20.01.2023 / 14:01

Гарады, у якіх мы жывем, маюць доўгую і складаную гісторыю і напоўнены месцамі з цяжкімі ўспамінамі, сумным лесам. Праца з падобнымі месцамі — гэта заўсёды дылема для архітэктараў і праектантаў.

Фрагмент помніку ахвярам нацыстскай Германіі "Яма"
Фрагмент помніку ахвярам нацыстскай Германіі "Яма"

З аднаго боку, горад павінен развівацца і забудоўваць усе тэрыторыі ў сваіх межах. З другога боку, наколькі справядліва будаўніцтва будынкаў «на костках».

Як знайсці этычны падыход у працы з падобнымі аб'ектамі? Як павінен выглядаць увесь працэс і хто павінен у ім удзельнічаць? Як знайсці мяжу паміж мемаріалізацыяй, якая кансэрвуе, і дэвелапментам, які ігнаруе?

Менская ўрбаністычная платформа паспрабавала знайсці адказ на гэтыя пытанні на прыкладзе беларускіх гарадоў у дыскусіі «Рэабілітацыя прастор з цяжкай гісторыяй».

 

Лагер Шталаг-352

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Пад час Другой сусветнай вайны лагеры ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі размяшчаліся у 60 населеных пунктах. У такіх месцах згінула больш за 800 тысяч чалавек.

Асаблівае месца займаў лагер Waldlager Stalag 352, які з 1941 па 1944 гады знаходзіўся ў Масюкоўшчыне. Менавіта сюды па чыгунцы звазілі савецкіх ваеннапалонных. На пачатак вайны немцы зрабілі там месца перадыслакацыі: адтуль людзей вывозілі далей у Германію і ў Польшчу.

Сам лагер падзяляўся на дзве часткі — лясную і гарадскую. Гарадская частка размяшчалася, дзе зараз праходзіць Лагойскі тракт, — гэта былыя Пушкінскія казармы. I па сённяшні дзень там таксама захаваліся некаторыя будынкі.

У перыяд з 1942 па 1942 год у Шталаге ў бесчалавечых умовах знаходзілася каля 140 тысяч ваеннапалонных, пры тым што месца было разлічана максімум на 6 тысяч чалавек. Шмат людзей заставалася на вуліцы. У паўразбураных бараках пражывала па 400-500 чалавек. Гэты перыяд быў самым цяжкім. Кожны дзень тут ад холаду і голаду, хвароб і забойств памірала 150 чалавек.

Усходняя брама Шталагу. 1941 год
Усходняя брама Шталагу. 1941 год

Да лета 1942 колькасць ваеннапалонных скарацілася да 8 тысяч, у 1944 годзе тут засталося каля чатырох тысяч ваеннапалонных. Дзякуючы медыцынскім дакументам былі ўстаноўлены дадзеныя 9 000 чалавек.

Шталаг 352 узімку 1942 года
Шталаг 352 узімку 1942 года

У 1944, пасля вызвалення, тут пачынае дзейнічаць іншы лагер сістэмы НКВД 168, у якім адбываюць свае пакаранне палонныя немцы, якія ўдзельнічаюць у адбудове Мінску. Лічба ахвяр гэтага месца на сённяшні момант афіцыйна ўстаноўлена каля 80 000 чалавек.

«Сітуацыя са Шталагам для нашай краіны ўнікальная. Бо мы маем архітэктурны ансамбль былога канцлагера, па якім можна прайсціся і ўбачыць ажно пяць гістарычных будынкаў. Аналагаў гэтаму месцу на тэрыторыі Беларусі і нават былога Савецкага Саюза няма», – адзначае прадстаўнік ініцыятыўнай групы, якая займалася пытаннямі Шталаг-352.

Баракі Шталагу 352 узімку 1942 года
Баракі Шталагу 352 узімку 1942 года

Да гэтага часу захаваліся: будынак лазарэта, будынак сталовай, дом афіцэрскага складу, будынак лазні, майстэрні, падмуркі некаторых баракаў, брук, які выкладвалі ваеннапалонныя, і пасляваенныя пабудовы пяцідзесятых гадоў. Дагэтуль у ваенным гарадку ў Масюкоўшчыне вельмі шмат зялёных насаджэнняў — старых стогадовых дрэваў.

 

Невырашанная праблема месца

Нягледзячы на трагічны гістарычны лес і нават захаваўшыяся будынкі, Шталаг-352 дагэтуль не мае ніякага ахоўнага статусу. Многія жыхары месца нават не ведалі пра тое, што існуе побач з імі. Месца знаходзіцца ў заняпадзе і можа быць разбурана ў любы момант. Аднак дзякуючы той дзейнасці, якую праводзіць група неабыякавых жыхароў, да якіх потым далучаюцца і гісторыкі, з'яўляецца надзея на захаванне гэтай часткі гісторыі.

Адзінае пазначанае месца, дзе знаходзіўся Шталаг 352
Адзінае пазначанае месца, дзе знаходзіўся Шталаг 352

Увосень 2019 года пастала праблема, калі ў Масюкоўшчыну прыехалі бульдозеры і пачалі зносіць старыя будынкі вайсковых частак, пабудаваныя пасля вайны.

Мясцовыя жыхары пачынаюць біць трывогу, бо пры зносе вайсковых частак зачапілі гістарычны будынак — гэта была аднапавярховая казарма. Калі яна была разбурана, частка гістарычных рэчаў, якія ў ёй захаваліся, была страчана.

«Будынак лазарэта — гэта асноўны будынак, за які мы пачалі змагацца ў 2019 годзе. Ён знаходзіцца ў цэнтры лагера. Можна ўзгадаць кейс з барацьбой за захаванне раёна Асмалоўка. Масюкоўшчыну часам параўноўваюць з гэтым раёнам, бо тут таксама засталіся такія двухпавярховікі. Свая атмасфера ў раёна, безумоўна, маецца», – адзначае адзін з прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы.

Трохпавярховы будынак лазарэту Шталаг 352. Фота - Віктар Талочка
Трохпавярховы будынак лазарэту Шталаг 352. Фота - Віктар Талочка

Так пачынаецца стварэнне мясцовай ініцыятывы — людзей, якія хочуць гэта месца захаваць. Ствараецца петыцыя і ідзе збор подпісаў і праца з мясцовымі жыхарамі. Расце цікавасць да гэтага месца, якое было трохі занядбанае. Аб ім пішуць у газетах, сюды прыходзяць экскурсаводы і пачынаюць абараняць гэты маршрут. Робяцца аматарскія экскурсіі і розныя праекты, у тым ліку медыяпраект — гісторыя «Кветкі для Сенькіна» і медыягід.

Iніцыятыўная група таксама спрабавала наладзіць дыялог з мясцовымі чыноўнікамі і данесці інфармацыю пра гістарычную каштоўнасць гэтага месца.

«Атрымліваецца, што вельмі шмат людзей не ведалі, што яны жывуць у такім гістарычным месцы. Мы спрабавалі дагрукацца да ўладаў з трыма пунктамі: што гэта гістарычнае месца, гэта месца зялёнае, важна для экалогіі гораду і атмасфера ваеннага гарадка прыемная для шпацыраў, і людзі хочуць яе захаваць. А таксама гэта зацікавіць гісторыкаў, экскурсаводаў».

Пад першай петыцыяй група атрымала станоўчы адказ. Абяцалі захаваць будынак лазарэта, надаць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, захаваць тэрыторыю, якая побач з ім, і разгледзець пытанне, каб зрабіць там мемарыяльны парк.

«Але мы не ведаем, якія планы ў горада на гэтае месца. На генеральным плане гэтыя будынкі ніяк не пазначаныя. Толькі будынак лазарэта пазначаны як будучы музей, а астатнія — сталовая і клуб — стаяць у плане пад зруйнаванне. Але горад абяцаў іх захаваць».

Дарога з лагера ў бок Тарасава. Фота - Віктар Талочка
Дарога з лагера ў бок Тарасава. Фота - Віктар Талочка

На сённяшні момант у будынкаў няма ахоўнага статусу. Падобны комплекс Дулаг 121 ёсць у Польшчы — там створаны музей. Будынкі засталіся захаваныя, маюць ахоўны статус, але аддадзены прыватнікам, каб тыя там зрабілі свае фірмы.

«Чаму важна захаваць Масюкоўшчыну? Гэта ўнікальнае месца, якое захавалася ў нас як комплекс, і падобных месцаў у нас няма».

 

Вывучэнне месца. Канфлікты і праблемы

Масюкоўшчына — не адзіны прыклад такога месца. Тут можна ўзгадаць і Мінскае гета, i Тучынку, дзе адбыліся массавыя расстрэлы вязняў гета, Навінкі, дзе былі эксперыменты над людзьмі, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні, Уручча, Дразды, дзе расстралялі габрэйскую інтэлігенцыю. Усе гэтыя месцы існуюць і дагэтуль, але застаюцца нявызначанымі, занядбанымі.

Каб нейкае месца з'явілася і было вызначана, каб данесці, што там адбывалася, трэба правесці пэўную працу. I першы крок — гэта вывучэнне месца, вызначэнне яго гісторыі.

Таму што нельга ўзяць адзін гістарычны перыяд і выкінуць іншы, задзейнічаць адну крыніцу інфармацыі, ігнаруючы ўсё іншае. Не заўсёды ёсць магчымасць пагутарыць з носьбітамі «жывой памяці», існуюць толькі нейкія звесткі, да таго ж яны могуць быць няпоўнымі. I гэта стварае пэўную дылему як для гісторыкаў, так і для архітэктараў.

«Калі мы працуем з гістарычнымі тэрыторыямі ў Менску, перш за ўсё трэба разабрацца з той кашай гістарычнай інфармацыі, з якой мы працуем: наколькі гэта важна і гістарычна каштоўна. I ў залежнасці ад гэтага прымаць рашэнні. I калі мы будзем браць сённяшнюю сітуацыю, тое, што мы маем зараз, i пачнем нешта развіваць, значыць, мы возьмем тое нешта скажонае, не усвядомленае людзьмі. I гэта трэба раскапаць, усвядоміць, адчуць уласнае права на гэтую гісторыю, расчысціць ад дэзгарманічных элементаў i далей развіваць горад», – адзначае адзін з экспертаў.

Помнік ахвярам Мінскага гета
Помнік ахвярам Мінскага гета

«Спачатку трэба разумець аб'ект, з якім ты маеш права працаваць. Напрыклад, гісторыя Бярэсця. Не ўсе гаражане яе добра ведаюць. Што крэпасць была пабудавана Расійскай імперыяй, калі яна будавалася, што здарылася з жыхарамі, як яны з'язджалі. Калі стары горад быў страчаны і пабудаваны сучасны цэнтр Брэста. I уся гэта гісторыя дакладна не напісана.

Па-першае, мы павінны даследаваць гэтае месца, потым зрабіць адукацыйныя праграмы і папулярызаваць. I далей ідзе канцэпцыя развіцця гэтай тэрыторыі, што мы хацелі б расказаць. Савецкі саюз для нас захаваў адну гісторыю, але ці гэта тое, што мы хочам, каб захавалася пра гэта месца? Але, відаць, гэтага недастаткова, і людзі хочуць ведаць і пра іншыя перыяды, і іншыя моманты ў гісторыі», – гаворыць экспертка.

«Первый шаг — это историзация: к какой работе мы должны обратиться, чтобы понять, что там происходило. Нет стандартного произведения к Тростинцу, к Минскому гетто, к Масюковщине. Процесс историзации не закончен. Исторически это не было проработано.

Следующий этап — это мемориализация. Если говорить про Масюковщину, здесь мы видим, что доминирует советский нарратив — нарратив ЧГК — чрезвычайной комиссии, которая эти цифры все повесила. Но это не дает глубины понимания этого места. Лучшее доказательство этому то, что местные жители даже не знали, что такое есть рядом. У нас не было педагогики исторических мест. Даже возведение большого памятника не означает, что это место было проработано. Там должны быть сформированы информационные пространства. К сожалению, музей ВОВ не справляется с этой функцией, раз в Масюковщине не знают о Шталаге 352 и это касается и других мест», — тлумачыць адзiн з удзельнікаў дыскусii.

Акрамя таго, ёсць пэўныя праблемы з канцэпцыяй развіцця гораду: як гэтае паняцце разумеюць улады, інвестары, праекцiроўшчыкі, гісторыкі і самі гаражане. Але эксперты не згаджаюцца з тым, што калі горад развіваецца, то павінен абавязкова забудоўвацца, прычым праз знішчэнне гістарычных мясцін. Для Мінска і для іншых гарадоў могуць існаваць іншыя шляхі развіцця. Што з гэтым можна зрабіць?

«Калі мы кажам пра тое, да чаго трэба імкнуцца, то развіццё — не роўна забудова. Гэта стэрэатып, які існуе ў галовах чыноўнікаў і інвестараў: развіццё — асваенне тэрыторый. Вельмі багата зямель, якія ў цэнтры гораду раздаваліся і выкупаліся. Нават на Нямізе. Яны ператвараюцца ў даўгабуды: мяняюць па некалькі інвестараў, забудоўваюцца нейкімі праектамі, якія могуць не акупляюцца і пустуюць.

Я б да ўсёй тэрыторыі гістарычнага цэнтра ці мясцін горада ставіўся як да праблемнай тэрыторыі са складанай гісторыяй. Чаму гэта так? Апошнія некалькі стагоддзяў жыхары гораду не прымалі ўдзелу ў развіцці тэрыторыі сваіх гарадоў. Фармальныя грамадскія абмеркаванні часам ігнаруюцца: ці людзі страцілі цікавасць, ці не ведалі. На сённяшні дзень нашыя гарады былі забудаваны без уліку сваёй гістарычнай асаблівасці, планіровачнай структуры, тапанімікі. Былі могілкі розных канфесій — на іх месцы ў лепшым выпадку зрабіліся паркі, у горшых — жылыя масівы. Да ўсіх гэтых месцаў прыходзіць альбо рэканструкцыя, альбо забудова», – гаворыць адзін з экспертаў.

«Говоря про конфликт, заcтройка или сохранение исторической памяти — это немного надуманно. У Минска большой потенциал для уплотнения,іпоэтому этот компромисс можно не делать и не идти на него в идеальном мире. Фактически часто оказывается, что места памяти находятся под угрозой. Достаточно болезненный пример — это строительство бизнес-центра рядом с парком на улице Сухой, где находится мемориал жертвам Холокоста. Это продолжает происходить», – дадае экспертка.

 

Узаемаадносіны гораду і яго жыхароў

У ходзе дыскусіі эксперты прыйшлі да высновы, што да вызначэння таго, як развівацца гораду далей, трэба прыцягваць таксама і яго гараджан. I асобная праца павінна праводзіцца і ў гэтым накірунку, каб пашыраць свядомасць сярод жыхароў, праводзіць адукацыйныя і інфармацыйныя праекты, знаходзіць падтрымку ў ініцыятыўных групах, а таксама будаваць дыялог паміж мясцовымі ўладамі, архітэктарамі, інвестарамі і жыхарамі.

«Каб ацэнваць ці варта, ці ня варта захаваць пэўнае месца, трэба праводзіць мульцідысцыплінарнае даследаванне, у якім могуць удзельнічаць не толькі гісторыкі, архітэктары, урбаністы, але і сацыёлагі, культуролагі, псіхолагі, а таксама самі карыстальнікі гораду — яго жыхары. Без разумення, што гэта патрэбна гараджанам, гэты аб'ект жыць не будзе», – тлумачыць эксперт.

«Важны аспект — уцягнуць звычайных людзей, якія таксама могуць удзельнічаць, не будучы спецыялістамі. Калi мы толькі пачыналі (прыклад Масюкоўшчыны) то сутыкнуліся з непрабівальнай апатыяй — людзям было нецікава, альбо яны не верылі, што могуць штосьці зрабіць. Але горад адказаў на петыцыю станоўча і людзі паверылі ў свае сілы, пачалі самі хадзіць на экскурсіі, пачалі самі рабіць там прыборку. Гэта было натхненнем і для звычайных людзей, і для прафесіяналаў», – згаджаецца ўдзельнік ініцыятыўнай групы.

«Асобнае месца ў прыняцці рашэнняў наконт будаўніцтва ці рэканструкцыі павінны таксама займаць самі гараджане. Бо менавіта яны з'яўляюцца асноўнымі карыстальнікамі горада і яго прасторы. Але, на жаль, не заўсёды іх меркаванне ўлічваецца, ці ўлічваецца вельмі фармальна. I адбываецца, што людзі не ўдзельнічаюць у развіцці гораду і не ведаюць яго гісторыі», – гаворыць адна з экспертак.

«Патрэбны адукацыйныя праекты, якія папулярызуюць гісторыю, супраца з экскурсаводамі, уцягванне спецыялістаў, гісторыкаў, і тых, хто можа пашырыць каналы камунікацыі.

Спадчына — гэта той дыялог, які існуе пра тое месца, якое мы стараемся зберагчы. I гэты дыялог вельмі важны, бо ён вызначае, хочам мы захаваць гэтую спадчыну, ці не».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость