Адзін з трох найбольш вядомых экалагічных форумаў пачаўся пад праліўным дажджом. Прамовы на адкрыцці былі кароткімі, вольных месцаў на мокрых лавах – колькі заўгодна. Але гэта не пашкодзіла святу як і летась быць шматлюдным, разнастайным і стылёвым.
Галоўная яго «фішка» – ахоп якасна разнастайнай аудыторыі. На фестывалі не будзе сумна абывацелю, а спецыяліст не стане раздражняцца прымітывам. Якасна розныя актыўнасці прывабліваюць разнастайных удзельнікаў.
Аматарам вясковага крэтыву, шашлыка і скокаў пад гармонік
Для тых, каму падабаецца атмасфера свята невялікага мястэчка, галоўная падзея – конкурс вясковых падворкаў Мёрскага раёну «Жураўліны кірмаш-2017». Тут няма вясковага каларыту, з якога б выпінала штучнасць. Усё робіцца шчыра і ад душы, з’ядноўваючы таленты павароў, музыкаў, танцораў, мастакоў.
А жоравы становяцца сапраўдным фецішам. Іх робяць з саломы, з пёраў, складваюць японскімі арыгамі і выразаюць на кавунах. «Вып’ем мы за сяброў, за журавоў», – спявалі на адным з падворкаў пад гармонік.
Спецыялісты сцвярждаюць, што ў параўнанні з іншымі беларускімі чырвонакніжнымі відамі, у журавоў найменш пагроз. Колькасць птушак расце, бо яны адаптаваліся да людзей, могуць жыць побач з намі. Куды больш трывог выклікаюць тыя віды, што не здолелі гэтага зрабіць, пакутуюць ад змяньшэння балот і высякання лясоў. Іхні стан куды больш пагражальны. Але Ельня – тэрыторыя важная менавіта для журавоў. І тут яны заўжды будуць пад пільнай аховай.
Другі сімвал свята – журавіны – упрыгожвалі любыя – ад пірожнага да каўбасы – стравы, шчодра былі рассыпаны на падворках.
І самае галоўнае – прадаваліся па рэкордна нізкім кошце. Кілаграм балотнай ягады прапаноўвалі за 2 рублі 70 капеек.
Хочаш быць бёрдвотчэрам – будзь ім
Кардынальна іншыя актыўнасці прапаноўвалі наведвальнікам спецыялісты і валанцёры грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Бясплатныя назіранні за журавамі, якія спыняюцца на Ельні ў час восеньскай міграцыі – просты і вельмі дзейсны спосаб далучыць людзей да назірання за прыродай. Па дарозе на балота прафесійныя арнітолагі папулярна і цікава расказваюць пра біялогію і паводзіны журавоў.
– Мы імкнемся зацікавіць людзей найперш не навуковымі рэчамі, а цікавосткамі, аналогіямі птушынага і чалавечага жыцця. Птушкі – добры індыкатар захавання навакольнага асяроддзя. Таму, напрыклад, жыхары Велікабрытаніі, дзе журавоў не было шмат год, зараз вельмі рады з’яўленню першых пар. Сёлета іх налічылі 5-6. А вось каб пабачыць такія зграі, як на Ельні, трэба ехаць у Беларусь, – заўважыў дырэктар грамадскай арганізаціі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.
Дырэктар АПБ разам з удзельнікамі свята хадзіў між падворкаў і з задавальненнем гутарыў з усімі жадаючымі даведацца больш пра пернатых герояў і пра перспектывы фестывалю.
Фестываль «Журавы і журавіны» пачынаўся з праекту ПРААН. Таму прадстаўнікі арганізацыі прыязджаюць на кожны фестываль.
Сёлета ў Мёрах гасцяваў насмеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар.
Былі госці з Расіі і Прыбалтыкі. І тым не менш, Аляксандр Вінчэўскі лічыць, што фестываль варты больш сур’ёзнай «раскруткі» як на нацыянальным, так і на сусветным узроўні. Магчыма, сітуацыя зменіцца пасля рэалізацыі сумеснага праекта ГА «АПБ» і Мёрскага райвыканкама. Удзельнікі праекта плануюць на працягу трох год забрэндзіраваць фестываль, пераняць вопыт падобных мерапрыемстваў, якія праходзяць зімой у Іспаніі, восенню ў Германіі і вясной у Швецыі. З’явіцца ў беларускага форума і свой дырэктар, які на працягу цэлага года будзе займацца арганізацыяй, рэкламай, весці перамовы з гасцямі і творчымі калектывамі.
Жураўліная вернасць на вуліцы Мёраў
Была на шостым фестывалі і вельмі знакавая падзея – адкрыццё скульптуры «Жураўліная вернасць». Пара журавоў паўстала дзякуючы праекту «Тарфянішчы-2». А пасля таго, як Аляксандр Вінчэўскі агучыў некоторыя факты пра гэтых незвычайных птушак, стала відавочным: скульптура будзе не толькі сімвалам фестывалю. У хуткім часу да яе будуць прыходзіць усе закаханыя раённага цэнтра.
Арнітолаг расказаў, што:
- журавы ледзь не самыя манагамныя птушкі;
- у адрозненні ад многіх птушак, журавы разам не толькі выводзяць птушанят, але і зімуюць, пара не разлучаецца ўвесь год;
- у журавоў заўсёды двое птушанят, яны ўвесь час ходзяць следам за бацькамі;
- калі з’яўляюцца малыя, дарослыя птушкі губляць махавыя пёры і страчваюць магчымасць лятаць. Пакуль не лятаюць птушаняты, не лятаюць і бацькі, бароняць малых;
- журавы танчаць свой танец круглы год, не толькі вясной.
– Мне здаецца, гэты танец – як пацалунак у людзей, – заўважыў навуковец.