19.12.2016 / 15:12

Таварыства «Зялёная сетка», Установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і Фонд «Інтэракцыя» зладзілі ў Мінску першую ўсебеларускую канферэнцыю «Зробім!». На ёй арганізатары падвялі вынікі 5-гадовай працы па правядзенню уборак несанкцыянаваных звалак і абмеркавалі далейшыя крокі, як асобныя акцыі ператварыць у адзіны магутны рух. 

«За час, што існуюць уборкі, да арганізацыйнага камітэту «Зробім!» далучыліся новыя экалагічныя і каляэкалагічныя арганізацыі. У значнай ступені вырасла колькасць удзельнікаў — як асобныя актывісты, так і дзяржаўныя арганізацыі, установы, бізнэс. І мы вырашылі “развіртуаліцца” з усімі, каб надалей было прасцей працаваць з людзьмі», — зазначыла адна з арганізатарак Ганна Дапшэвічуце.

Асаблівы інтарэс арганізатараў быў у тым, каб сабраць рэгіянальных удзельнікаў руху. Бо так склалася, што з мінскімі актывістамі арганізацыйны камітэт акцыі можа мець стасункі пастаянна, а вось даведацца пра праблемы людзей з іншых гарадоў атрымоўваецца не заўсёды.

«Пры падачы заяўкі на канферэнцыю мы прасілі людзей абазначыць сферу іх інтарэсаў у «Зробім!», чаго ім не хапае, што яны хацелі б даведацца. Гэта дапамагло нам карэктна скласці праграму, запрасіць экспертаў па асобных тэмах, каб канферэнцыя не атрымалася пустой, каб быў нейкі практычны вынік з нашай сустрэчы», — падкрэсліла Ганна.

Такім чынам, былі выдзелены асноўныя тэмы блокаў, у якія ўвайшлі: пошук партнёраў, супраца з бізнэсам і дзяржаўнымі органамі, сродкамі масавай інфармацыі, прывабліванне новых людзей у рух, праблема сартыроўкі і перапрацоўкі смецця, замацаванне станоўчага эфекту пасля ўборак.

Блок па працы з дзяржаўнымі органамі. Вольга Волкава
Блок па працы з дзяржаўнымі органамі. Вольга Волкава

Блок па збору і сартыроўцы смецця. Наталля Блышчык
Блок па збору і сартыроўцы смецця. Наталля Блышчык

Блок па працы з партнёрамі
Блок па працы з партнёрамі

Блок па працы са СМІ. Антон Матолька
Блок па працы са СМІ. Антон Матолька

Па словах Ганны, усё, пра што расказвалі ўдзельнікам, бралі са свайго ўласнага вопыту, з аналізу памылак і дасягненняў пасля кожнай акцыі, з тых інструментаў, што выкарыстоўваюцца штодня.

«На жаль, напэўна, не атрымаецца даць нейкі ўніверсальны «рэцэпт» поспеху, бо сітуацыі ў рэгіёнах розныя, розныя людзі на месцах. Напрыклад, у кагосьці атрымоўваецца працаваць з лясгасамі, камусьці гэта даецца з цяжкасцю. Дзесьці свядомасць мясцовых жыхароў на высокім узроўні, да кагосьці яшчэ трэба даносіць нашы каштоўнасці і тлумачыць навошта гэта ім”», — кажа яна.

Акрамя праблем арганізатары пастараліся абмеркаваць з удзельнікамі агульныя задачы і канцэпцыі ўборак на наступны год. Важна было высвятліць, наколькі беларуская частка міжнароднага руху «Let's do it» у стане далучыцца да глабальнай мэты — у 2018 годзе ў адзін дзень на ўборку павінны выйсці 5% насельніцтва планеты. На жаль, гледзячы на выніковыя лічбавыя паказчыкі па акцыям, для нашай краіны такая мэта можа быць пакуль недасяжнай. Аднак удзельнікі паабяцалі прыкласці ўсе намаганні, каб хоць крыху наблізіцца да яе за наступны год.

«Нам хочацца, каб людзі ўключаліся ў працэс ад самага пачатку, з разліку іх магчымасцяў і сіл. У нас няма жадання прымусіць штосьці рабіць, няхай нават на карысць прыродзе. «Зробім!» — гэта валанцёрскі рух, – кажа Ганна. — І няхай традыцыйна мы праводзім 2 глабальныя ўборкі ў год, але гэта не значыць, што варта абмяжоўвацца менавіта канкрэтнымі датамі».

З гэтай нагоды арганізатары прапанавалі ў 2017 годзе зрабіць цэлы сезон — з 22 красавіка па 30 верасня. Па іх меркаванню, гэта дасць магчымасць прыбіраць людзям у любы зручны час і пры гэтым застануцца «вялікія» ўборкі на адкрыццё і закрыццё сезону.

Яшчэ ў планах арганізатараў працягваць сустрэчы з удзельнікамі, але ўжо ў межах адукацыйных семінараў, каб навучыць практычным механізмам арганізацыі ўборак і дапамагчы падцягнуць людзей ў мясцовасцях, дзе пакуль «Зробім!» не карыстаецца такой папулярнасцю.

 

Даведка:

Каардынацыяй акцыі ў Беларусі займаецца арганізацыйны камітэт, у які ўваходзяць Таварыства «Зялёная сетка», Установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў», Фонд «Інтэракцыя» і грамадская арганізацыя «Мінскае роварнае таварыства».

 

Автор:
Фотограф:
Надзея Дубоўская, Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость