21.01.2015 / 14:01

Гэты раёнчык месціцца роўна ля метро, і яго цяжка не заўважыць – двухпавярхоўкі, на іх пілястры, каваныя ўпрыгожанні і вазы. Адно з тых месцаў, па якіх не хапае гайда і дзе можна вадзіць гасцей неўзабаве можа знікнуць з карты гораду.

Ад Трактарнага – у Малінаўку

"Адсяленне яны ўжо праводзяць, - кажа экскурсавод Раман Абрамчук. - Навіна з’явілася ў самым канцы 2014 году, мы туды аператыўна з’ездзілі, 30 студзеня. Сапраўды, 10 дамоў, дзе засталіся па 1-2 сям’і і пакуюць рэчы, а астатнія ўсе пераселеныя ў Малінаўку".

У першую чаргу інвестары збіраюцца працаваць з "квадратам", абмежаваным вуліцамі Клумава, Шчарбакова, Чабатарова і Стаханаўскай – двухпавярховачкамі.

"Затым, паводле гэтага плана, пра які гаворыцца ўладамі, яны возьмуцца за ўсю двухпавярховую забудову пасёлка Трактарнага", - кажа Раман. Усяго ў раёне каля 60-70 дамоў.

Сапраўды, аб тым, што кавалачкі пасёлка Трактарнага будуць забудоўвацца некалькі дзясяткаў год і за кошт не аднаго інвестара, казалі яшчэ ў 2008 годзе. Быў матэрыял у 2011 годзе, дзе пісалі, што ў 2015 праект павінны быць завершаны. У 2012 на вуліцы Клумава мусіла з’явіцца прыватная радзільня, але гараджане дамагліся скасавання праекта.

А тым часам да гора-забудоваў, якія апынуліся дарагаватымі, адсылае зніклы Маскоўскі аўтавакзал, на месцы якога можа так і не з’явіцца нічога – "Газпрам" прыбірае прадстаўніцтва.

З 4200 да 25 000 млн квадратных метраў жылля

Цяпер жа пра Трактарны згадалі ў кантэксце будоўлі жылля ў Партызанскім раёне. Не менш як у 4 разы павялічыцца колькасць жылых плошчаў у Партызанскім раёне – аб гэтым 29 снежня сказаў Дзяніс Аўсянікаў, галава адміністрацыі раёну.

Паводле плану ў "квадраце" вуліц Стаханаўская – Чабатарова – Клумава – Шчарбакова замест існуючых 4200 мільёнаў квадратаў жылля з’явіцца 25 000 – у 6 разоў болей, як і людзей. Гэта будуць каркасна-блокавыя сяміпавярхоўкі, замоўца – УКС, а рэнтабельнасць будоўлі абяцаюць абмежаваць 5%.

Рэлікт ля метро

Але насамрэч месца для будоўлі тут вельмі зручнае – побач метро, добрая інфраструктура: крамы, дзіцячыя садкі і школы, зручны транспарт – усё, каб жыць усё жыццё і нікуды не выбірацца.

"Гэтая ідэя з 18 стагоддзя ў Англіі, тады з’явіліся першыя пасёлкі і пасля ўдасканальваліся ў Еўропе. Гэта вельмі яркая рэалізацыя", - кажа Раман.

Пасёлак трактарнага – не адзіны: Асмалоўка, якую таксама парываюцца знесці, двухпавярховачкі на Аўтазаводскай:

"Яны выбітныя сваім паважным узростам – каля 70 гадоў, будаваліся адразу пасля вайны цэльныя жылыя масівы. Яны цэльныя – а гэта значыць, у іх найлепшым чынам захоўваецца атмасфера тых гадоў, хаця многія архітэктурныя элементы ўжо зніклі – напрыклад, малая скульптура ў дварах, - кажа ён. - Гэта проста лад жыцця жыхароў – тут збольшага жывуць нашчадкі тых, хто атрымліваў тыя кватэры, жывуць па сваіх нейкіх звычаях і даволі замкнёнай супольнасцю".

Як прыклад – гульня "Гарадкі", вельмі папулярная ў СССР. Зараз захавалася дзве пляцоўкі – у пасёлку Трактарнага і ў Маладзечна. Хаця яна была распаўсюджаная паўсюль:

"Там захоўваюцца нейкія рэлікты: стадыён, дзе дагэтуль гуляюць каманды адна супраць другой у футбол… Рэчы, якія не сустрэнеш у цэнтральных дварах, дзе людзі больш раз’яднаныя".

Стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю

"Гараджане, мінчукі, якія цэняць свой горад, шануюць яго, павінныя затрымаць гэтую справу. І не проста захаваць, а паставіць тлустую кропку, каб яму надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Інакш гэты ласы кавалак будзе заўжды пад пагрозай", - кажа Раман.

Ён з аднадумцамі зараз займаецца зборам подпісаў вядомых асоб за захаванне пасёлка з перспектывай ператварэння яго часткі ў музей савецкай культуры (з мастацкімі галерэямі, медыятэкай па тэме, дызайнерскімі і фотастудыямі, музейнымі экспазіцыямі па тэме ўнутры дамоў і ў прасторных дварах).

"Але першая задача - дамагчыся прызнання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці", - кажа Раман.

Дрэвы ў дварах настолькі ж важныя для экалогіі, як і дрэвы ў парках

Забудова на месцы паселішча можа прынесці страты экалогіі гораду, бо тут, як і ў большасці старых раёнаў, вельмі шмат зеляніны, – мяркуе Ігар Корзун з кампаніі таварыства "Зялёная сетка" пад назвай "Гарадскі ляснічы".

"На прыкладзе  Асмалоўкі я скажу: на ўчастку плошчай каля 8 гектар і падобным па плошчы паркам Янкі Купалы колькасць дрэваў параўнальнае. У першым выпадку ў двух кварталах каля 1500 дарослых дрэваў старэй за 50 год. А дрэвы, якія растуць у дварах, выконваюць такую ж экалагічную функцыю, як і дрэвы ў парках", - кажа Ігар. І колькасць кіслароду, які яны даюць гораду, не залежыць ад таго, парк тут па дакументах ці не.

На тое, што, магчыма, забудоўнікі паспрабуюць захаваць частку дрэваў, Ігар адрэагаваў скептычна:

"Апошнія 10 год у нас няма практыкі захавання дрэваў на тэрыторыях, якія з’яўляюцца інвестыцыйнымі пляцоўкамі".

На думку Ігара, такія заявы могуць быць праўдзівымі толькі калі будзе зробленая якасная таксацыя раёну і будуць паперы аб выдаленні пад візай спецыялістаў Акадэміі навук: 

"Пасля шэрагу падзеяў у горадзе я не вельмі давяраю кампетэнцыі супрацоўнікаў "Зелянбуду", якія даследаванні праводзяць "на вока".

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, tut.by, Ірына, скрыншот з м/ф "Ну, пачакай!"
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость