вырасту, нічым такім займацца не буду, – прызнаецца беларуска Наталля (у мэтах бяспекі імя змененае), якая жыве ў Ізраілі. – Таму гарод на гаўбцы нават для мяне самой – дзіўная гісторыя.

Раней я жыла на самым поўдні Ізраіля і там было немагчыма нічога вырошчваць, бо тэмпература падымалася да 50 градусаў. Цяпер жыву на ўзгор’ях ля Іерусаліма, і тут даволі лагодны клімат, падобны да еўрапейскага: улетку рэдка бывае больш за 35 градусаў, вялікая розніца між дзённай і начной тэмпературай, дзме вецер.

Ізраільскі агародзік на гаўбцы. Фота - з архіва гераіні
Ізраільскі агародзік на гаўбцы. Фота - з архіва гераіні

Раслінам тут добра. Гаўбец у нас вялікі і прыгожы, і ён нібы напрошваўся, каб яго чым-небудзь засадзілі. Кветкі я ўжо даўно саджала, жывучы ў розных краінах. Яны давалі адчуванне дому і ўтульнасці. А на цяперашнім гаўбцы муж зрабіў мне градку з дрэнажом, прыкладна 3 х 1.5 м. І я саджаю не толькі кветкі, а і розную гародніну.

Ідэя пасадзіць агуркі была даўно. Я не люблю ізраільскія гуркі. Яны абсалютна не падобныя да тых, што мы прызвычаіліся – вялікія, з грубай скуркай. Каб з’есці, іх трэба чысціць, і ўсё роўна гэта зусім не тое.

Калі мы пераехалі ў цяперашнюю кватэру, я пасадзіла гуркі ў пачатку верасня. Ураджай пачаўся ў канцы кастрычніка і апошні гурок я зняла 25 студзеня. У лютым я пасадзіла новыя гуркі і ад вясны да лета, да пачатку вялікай спёкі, у нас быў другі ўраджай.

Ураджай. Калаж - гераіні
Ураджай. Калаж - гераіні

Іх не было столькі, каб марынаваць, але хапала, каб паесці самім і пачаставаць сяброў. Мой муж марыць, каб у нас было столькі гуркоў, каб яшчэ і маласольныя рабіць.

Я саджала таксама памідоры і кусцік бульбы. Жартавала, што саджу бульбу не дзеля пладоў, а на кветкі. Звычайна ў мяне расце таксама нейкая зеляніна. Яшчэ купілі і пасадзілі два кусты дурніцаў. Яны ў мяне адзін сезон ужо пладаносілі.

З мясцовых ізраільскіх раслін у нас ёсць пасіфлора альбо маракуя. Яна вельмі прыгожа віецца, і плады смачныя. Яшчэ ў нас расце дрэва кумквату. Гэта маленькія цытрусавыя, якія ядуць з кажурой. Такі стымулятар ранкам, як цукеркі.

Для мяне гародзік на гаўбцы – гэта форма настальгіі, сувязі з Радзімай. Бывае, я стэлефаноўваюся з мамай і абмяркоўваю, што трэба зрабіць у гародзе. Мама дае мне парады.

Шмат маіх сяброў з тых, што засталіся ў Беларусі, набылі дамы і таксама нешта вырошчваюць. Такім чынам у нас з імі агульны працэс. Ён вельмі стваральны, займае рукі.

Ізраільскі агародзік на гаўбцы. Фота - з архіва гераіні
Ізраільскі агародзік на гаўбцы. Фота - з архіва гераіні

У Ізраілі такім не займаюцца. Вырошчваюць ці кветкі, ці пладовыя дрэвы. Лецішчаў проста няма. Тут амаль не прадаецца ні насенне, ні расада. Кола аматараў агародніцтва маленькае, людзі абменьваюцца расадай. Але агулам гэта нетыпова для Ізраіля. Для рускамоўных тут агародніцтва – гэта форма настальгіі.

Калі б у мяне быў дом на зямлі, я ва ўсю развярнулася б. З другога боку, на гаўбцы абмежаваная плошча і не трэба сыходзіць у агародніцтва з галавой».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость