19.10.2022 / 10:10

Запыталіся ў астранома, як і дзе назіраць за зорным небам Беларусi

Зорнае неба над Бярэзіною
Зорнае неба над Бярэзіною

Зорнае неба хавае ў сябе шмат таямніц і захапляе людзей непараўнальнымі па прыгажосці з’явамі: гэта i зіхаценне россыпаў зорак, i ўспышкі Паўночнага Ззяння, i яскравыя планеты, i хвастатыя метэоры.Часам дастаткова толькі падняць вочы ўгару – і пабачыш сапраўдны цуд. А часам за гэтым цудам варта выехаць далей ад дому.

Паразмаўлялі з беларусскім астраномам, каб даведацца, што цікавага можна пабачыць на небе Беларусі, з чаго пачынаць свае назiранii за небам, і ці давялося яму калісьцi пабачыць НЛА.

– Як склалася, што астраномія стала вашым хобі і вашай працай? Адкуль з’явіўся інтарэс да зорнага неба?

– Цікавасць з'явілася даўно, яшчэ ў малодшых класах школы. Тады быў такі прадмет – прыродазнаўства. У класе пятым расказваюць пра космас, планеты, сонца, зоркі. I калі ўзяць і падтрымаць гэтую захопленасць дзіцёнка, то гэта будзе на ўсе жыццё. У мяне атрымалася, што мама ў гэты час падарыла энцыклапедыю пра космас – і панеслася. Дастаткова было адной зачэпачкі.

Але прафесіяй гэта не стала, я не зʼяўляюся прафесійным навукоўцам (астраномам), я – больш папулярызатар зорнага неба. Калісьці працаваў ва ўніверсітэце, чытаў лекцыі па астраноміі, цяпер працую ў школе.

Неба над возерам Звонь
Неба над возерам Звонь

– Чым вас прываблівае зорнае неба?

– Адна з самых галоўных задач астраноміі – гэта пашырэнне нашага светапогляду. Гэтая мэта вельмі глабальная, але, тым не менш, мы не заўсёды задумваемся, што гэта для нас вельмі важна.

Нават канс’юмерыст, які толькі думае, як смачна паесці і паспаць, можа ўвечары ўключыць тэлевізар, каб паглядзець пра пінгвінаў з Антарктыды.

Вядома, што гэты чалавек наўрадці завядзе дома пінгвіна і наўрадці выправіцца ў Антарктыду. Але ў людзей есць такая асаблівасць: ім заўсёды штосьці цікава і есць жаданне зразумець сваё месца ў гэтым свеце, як гэты свет зладжаны вакол нас.

Калі мы глядзім пра пінгвінаў і цікавімся геаграфіяй, мы пашыраем свой светапогляд максімум да памераў Зямлі. Але астраномія пашырае гэтыя веды на шмат большую колькасць разоў.

Калі аднойчы ты даведаўся нешта новае, становіцца нашмат цікавей жыць, нашмат больш захапляльна і нават больш пагрозна. Але ад гэтых ведаў і ад гэтай зацікаўленасці пазбавіцца ўжо не атрымаецца.

 

Над возерам Пліса
Над возерам Пліса

– Зорнае неба Беларусі, якое яно? Што цікавага можна на ім назіраць?

– У нас неба вельмі класнае і вельмі дрэннае адначасова. Калі казаць, чаму яно такое добрае, то гэта таму, што я глядзеў карту засветкі Еўропы. Самая вялікая бяда – гэта ліхтары, якія моцна забруджваюць сваім святлом: гарадская засветка, прамысловыя прадпрыемствы. Чым больш ліхтароў, тым менш шанцаў бачыць зоркі.

Ёсць нават карта самых цёмных месцаў Еўропы, дзе вельмі складана  назіраць за зоркамі больш-менш адэкватна, бо там вялікая засветка.

У нас ад'ехаў ад гораду за 20 кіламетраў – і маеш такое ж самае зорнае неба, як у топавых месцах Еўропы. Бо карта начной засветкі рэзка абрываецца на беларуска-польскай мяжы і далей пачынаюцца беларускія цёмныя прасторы.

Дзякуючы гэтаму нам не трэба адпраўляцца ў далёкія падарожжы. Толькі Мінск перашкаджае, і ад яго трэба далей адʼехаць, а так – выбраўся ў вёску, на дачу – і ў цябе ўжо фантастычнае неба, якое могуць бачыць не ўсе жыхары Зямлі.

А што дрэннага – у нас вельмі мала ясных начэй. Мы часта кажам, што Лондан – туманны Альбіён, сталіца дажджоў. Але ў Лондане ясных начэй больш, чым у Менску.

А яшчэ ў нас досыць высокая шырата, і ўлетку занадта светлыя ночы. Сонца не апускаецца глыбока за гарызонт, неба застаецца светлым, што перашкаджае глядзець зоркі. Такая лайтовая версія белых начэй. Пры гэтым у нас нармальнае надвор'е толькі ўлетку, і палова лета выпадае з назірання з-за светлых начэй.

