20.02.2018 / 12:02

Ад 10 лютага ў Віцебску праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта будаўніцтва першага ў горадзе гандлёвага цэнтра “Гіпа”. Праект прадугледжвае “выдаленне аб’ектаў расліннага свету” – мяркуюць высечы каля 200 дрэваў. Але мясцовыя жыхары запэўніваюць: большасць дрэваў ссеклі яшчэ ўвосень, так што “абмяркоўваць няма чаго”…

Гіпермаркет мае паўстаць у цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Белабародава і Будзённага. На тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі і ўздоўж вуліцы Дзімітрава жывых дрэваў засталося сапраўды няшмат. У кожным разе, ніяк не дзвесце. Максімум – паўсотні. Усе – з абрэзанымі каронамі.

Паводле пашпарта аб’екта, падрыхтоўка пляцоўкі пад будоўлю і “руйнаванне наяўных забудоваў” пачалося яшчэ ў лістападзе 2017 года.

 

Жыхарка дома насупраць: Ссеклі, і ніхто ў нас не запытаўся…

“Не чулі мы ні пра якое абмеркаванне. Ды і што тут абмяркоўваць? Яны ўжо ссеклі амаль усё. Усё ссеклі, што ім трэба было, і ніхто ў нас не запытаўся. Зусім мала пакінулі. А дрэвы там шмат гадоў стаялі, абаранялі нас, добра нам было,” – распавяла Віцебскаму Зялёнаму парталу спадарыня Ніна, якая з 1962 года жыве у доме па Белабародава,1/2 – праз вуліцу ад будаўніцтва.

За агароджай – будаўнічая пляцоўка па Белабародава, 2
За агароджай – будаўнічая пляцоўка па Белабародава, 2

“У мяне вокны якраз на былы малаказавод выходзяць і на парк на гэты. І што тут рабілася, калі яны пачалі ўсё гэта нішчыць, – аж заснуць не магла. Уначы вогнішчы распальвалі, верхавіны палілі, а потым ужо пад корань секлі, каб дарога ў іх там была. Можа, там дзвесце дрэваў і не было, мы ж не лічылі, але шмат расло”, – дадае Ніна.

Да размовы далучаецца суседка Ніны. Узгадвае, што за савецкімі часамі на тым месцы і лавачкі пад дрэвамі стаялі, і ліхтары свяцілі, і ўвогуле ўтульна было. “Гэта можна было і паркам назваць, дык мы між сабой так і называлі. А цяпер нейкі новы магазін будуюць. І на чорта ён нам здаўся?..” – гаворыць жанчына.

 

Мінак: Гіпермаркет – гэта хіба дрэнна? Гэта добра!

Пра тое, што ў наваколлі дастаткова крамаў, кажуць і бабулі, якія наладзілі перад тым жа домам стыхійны гандаль “закаткамі” ды квашанай капустай.

“Тут жа і “Карона” недалёка працуе, і “Бруснічка”, і “Веста” во пад бокам, і “Ганна” трошкі далей. Хто ў той гіпермаркет хадзіць будзе, невядома. Пенсіянеры дык дакладна не пойдуць. На пенсію нашу сільна не разгонішся”, – кажа адна з жанчын.

Гэтак выглядала зялёная зона на вуліцы Белабародава ў 2010 годзе. Фота evitebsk.com
Гэтак выглядала зялёная зона на вуліцы Белабародава ў 2010 годзе. Фота evitebsk.com

І заўважае наконт дрэваў: “Шкада, канечне. Вось тут, перад “Вестай”, ліпа яшчэ восенню стаяла – дык цяпер толькі пень тырчыць. Папілавалі ўсё, паруйнавалі. А што мы можам зрабіць? У нас ніхто дазволу не пытаецца…”

Між тым, большасць мінакоў, з якімі ўдалося паразмаўляць на Белабародава, выказалі пэўную абыякавасць да факту знішчэння зялёнай зоны. “Мне ўвогуле гэта неяк “паралельна”. Гіпермаркет – гэта што, хіба дрэнна? Гэта добра!” – выказаўся мужчына сярэдняга ўзросту.

Пачулі і такое меркаванне: “Ну высякаюць, дык што – дэманстрацыю нам тут арганізоўваць ці што?..”

 

Кампенсуюць дрэвамі на Зеленагурскай

Паводле спісу, які падаецца ў апублікаванай нядаўна (стар. 96-99) справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, на тэрыторыі каля 20 тыс. м2 планавалі “выдаліць” каля 200 дрэваў, у тым ліку – больш за 100 дарослых ліпаў, 40 ясеняў, івы, таполі, вязы, клёны і асіны. Згодна з ацэнкай аўтараў справаздачы, большасць дрэваў знаходзілася ў задавальняючым стане.

Жывыя дрэвы на будаўнічай пляцоўцы выглядаюць асуджанымі
Жывыя дрэвы на будаўнічай пляцоўцы выглядаюць асуджанымі

“Уздзеянне на раслінны свет характарызуецца як памяркоўнае”, – гаворыцца ў справаздачы.

Адзначым, што праект будаўніцтва гандлёвага цэнтра прадугледжвае, між іншым, так званыя кампенсацыйныя пасадкі. Заказчык праекту – замежнае ўнітарнае прадпрыемства “БелВілесдэн” – абавязуецца высадзіць у Віцебску ў якасці кампенсацыі 450 дрэваў ліставых парод. Але саджаць дрэвы плануюць не на Белабародава, а на ўскрайку горада – каля АЗС “Лукойл” на вуліцы Зеленагурскай.

Пасля заканчэння будаўніцтва тэрыторыю гіпермаркета “Гіпа” абяцаюць азеляніць. Мяркуюць пасадзіць чатыры клёны вастралістых, кусты барбарысу, спірэі японскай, ядлоўцу, кізільніку, упрыгожыць кветкамі ды пасеяць траву. Плошча азелянення зойме, паводле праекту, 1,7 тыс. м2.

Дрэвы па-за пляцоўкай уздоўж вуліцы Дзімітрава
Дрэвы па-за пляцоўкай уздоўж вуліцы Дзімітрава

Гіпермаркет як сацыяльна-эканамічная неабходнасць?..

Згодна з праектам, “будаўніцтва гандлёвага цэнтра па вуліцы Белабародава,2 у Віцебску выклікана сацыяльна-эканамічнай неабходнасцю і абгрунтавана праектам дэталёвай планіроўкі (ПДП) горада”.

У аднапавярховым гандлёвым цэнтры агульнай плошчай 6,8 тыс. м2 размесціцца вялікі супермаркет, 9 непрадуктовых крамаў, рэстаран, салон прыгажосці, нэйл-бар, аптэка ды іншае. “Гіпа” абяцае стварыць у Віцебску 255 новых працоўных месцаў.

Будаўнічы друз і смецце на Белабародава
Будаўнічы друз і смецце на Белабародава

Грамадскае абмеркаванне праекту будаўніцтва працягнецца да 12 сакавіка. Свае заўвагі можна накіроўваць на электронны адрас заказчыка праекта (прадпрыемства “БелВілесдэн”) okopylov@willesden.by альбо ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна Віцебска (ул. Космонавтов, 3а, ideolog16@vitebsk.by). А вось заяву аб неабходнасці правядзення грамадскіх слуханняў (сходу) трэба паспець накіраваць у раённую адміністрацыю да 20 лютага. 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Что делать, если во дворе рубят деревья?

Автор:
Фотограф:
Зміцер Станіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость