Дапамагчы могуць людзі з зусім рознымі навыкамі. Для гэтага трэба запоўніць Google форму – і каманда Petsi звяжацца з вамі. Ксенія Папова, аўтарка праекта, кажа, што ім патрэбны і дызайнеры, і капірайтары, і піяршчыкі, і проста людзі, у якіх ёсць крыху вольнага часу.
– Мы зараз працуем над распаўсюджваннем праграмы. Ідэя запрасіць у сваю каманду валанцёраў нам прыйшла, калі карыстальнікі сталі самі пісаць, што ім вельмі падабаецца праект і яны хацелі б неяк паўдзельнічаць. Людзі пісалі з Беларусі, Украіны, Расіі – і з’явілася думка арганізаваць такую дэцэнтралізаваную каманду, якая змагла б прасоўваць праект. Нам патрэбны памочнікі, якія могуць расказваць пра Petsi, каб людзі дадавалі ў праграму сваіх гадаванцаў не толькі пасля таго, як іх згубілі, але і загадзя для страхоўкі. Каб гэта аб’ёмная праца ішла хутчэй, мы б хацелі пашырыць каманду і спадзяёмся на водгук неабыякавых людзей.
Спампаваць праграму і ўласнаручна паглядзець, як яна працуе, можна ў Google Play і iStore.
Апроч ўсяго, сёлета каманда Petsi ўдзельнічае ў Social Weekend: яны трапілі ўжо ў чвэрцьфінал. Зараз да 7 траўня для ўсіх праектаў праходзіць этап навучання. Ксенія Папова падзялілася, што Social Weekend дапамог па-новаму паглядзець на іх праект і на пошук партнёраў, у тым ліку за мяжой. У прыватнасці, яны ўжо скантактаваліся з некалькімі зоапраектамі, каб пашыраць супрацоўніцтва.