Галоўных пляцовак, дзе ў нядзелю разгортваліся святочныя падзеі, было дзве: парк адпачынку на паўвостраве ў Міёрах і палі вакол горада. Туды ад паўвострава кожную гадзіну адпраўляўся аўтобус, якія бясплатна вёз жадаючых паназіраць за птушкамі. Нягледзячы на рэгулярнасць рэйсаў, чарга не знікала да канца дня. Вольна ў дні фестываля можна было наведаць і візіт-цэнтр «Ельня».
Не забівайце нашых птушак!
Перад уваходам на тэрыторыю паўвострава, дзе віравала вясёлае свята, гасцей чакала не вельмі святочная інфармацыя. Актывісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прапаноўвалі падпісаць зварот да выконваючага абавязкі прэзідэнта краіны, прэм’ер-міністра Лівана спадара Тамама Салама. У ім — просьба звярнуць увагу на птушак, якія гінуць ад рук людзей, перасякаючы Ліван.
— Забойства птушак, якіх строга ахоўваюць у паўночных краінах, — жураўлёў, буслоў, арлоў і іншых, — для ліванцаў проста забава. Гэта робіцца нават не дзеля харчавання, — патлумачылі ў АПБ. — Таму мы і вырашылі звярнуцца да кіраўніцтва Лівана з просьбай звярнуць асаблівую ўвагу на выкананне законаў, што ахоўваюць птушак у час міграцыі.
Як ілюстрацыя жахлівай інфармацыі — фотаздымкі з паляўнічымі і іх ахвярамі. А таксама лічбы: штогод у краінах Міжземнамор’я гінуць 25 мільёнаў птушак, з іх 2,5 мільёна — у Ліване. Недзіўна, што раўнадушных не было: людзі падпісваліся, а ў падарунак атрымлівалі налепку з Птушкай 2016 года ў Беларусі — гогалем. Пасля фестывалю падпісаць зварот можна будзе ў офісе АПБ у Мінску.
На Ельні гняздзяцца каля 50 пар жураўлёў, а на восеньскіх пералётах — пад 20 000
— Кожную восень мільёны птушак з Еўропы ляцяць у Афрыку. І Міёры ляжаць на шляху паўночных птушак са Скандынавіі. З 5 вышак вакол Ельні мы налічылі 3200 жураўлёў, — кажа дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.
На жаль, птушкі не канцэнтруюцца вакол багны. Але дзякуючы арганізатарам свята і спецыялістам АПБ шанс пабачыць стайкі па некалькі соцен-тысячаў птушак быў ва ўсіх гасцей Міёраў.
Нам таксама ў складзе адной з груп пашанцавала заспець стаю і паназіраць за ёю, скарыстаўшыся спецыяльным абсталяваннем.
А пужлівыя жураўлі надоўга не затрымаліся на адным месцы: стая ўзнялася ў паветра і паляцела, падарыўшы назіральнікам яшчэ больш эфектнае відовішча.
Жураўлі — на любы густ, журавіны — на любы смак
На свяце ўздоўж галоўнай алеі паўвострава спявалі, танцавалі, частавалі гасцей падвор’і. Сельскія саветы, культурныя і навучальныя ўстановы запрашалі да сябе, каб здзіўляць незвычайнымі стравамі, у склад якіх абавязкова ўваходзілі журавіны, забаўляць музыкай і песнямі, навучаць старадаўнім рамёствам.
На адным з падворкаў паказваюць вялізарны гарбуз вагой больш за 60 кілаграмаў:
— Аддам бясплатна таму, хто зможа яго знесці, — смяецца гаспадар незвычайнай гародніны.
Супрацоўнікі бібліятэкі на фоне кніжнай выставы частавалі літаратурным варэннем па ўлюблёных рэцэптах знакамітых пісьменнікаў, дзісненская майстрыха на вачах гасцей ткала традыцыйныя паясы, дзяўчаты з клуба беларуская нацыянальнай кухні «Цвецінскія прысмакі» частавалі тут жа спечанымі аладкамі...
А абавязковым персанажам на кожным падвор’і быў журавель: саламяны, вышыты, сплецены з лазы — як падказвала фантазія.
Парад падвор’яў «Жураўліны кірмаш» — конкурсны. І хаця абсалютным пераможцам быў названы Язвінскі сельскі савет, журы адзначыла лепшых у самых розных намінацыях.
У межах фестывалю былі аб’яўленыя і вынікі штогадовага конкурса-агляда на лепшае добраўпарадкванне і санітарны стан населеных пунктаў, тэрыторый, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, жылога сектара, які праводзіць Міёрскі раённы выканаўчы камітэт.
— Фестываль дазваляе не толькі надаць увагу экалогічных пытанням, але і зрабіць горад яшчэ прыгажэйшым, — зазначыў старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў.
Санака Самарасінха: «Мне здаецца, я таксама журавель, бо штогод лячу ў Міёры»
Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Санака Самарасінха прыязжае на міёрскі фестываль трэці год запар. Са сцэны ён прызнаваўся ў вялікай сімпатыі да гэтага куточка Беларусі, але пры гэтым звяртаў увагу гасцей і на сусветныя экалагічныя праблемы:
— Ваш цудоўны горад знакаміты сваім фестывалем, жураўлямі і журавінамі. Дзякуючы вашым намаганням месца, якое стварыў Бог, застаецца такім жа цудоўным, — сказаў ён. — Я даведаўся, што ў гэтым годзе вялікаму ўраджаю журавін не паспрыяла надвор’е: і дажджы, і гарачыня прыйшлі не своечасова. На жаль, змены клімату на планеце закранаюць усіх нас. Калі на Поўначы растае айсберг, то недзе на Мальдзівах знікае адзін з астравоў. Будучае чалавецтва залежыць ад таго, наколькі мы здольныя змяніць свае паводзіны. Ад гэтага ж залежыць і будучыня нашай планеты. Я ўчора наведаў Ельню і быў вельмі засмучаны: туды заязджаюць цяжкія аўтамабілі, джыпы на шырокіх колах, якія спрабуюць пад’ехаць проста да балота, пакідаючы глыбокую каляіну. Мне сказалі, што гэта — не мясцовыя жыхары. Але я лічу, што такія безадказныя дзеянні гасцей вашай зямлі павінны быць спыненыя.
Завяршыла конкурсную праграму свята самае прыгожае спаборніцтва: за права атрымаць з рук ляснога цара ўзнагароду ў конкурсе «Міёрская журавінка» спрачаліся пяцёра дзяўчат.