21.04.2021 / 08:04

Гэты расповед першая гісторыя спецпраекту Зялёнага парталу "Ребята с нашего двора". Ён пра лакальны актывізм, пра беларусаў якія вучацца быць разам, і пра тое, як беларусу стаць беларусам для беларуса. Наша першая гераіня не захацела, каб яе імя гучала ў медыя. Але яе гісторыя – тыповая для мінскага двара ў другой палове 2020-га года. Тым яна і цікавая. Апавяданне ад імя адной з жыхарак.

Як двор раптам “ажыў”. Восень

Жылі мы тут, жылі, даволі доўга, ужо пяць год. Дзіцё нарадзілі, і яно падрасло. Не ведалі нікога, пару-тройку знаёмых. Але, канечне, пасля таго, што адбылося ў нас у жніўні, народ проста раз’юшаны выйшаў. І канечне ж, мы пачалі знаёміцца: “А ты хто? Адкуль ты? Што, як, дзе?” Ну і такім чынам завязаліся такія суседскія супольнсці.

Наш раён дастаткова малады, сярод нас таленавітыя людзі: музыкі, акторы. Мы захацелі нешта зрабіць для нашага раёна, дзеля таго, каб аб’яднаць тых, хто аднымі думкамі жывуць.

Пачалі арганізоўваць розныя мерапрыемствы ды імпрэзы. Спачатку паказвалі мульцікі на раёне, беларускамоўныя таксама. Знайшлі ў кагосьці экран, у кагосьці праектар, спампавалі файлы.

Далей пачалося: спартакіяды для дзяцей (як раз на 1 верасня). Удзельнікі галдзелі так, што ў лесе было чутно.

Запрашалі розных музыкаў. Імпрэз было шмат. Мы нават палічылі, што недзе сорак мерапрыемстваў зрабілі за восень. Сезон завяршыўся ў нас танцамі і блінцамі на вольным паветры.

 

Двор не спіць. Зіма

Але актыўнасці і потым не спыніліся. Мы спрабавалі зрабіць у двары каток. Не атрымалася. Замест гэтага зрабілі іглу, аграменнае. Недзе два дні было добрае надвор’е, там гулялі і дзеці, і бацькі. Потым пачалася адліга, і наша іглу растала.

Раней у нас была "мамская" суполка, мы некалькі год калядавалі па пад’ездах. Хто замаўляў нас, хто не замаўляў, чакалі, не чакалі... Мы званілі ў дзверы, спявалі песні, і нам былі радыя ў большасці выпадкаў.

А сёлета наш стары склад каляднікаў памяняўся: нехта пераехаў, у кагосьці нарадзілася дзіця... І мы прапанавалі ўдзельнічаць новым людзям, якія былі задзейнічаны ў канцэртах.

І пайшло! Народу спадабалася, нас чакалі. Файна было, што мы далучылі новых людзей. Яны ўжо абмяркоўваюць наступныя Каляды.

Калі наша "мамская тусоўка" ведала нейкія традыцыі, то сёлета давялося ладзіць яшчэ невялічкую лекцыю пра калядаванне. Стала больш крэатыву: мы прыдумалі персанажа Зайку, бо адна дзяўчына мела адпаведную шапачку. Казалі: "Мы тут беглі праз лес, да нас далучыўся Зайка, давайце вадзіць з ім карагодзікі". А песню спявалі традыцыйную калядную, "А ў заенькі тры домухны".

Але сёлета людзі не адчынялі дзверы, калі папярэдне не дамаўляліся, што прыйдуць каляднікі. Раней усё ж тыя, хто папярэдне не чакаў, усё роўна прымалі нас, былі больш прыхільнымі.

Накалядавалі сёлета меней, бо мінулымі гадамі праходзілі больш хат. Цяпер мы імкнуліся паказаць даўжэйшую праграму тым, хто нас чакаў загадзя, праз гэта атрымалася прайсці наведаць меньш кватэр.

Топ-тры падарункаў каляднікам: цукеркі, садавіна, арэхі. Грошаў сёлета давалі менш, чым летась. Яшчэ давалі хатнюю выпечку, закаткі, мёд. За стол да сябе сёлета не запрашалі, а раней і так бывала.

Мы часта хадзілі 24 снежня, 7 студзеня, калі ў людзей свае госці, накрытыя сталы, і яны нас з радасцю частавалі. А сёлета і ковід, і абставіны ў краіне, выходзіць, паўплывалі.

 

Планы. Вясна

Канечне ж, хочацца, каб усе нашы актыўнасці аднавіліся ў цёплым сезоне, і ўсе тыя сувязі, якія мы спрабавалі пабудаваць цягам восені, нікуды не згубіліся, каб яны крышачку адтаялі і з новымі сіламі мы пайшлі ў новы год. Ёсць ужо планы. Пачынаем з маленькага: з суботніка. Канечне, хочацца, каб вясна прынесла новыя сілы, новую моц. 

Адна з нашых суседак кажа: "Я зразумела, што можна разам вырашаць праблемы. Я сяджу. У мяне ідэя. Мне хочацца рабіць. Не. Гэта нейкая праблема, я не ведаю, як яе вырашыць. Я прыйшла з гэтымі думкамі да суседкі, а яна, маўляў, дык гэта можна так, і вось так..."

І мы зразумелі, што ўсе нашы праблемы мы можам разам вырашыць, бо ў аднаго адны думкі, у другога – другія, і разам мы ўсё зможам. І дапаможам адзін аднаму.

 

Ішныя тэксты пра лакальны актывізм можна пачытаць у спецпраекце "Ребята с нашего двора".

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость