Восем сябраў асацыяцыі з Гомеля, Мінска, Брэста, Пінска, Гродна азнаёміліся з побытам жыхароў вёскі Гдзень Брагінскага раёна, якую пасля катастрофы на ЧАЭС двойчы адсялялі, але там і цяпер жывуць каля сотні самасёлаў, у тым ліку два дзясяткі дзяцей, адзначае прэс-служба БАЖ.
18 красавіка прэс-тур працягваўся ва Украіне. На кантрольна-прапускным пункце Дзіцяткі, за два дзясяткі кіламетраў ад Чарнобыля, беларускіх журналістаў сустрэлі, паводле дамоўленасці, прадстаўнікі Дзяржаўнага агенцтва Украіны па кіраванні зонай адчужэння. Пасля патройнай праверкі БАЖаўцы патрапілі ў Чарнобыль, на АЭС і ў выселены горад атамшчыкаў Прыпяць. Суправаджаў удзельнікаў прэс-тура ўраджэнец Беларусі, інжынер, каардынатар ратавальных службаў пры надзвычайных сытуацыях Уладзімір Вярбіцкі.
Журналісты пабычылі на ўласныя вочы будаўніцтва новага саркафага для дадатковага ўкрыцця чацвёртага энэргаблока АЭС, які ўзарваўся 26 красавіка 1986 года. У выніку землі Украіны, Беларусі, Расіі аказаліся заражанымі радыяцыяй. Радыяцыйныя аблокі два разы абагнулі зямны шар.
Праз чарнобыльскую катастрофу беларусы зведалі эвакуацыю, розныя захворванні — найперш на рак шчытападобнай залозы. Падлічана, што эканамічны ўрон ад чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі склаў 32 гадавых бюджэты.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: СПЕЦПРАЕКТ «ЧАРНОБЫЛЬ У ТВАРАХ»