Як паведаміў “Зялёнаму парталу Гродзеншчыны” начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Дзмітрый Рабаў, надыходзячая зіма будзе троху халаднейшай за мінулую. Сёлета тры месяцы зімы будуць у межах кліматычнай нормы. Гэта азначае, што на моцныя маразы і вялікія гурбы снегу разлічваць не трэба.
Маразы па Гродзенскай вобласці не чакаюцца ніжэй за мінус 10 градусаў па Цэльсію, а колькасць ападкаў - у сярэднім каля 50 мм за месяц.
Цяжка сказаць, ці ляжа снег да Калядаў і Новага года, паколькі снежань дастаткова няўстойлівы зімовы месяц як у плане тэмпературы, так і ападкаў.
- Надвор’е ў Беларусі вызначае Атлантыка, таму яно ў нас дастаткова няўстойлівае, - кажа Дзмітрый Рабаў. - Усю восень у нас не было ніводнага актыўнага цыклона, якія зараз пануюць у Еўропе і прыносяць сырое, ветранае надвор’е. Сярэдняя тэмпература ў лістападзе на 3-8 градусаў вышэйшая за норму. Такое надвор’е характэрнае для сярэдзіны кастрычніка. Аднак з 22 лістапада па ўсёй краіне чакаецца пахаладанне: мінусавая тэмпература ноччу, а ў некаторых раёнах і днём, з’явіцца першы галалёд, магчымы мокры снег з дажджом. Паказчыкі стануць блізкімі да кліматычнай нормы канца лістапада. Год таму зімовае надвор’е радавала нас у суме паўтара тыдня. Прычынай гэтаму паслужыла мінулая восень, якая была дастаткова цёплай і сухой. Зіма без снегу панізіла ўзровень вады ў рэках, што выклікала засуху летам.
Палякі і літоўцы кажуць пра мяккія снежань і студзень
Каб скласці больш-менш аб’ектыўную карціну пра надвор’е бліжэйшай зімою, мы скарысталіся прагнозамі нашых суседзяў – палякаў і літоўцаў. І тыя, і другія арыентуюцца ў сваіх прагнозах на амерыканскія крыніцы, якія кажуць, што надыходзячая зіма ў ЗША і Еўропе будзе вельмі суровай. Яны прадказваюць рэкордную колькасць моцных снегападаў і нізкія тэмпературы. Аднак частка польскіх метэаролагаў, як і літоўскіх, усё ж лічыць, што зіма будзе даволі мяккая. Пад увагу яны бяруць надвор’е апошніх дзвюх зім, якія ва ўсходніх рэгіёнах Злучаных Штатаў апынуліся халаднейшымі і больш вільготнымі, чым звычайна, у той час як нашы зімы былі вельмі мяккімі. Таму і сёлета, па іх словах, снежань і студзень будуць дажджлівымі і цёплымі, а люты звычайным, характэрным.
Аднак сіноптыкі не раяць моцна давяраць доўгатэрміновым прагнозам, паколькі ўсё часцей, у сувязі са зменамі клімату прырода любіць рабіць сюрпрызы.
Клімат сапраўды змяняецца
Ці сапраўды кліматычныя змены настолькі адчувальныя і як гэта ўплывае на клімат у Беларусі? За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся да кансультанта па кліматычнай палітыцы таварыства “Зялёная сетка” Анастасіі Бекіш:
- Кліматычныя змены адбываліся заўсёды, але найбольш выразна яны пачалі праяўляцца ў выніку індустрыяльнага прагрэсу. Асабліва рэзка змены клімату пачалі адчувацца апошнія гадоў пятнаццаць. Больш часта сталі ўзнікаць ураганы, назіраецца засуха ў краінах Афрыкі, тайфуны ў Паўднёва-Усходняй Азіі, затапліваюцца астравы ў Ціхім акіяне. Кожны год лета становіцца больш спякотным і засушлівым. Лета бягучага года было, бадай, самым гарачым. Беларусі пашанцавала з геаграфічным размяшчэннем, дзякуючы чаму мы найменш адчуваем гэтыя змены. Раней у Беларусі не было ярка выражаных агракліматычных зонаў. Зараз такая зона ёсць на поўдні краіны, дзе клімат стаў такім, як ва Украіне дзесяць гадоў таму. Клімат паўночнай часткі Беларусі перасунуўся на Прыбалтыку.
Падобнай думкі прытрымліваецца і Дзмітрый Рабаў:
- На дадзены момант за кліматычную норму бяруцца сярэднія паказчыкі тэмпературы і ападкаў за перыяд 1960-1990 гг. І хоць клімат з 90-х гадоў церпіць заўважныя змены, у Беларусі не назіраецца рост анамальных з’яў. Для нашага клімату характэрна ад 9 да 30 небяспечных прыродных з’яў у год. Колькасць ападкаў не зменшылася, але яны змянілі свой характар. На поўдні краіны ўсталявалася больш трапічнае вільготная надвор’е. Калі раней летам мог ісці працяглы дробны дожджык, то цяпер гэта моцная кароткачасовая навальніца. Усё часцей назіраецца засуха на паўднёвым усходзе краіны. Сёлета чэрвень і жнівень былі анамальна сухімі. Зімы сталі больш кароткімі і больш мяккімі. Пастаяннымі сталі замаразкі ў маі.
А што народныя прыкметы?
Як нядзіўна, але ў выпадку прыродных анамаліяў і сюрпрызаў добра працуюць народныя прыкметы, якія нават атрымліваюць навуковае абгрунтаванне. У народзе дакладнымі паказчыкамі зімовага надвор’я лічыліся дрэвы, а менавіта бяроза і дуб. Калі бяроза жоўкне знізу, значыць, першы месяц зімы будзе халодны, калі з сярэдзіны - другі, калі зверху - то трэці. Па словах намесніка дырэктара Гродзенскага заапарка Віталія Гуменнага, бяроза ў гэтым годзе жаўцела зверху - значыць самым халодным месяцам зімы будзе люты. Да гэтага схіляюцца і сіноптыкі.
У той жа час калі дрэвы доўга не скідаюць лісце, як у гэтым годзе, – то зіма будзе суровай, а вясна - позняй. Гэтая прыкмета супадае з прагнозамі амерыканскіх сіноптыкаў.
Найбольш прагнозаў на зіму звязваюць з Пакровамі (14 кастрычніка). Продкі меркавалі, якое надвор’е ў гэты дзень, такою будзе зіма. Снегу і дажджу сёлета на Пакровы не было, а гэта азначае, што зіма будзе сухая, марозная, без слоты пад нагамі. Калі няма снегу на Пакровы – не чакай яго на Каляды (7 студзеня).
Наколькі зіма будзе халоднай могуць расказаць шкарлупіна жалудоў або шалупінне цыбулі. Чым яны таўсцейшыя, тым будзе халадней. Таксама добрым паказальнікам зімовага надвор’я з’яўляюцца хатнія жывёлы. Калі перад пачаткам халоднага сезону поўсць становіцца дастаткова шчыльнай - значыць іх арганізм рыхтуецца да моцных маразоў. Пчаляры могуць звярнуць увагу на паводзіны пчол: калі перад зімоўкай яны закрываюць уваход у вулей воскам, пакідаючы маленькае адтуліну, зіма будзе халоднай, калі пакідаюць яго адкрытым - цёплай. Пакуль пчолы трымаюць вуллі адкрытымі.