Галоўная сутнасць мабільнасці — зрабіць так, каб усім групам жыхароў горада было камфортна і жыць, і рухацца, а таксама, каб было чыста і экалагічна, кажа актывістка Зялёнай сеткі Кацярына Ганчарова.
Па яе словах, раней у межах Тыдня мабільнасці заўсёды вылучаліся 3 групы грамадзян, з якімі стараліся падтрымліваць максімальны кантакт і ўзаемадзеянне: аўтамабілісты, веласіпедысты і пешаходы. Галоўны заклік да іх быў такі: давайце разам падумаем, што можна зрабіць, каб усім 3 групам было ў горадзе добра, камфортна і якасна.
У гэтым годзе дадалі яшчэ адну, самую адчувальную да знешніх умоў катэгорыю грамадзян — людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Там, дзе веласіпедыст можа проста злезці з ровара, таму ж вазочніку лішні сантыметр бардзюра можа стаць непераадольнай сцяной на шляху.
Дык наколькі мабільны Мінск для людзей з абмежаванымі магчымасцямі?
Каб гэта праверыць, актывісты Зялёнай сеткі і Офіса па правах людзей з інваліднасцю зладзілі эксперымент. Ён выступіў сваеасаблівым краш-тэстам адносна новых вуліц і інфраструктуры Мінска, напрыклад вуліцы Зыбіцкай. Актывісты сядалі ў інвалідныя вазкі, ім завязвалі вочы, і яны спрабавалі зрабіць абсалютна звычайныя рэчы: трапіць у кавярню ці элементарна праехаць па вуліцы. Але на практыцы ўсё аказалася даволі сумна: у кавярню нармальна не заедзеш, пандусы залішне крутыя, ніякіх гукавых сігналаў, а высокія бардзюры ўвогуле станавіліся галаўным болем для актывістаў.
Акрамя таго, падчас краш-тэсту рабіліся замеры, вылучаліся праблемы і рэкамендацыі ўладальнікам тых ці іншых устаноў.
Вынік эксперыменту даволі сумны: пакуль аб нармальнай мабільнасці і безбар'ернасці ў Мінску цяжка казаць. Нават новыя вуліцы не ўлічылі старых памылак.
У інвалідныя вазкі трэба пасадзіць чыноўнікаў!
Першай думкай усплыло жаданне пасадзіць адказных за інфраструктуру і планіроўку вуліц і дамоў у вазкі і прымусіць іх у поўнай меры адчуць «мабільнасць» нашага горада. Як сказала Кацярына, гэтую ідэю хутчэй за ўсё яны паспрабуюць рэалізаваць.
Сяргей Драздоўскі, прадстаўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю, падкрэсліў, што ў заканадаўстве як бы прапісана, што пры прыёме забудоваў на месцы павінен прысутнічаць хаця б інвалідны вазок, каб была магчымасць праверыць безбар'ернасць будовы. Але на практыцы гэта амаль не выкарыстоўваецца.
Адным са сродкаў уздзеяння на цяперашнюю сітуацыю Сяргей назваў інклюзіўнасць — прынцып удзелу, то бок удзел грамадскасці ва ўдзыме і спробаў хаця б на малым узроўні палепшыць сітуацыю.
Сам офіс шмат займаецца маніторынгам розных аб'ектаў (ад культурных да звычайных шматпавярховак), выдзяленнем рэкамендацый і размовамі з адказнымі асобамі наконт таго, што варта змяніць. Але тут працы шмат, а актывістаў не хапае. Таму падчас дыскусіі ўзнікла даволі зразумелае пытанне: як можна далучыць людзей да дапамогі?
Сяргей сказаў, што, ацаніўшы свае магчымасці, яны выдзелілі 80 самых рэйтынгавых, на іх погляд, аб’ектаў, якія захацелася праверыць на безбар'ернасць. Зразумела, што патрэбных для аналізу будынкаў больш, але і гэтых досыць, каб для ўсіх стала зразумелай агульная карціна па краіне.
А наконт дапамогі ён адзначыў, што самае лепшае, калі самі людзі ацэнваюць свае аб'екты, і прадстаўляюць іх для аналізу.
Добрай дапамогай таксама з'яўляецца звычайная размова, праз якую можна спытацца, чаму тая ці іншая рэч не зробленая, і прапанаваць змяніць хаця б тое, што не патрабуе грошай, як, напрыклад, пераставіць сталы, прыбраць сметніцу ля ўвахода ў пад'езд і г.д.
Даволі складаны спосаб — правесці маніторыг па анкеце офіса, каб нанесці гэтую інфармацыю на мапу даступнасці, якая потым трапіць у агульны доступ.
Але, на жаль, як паказала дыскусія, нават не ўсе дзяржаўныя культурныя ўстановы згаджаюцца запоўніць анкеты. Пакуль абсалютна пазітыўных вынікаў адзінкі.
Бываюць нават выпадкі, што актывістам дазваляюць рабіць маніторынг толькі пасля афіцыйнага запытк і паперы. А да гэтага — канфліктная сітуацыя з выстаўленнем валанцёраў на вуліцу.
Як кажа Сяргей, з даступнасцю ў нас нават на паперы цяжка. Ён узгадаў, як 10 год таму Германія даслала афіцыйны запыт беларускаму ўраду аб прадстаўленні мапы мабільнасці, каб яны маглі працаваць са сваімі турыстамі. Наш бок быў вымушаны прызнацца, што ў нас такой мапы няма. І з-за гэтага Германія ўнесла Беларусь у чорны спіс краін, якія не рэкамендуюцца для наведвання, бо тут невядома як забяспечваецца бяспека і камфорт. І гэта вельмі моцна паўздзейнічала на нашу турыстычную галіну.
Пазітыўныя змены
Насамрэч, як высветлілася падчас дыскусу, у тым жа Мінску справа да паляпшэння мабільнасці і даступнасці ідзе. Былі выдзеленыя тыя ж ліфты на новых станцыях метро, званкі на старых, каб нехта з супрацоўнікаў метрапалітэна дапамог спусціцца. Выдзяляюць таксама некалькі новых цягнікоў, якія зробленыя па ўсіх стандартах даступнасці.
Сяргей пазітыўна ацаніў наш аэрапорт, дзе ёсць усё абсталяванне, падрыхтавана і добра працуе каманда суправаджэння. Нават каля аптэк з'явіліся спецыяльныя званкі для дапамогі ўзняцца. Увогулле падчас размовы было выдзелена і расказана шмат нейкіх нават прыватных гісторый, якія паказваюць пэўны прагрэс у гэтай справе.
Вынікі
Насамрэч, вынік толькі адзін: працягваць працаваць і паціху ўсё больш і больш тэрыторый і інфраструктуры рабіць даступнымі і мабільнымі. Але самае галоўнае — увага грамадства да гэтай тэмы, каб ствараючы гарадскую сярэду для себя, мы не забывалі пра патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.