– Але ж нешта мы ўсё-такі можам пабачыць? Якiя сузор’і ёсць на беларускім небе?

– Насамрэч, на працягу года з Беларусі можна назіраць 80 % неба, і гэта ня дрэнна. Мы бачым амаль усе сузорʼі, акрамя самага паўднёвага маленькага «пятачка».

На вялікі жаль, на гэтым нябачным кавалку неба размясцілася столькі цікавага, столькі найвядомейшых абʼектаў, што ажно крыўда бярэ. Лепш бы нам той «пятачок» сюды (смяееца – прым. рэд.). Але 80 % сузорʼяў у нас, усё ж такі, можна назіраць.

Неба над Дняпром
Неба над Дняпром

– Як выбраць месца і час для назірання за зоркамі? Ці патрэбна абавязкова выбірацца за горад, альбо паспрабаваць паназіраць можна у горадзе, нікуды не выязджаючы?

– Трэба выязджаць абавязкова. У горадзе можна назіраць за яркімі аб'ектамі: Месяцам, планетамі, Сонцам, нейкімі падвойнымі зоркамі.

Сонца, да прыкладу, назіраць вельмі небяспечна, але ж ёсць метады, якія дазваляюць гэта рабіць. Але самае эфектнае – бясконцы россып зорак, стужка Млечнага шляху, калі неба цёмнае і на небе няма Месяцу (гэта вельмі важна). У горадзе гэтага не пабачыш.

Многія кажуць: я купіў сабе тэлескоп за дзве тысячы даляраў, ён стаіць на балконе, адкуль і буду назіраць за зоркамі. І гэта самы дрэнны варыянт. За дзве тысячы даляраў лепш купіць сабе класную палатку і маленькую машыну, якая будзе вазіць цябе за горад, каб ты сапраўды мог назіраць зорнае неба.

З уласнага балкону мы бачым вельмі маленькі сектар неба, літаральна кавалачак. Некаторыя з маіх вучняў казалі, што ніколі не бачылі Млечны шлях, але нават у Заслаўе яго бачна, а калі адʼехаць кіламетраў на 50 ад Мінска, там будзе фантастыка, а не неба.

Ноч ля Прыпяці
Ноч ля Прыпяці

– Як разгледзіць у начным небе планеты, спадарожнікі і вялікія зоркі?

– Самы просты спосаб – усталяваць на смартфон праграмы для назiрання за небам, віртуальныя планетарыі. Смартфон можна проста навесці на неба і ён пакажа, якія там ёсць зоркі, дзе якая планета, а дзе якая зорка.

I яшчэ зоркі заўсёды мігацяць i пераліваюцца. Часам нават рознымі колерамі. Некаторыя думаюць, што гэта самі зоркі, але гэта адбываецца з-за нашай атмасферы, у якой няспынна перамешваюцца цёплыя і халодныя хвалі паветра, якія пераламляюць святло. А на планеты гэтая турбулентнасць не так уплывае, і для чалавечага вока планета свеціць роўным святлом і не міргае.

А вось спадарожнікаў зараз распладзілася вельмі шмат, «дзякуючы» Iлану Маску. Мы з дзецьмі неяк вырашалі задачку, што будзе, калі Iлан Маск запусціць усе спадарожнікі на адну вышыню і запусціць іх раўнамерна, колькі адначасова спадарожнікаў будзе над гарызонтам у Мінску. Атрымалася каля 500.

Канешне, не ўсе спадарожнікі будуць бачны воку, але 500 спадарожнікаў – гэта жудасна. Як правіла, у іх вуглавая хуткасць перамяшчэння – такая, як у самалёта. Калі вы бачыце зорачку, якая не мігціць і ляціць з хуткасцю як у самалёта, – гэта, хутчэй за ўсе, спадарожнік. Бо зараз самалёты над Беларуссю з’ява вельмі рэдкая.

Неба і начная Прыпяць
Неба і начная Прыпяць

Дарэчы, сэрвісы на смартфонах, напрыклад, Heavens-above, таксама могуць паказаць, што гэта спадарожнік. Яны прадказваюць пралёты спадарожнікаў, з іх дапамогай можна пабачыць на небе і Міжнародную касмічную станцыю.

Часам людзі кажуць, што бачылі, як з неба падала зорка. Шкада расчароўваць, але, па-першае, гэта была не зорка, а метэор. А па-другое, часцей за ўсе яны ўвогуле бачылі ці сфатаграфавалі трэкі ад спадарожніка. Калі на здымку роўны трэк, без успышак белага колеру, гэта спадарожнік, бо метэор злавіць вельмі цяжка.

Калі ж МКС ляціць, яна настолькі яркая, што людзі прымаюць яе за іншапланетную талерку.

– Віктар, падкажыце, якія планеты лепей назіраць увечары, а якія – зранку.

– Па-рознаму бывае. Няма такой прывязкі, што адныя планеты з'яўляюцца ўранку, другія – увечары, трэцiя – ўвесну, чацвёртыя – ўвосені. Іхнія перыяды абароту вакол Сонца і перыяды сустрэчы з Зямлёй – не кратныя ні нашым гадам, ні месяцам, таму ўсе бывае па-рознаму.

Напрыклад, нядаўна Юпітэр прайшоў з намі максімальнае збліжэнне, Сатурн ужо аддаляецца, але яго таксама бачна. А ў Марса яркасць пачала нарастаць, бо ідзем з ім на збліжэнне. Гэта здараецца раз на два гады, і восьмага снежня мы зблізімся з ім на мінімальную адлегласць. Меркурый зараз цяжка ўбачыць, амаль немагчыма.

Венеру зараз нябачна, яна хаваецца за Сонцам. Але калі цікава, якія планеты зараз бачна, трэба запусціць праграму-планетарый і паглядзець, якія планеты ёсць у гэту ноч. Тут заканамернасці няма.

Убарць
Убарць

– Цi давялося вам быць сведкам нейкіх дзіўных i незвычайных з'яў, калi вы сачылі за небам?

– Было і не раз, канешне. Многія пытаюцца, ці бачыў калісьці НЛА. Я кажу, маўляў, канешне бачыў, шмат чаго па небе лятала, чаго я не мог ідэнтыфікаваць.

Я бачыў пралёты нейкіх цікавых незвычайных цел, цікавыя, незвычайныя ўспышкі. Я ўсё гэта звязваю са спадарожнікамі ці касмічным смеццем. Бо бывае, што спадарожнік з сонечнымі панэлямі пусціць яркі сонечны зайчык і дзякуючы гэтаму бачыш, як зорка ярка разгараецца, а потым паступова тухне.

Бывае ўзнiкне нейкая кароткачасовая ўспышка ў небе, і гэта таксама можа быць спадарожнік. Часам сустракаюцца такія рэдкія досыць з'явы, як пралёт вельмі яркіх метэораў, балідаў настолькі яркіх, што становіцца светла ад іх, з выбухамі і ўспышкамі. Гэтыя зʼявы надзвычай рэдкія, але іх можна ўбачыць у любой кропцы Зямлі і ў Беларусі таксама.

Напрыканцы лета адна з ракет кампаніі Space Links, якая запускае ўсе спадарожнікі StarLink, ляцела над тэрыторыяй Беларусі, можна было ўбачыць нават працу апошняй ступені ракеты ў выглядзе касмічнай медузы, калі гэтыя газы пакідаюць апошнюю ступень і ўтвараюць спецыфічныя формы. Яна ляцела высока, але гэты палёт можна было назіраць з любой кропкі Беларусі. I такія цікавыя зʼявы часам бываюць, і іх можна прагназаваць.

Падчас моцных магнітных бур ёсць шанец пабачыць Палярнае Ззянне. Канешне, з горада яго дакладна ніяк не ўбачыш.

Але многія зʼявы ты выпадкова сустракаеш, калі выязджаеш за горад. Хто часцей назірае за небам, той часцей будзе бачыць штосьці цікавае, прыгожае.

– Калі чалавек раптам вырашыў стаць астраномам-любіцелем, з чаго лепей пачынаць? Што вы маглі б параіць?

– Некаторыя адразу пачынаюць разважаць пра тэхніку. Яле гэта не самае галоўнае. Які ў нас будзе географ, які не ведае, дзе знаходзяцца краіны і як называюцца сталіцы гэтых краін? Безумоўна, гэта базіс геаграфіі. Тое ж самае і ў астраноміі.

Я б параіў пачаць назіраць за небам, пасачыць, навучыцца знаходзіць сузор'і, даведацца назву зорак. З некаторымі сузорʼямі, зоркамі вельмі цікавыя гісторыі звязаныя, а што цікавага знаходзіцца ў тым ці іншым сузорʼе – вось гэта такая аснова.

Вельмі раю начытацца шмат кніжак, не цяжкіх, а прыгожых, рознакаляровых энцыклапедый з прыгожымі ілюстрацыямі, нагледзецца шмат фільмаў BBC, Discovery. А ўжо пасля – задумацца пра набыццё тэхнікі, тэлескопа.

Многія часам пытаюцца, які тэлескоп выбраць? Самае галоўнае правіла – гэта выбраць той тэлескоп, які будзе часцей з вамі назіраць. Які можна вывозіць за горад, выносіць на цёмную пляцоўку, які вы зможаце падняць і перанесці.

Таму што з тэлескопамі такое правіла: чым ён лепшы, тым ён большы і цяжэйшы. Купіць лёгкі, кампактны, але магутны – не атрымаецца. І часам людзі купляюць агромністага монстра, якога потым не могуць з месца на месца перасунуць.

Калі хтосьці вырашыў набыць тэлескоп, але мае няшмат грошаў, лепш не купляць самыя простыя, самыя прымітыўныя, таму што яны адаб'юць цікаўнасць да назірання.

Калі ў фінансах есць абмежаванне, лепей тады купіце які-небудзь бінокль з невялікім павялічэннем, але вялікім абʼектывам, які дазволіць знаходзіць многія цікавыя абʼекты. I які лёгка будзе вывезці з сабой за горад. Назіраць – гэта адно з самых базавых і асноўных.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость