21.11.2014 / 12:11

Навошта трэба мінскія вятры, у чым гэтым разам вінаватыя аўтамабілі і чаму ж быў пабудаваны Кемпінскі, разважалі госці і эксперты на тэматычным ток-шоў “Водна-зялёны дыяметр: прэзентацыя і праблемы” на Мінскім фестывалі ўрбаністыкі.

Калідор і ружа

Калі Мінск яшчэ не быў двухмільённікам, Свіслач была невялічкай і ўвесь час затоплівала горад. Пазней на ёй пабудавалі Камсамольскае возера – першае ў водна-зялёным дыяметры (ВДЗ). Завяршальнай зрабілася будоўля Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, і сталіца атрымала досыць вады для сваіх прадпрыемстваў, а архітэктары – магчымасць стварыць унікальную ландшафтную разынку для гораду.

Яраслаў Бекіш
Яраслаў Бекіш

Але не толькі. Дыяметр – ён жа экалагічны калідор, праз які ў адпаведнасці з ружай вятроў адбываецца праветрыванне гораду. І калі Мінск, як прагназуюць, стане домам для трох мільёнаў чалавек, а ВЗД забудуюць - сітуацыя з паветрам у горадзе будзе крытычнай, - мяркуе Людміла Краўчук, галоўны спецыяліст Інстытута прыродакарыстання:

“З улікам рэкрэацыйнай функцыі значнасць гэтага дыяметра найбольш высокая з усіх зялёных тэрыторый, якія не ўваходзяць у яго склад”.

Натуральных фільтраў паветра ў Мінску недастаткова. У будучым вакол яго з’явіцца так званы зялёны пояс, і толькі з дапамогай яго і пры мінімальных нагрузках зялёныя зоны ў горадзе і вакол будуць спраўляцца з эмісіяй у паветра.

А тым часам месцамі на водна-зялёным дыяметры не ўсё добра: дзе жывуць чырвонакніжныя жывёлы, а дзе здараюцца лакальныя экалагічныя катастрофы. Не так даўно ў выніку будоўлі дарогі ля Серабранкі высах альшанік – перакрылі натуральны сток з балота.

У дадатак да выпадковых недаглядаў забудоўваецца праспект Пераможцаў. “Усе вы ведаеце, вялізная колькасць аб’ектаў была пабудаваная менавіта на тым баку, які мусіў застацца вольным. І на многіх месцах дыяметр перарваўся”, - кажа Павал Нішчанка, архітэктар з Мінскай урбаністычнай платформы, згадваючы сумна вядомы Кемпінскі, жылы комплекс насупраць заказніка “Лябяжы” і рэгулярныя навіны аб іншых аб’ектах.

Галоўны архітэктар: надаць водна-зялёнаму дыяметру адпаведны статус

Водна-зялёны дыяметр, паводле генплану, не мусіць забудоўвацца так, як зараз. Але, па словах Аляксандра Акенцьева, галоўнага архітэктара УП “Мінскграда” і распрацоўшчыка Генплану Мінска, некаторыя з аб’ектаў з’явіліся да ЧС па хакеі, бо кіраўніцтва лічыць, што праспект Пераможцаў мусіць быць урбанізаваным:

Я свядома не называю прозвішчаў – мяне засмучае іншае: я не ведаю, хто не спакусіўся б распрацаваць архітэктурны праект, размясціўшы яго ледзь не на святых машчах. На жаль, і надалей ёсць палітычная воля працягнуць, каб на кожным з адносна невялікіх адрэзкаў мы мелі пейзажную карціну з унікальным аб’ектам накшталт музею Айчыннай вайны”.

Бліжэйшы ў часе аб’ект – раённы суд на вуліцы Арлоўскай; магчыма, насупраць гасцініцы Беларусь, дзе зараз пешаходны масток, таксама нешта з’явіцца.

Я іншага шляху не бачу, апроч як заканадаўчага замацавання за аб’ектам яго якасці”, - кажа Аляксандр, маючы на ўвазе наданне статусу, які б падцверджваў каштоўнасць прыроднага аб’екту ВЗС. На яго думку, пытанне мог бы прасунуць голас грамадзянаў напачатку наступнага году, калі ў першым квартале пару тыдняў будзе абмеркаванне карэктуры генплана.

А паводле Ігара Корзуна з кампаніі “Гарадскі ляснічы” таварыства “Зялёная сетка”, абараняць на дыяметры ёсць што: па ўсёй даўжыні размяшчаюцца дзясяткі аб’ектаў, якія супрацоўнікі Інстытуту батанікі былі б не супраць зрабіць помнікамі прыроды: “У нас захавалася вельмі мала раслін узростам больш за 100 год, - кажа Ігар. - І большасць з іх расце ў зоне ВЗД. Яны абсалютна гарманічныя ў зялёнай зоне, але будуць глядзецца недарэчна, калі знікне ВЗД. І тады іх ніхто не захавае”. А гэтыя аб’екты – першыя прэтэндэнты на званне помнікаў прыроды, якіх у Мінску ўсяго два, ды і тыя – не асобныя аб’екты, а паркі – Горкага і Чалюскінцаў.

Што агульнага ў Мінска і Сеула

Аб іншым шляху абараніць водна-зялёны дыяметр нагадала Людміла Краўчук: апроч генпланаўскіх рашэнняў, якія парушаюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, ёсць закон аб ахове навакольнага асяроддзя. І ў ім у 2013 годзе ўзніклі пункты, паводле якіх скверы, паркі і бульвары з’яўляюцца тэрыторыямі адмысловай аховы.

Праўда, разуменне адмысловай аховы і парадак абыходжання з такімі тэрыторыямі не акрэсленыя: “Трэба гэтае пытанне падымаць, - мяркуе Людміла. - Таму што ёсць каля 3-4 гарады ў свеце, дзе такі водна-зялёны дыяметр быў адноўлены, пры гэтым знесеныя велізарныя 30-павярховыя "скрынкі", цэлыя раёны – у Сеуле, напрыклад – і адноўленая пойма ракі, таму што горад пачаў задыхацца”.

86% выкідаў сталіцы – ад аўто

Дарэчы, ад чаго ж трэба так пільна ачышчаць Мінск? Паводле Людмілы Краўчук, пераважна ад аўто - перавышэнні ПДК, якія апошнім часам здараюцца, “звязаныя з памылкамі ў сістэме кіравання горадам, калі было дазволена завозіць у горад і рэспубліку недабітыя еўрапейскія машыны. Зараз у нас 86% усіх выкідаў прыходзіцца на транспарт. І ў адрозненне ад аўтазавода, які мае ачыстку і выкіды, якія выпадаюць далёка, транспарт дыміць у вас пад вокнамі”

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость