Галоўнае дрэва еўрапейскага сярэднявечча
Як распавядае Хансйорг Кюстер ў сваім бестсэллере “Гісторыя леса. Погляд з Германіі”, бук прыйшоў у Еўропу па слядах чалавека. Радзімай гэтага цяністага волата лічацца горныя экасістэмы, такія, напрыклад, як Карпаты.
Каб недзе зачапіцца і стварыць свой цяністы гушчар, буку неабходны былі ўмовы, якія, дзякуючы вогненна-падсечнаму земляробству, стварылі старажытныя людзі. Яны высякалі кавалак леса, напрыклад, дубовага ці хвойнага, апрацоўвалі зямлю, а потым, калі трэба было пакідаць ялавіну, каб зямля адпачыла, зыходзілі. Гэтыя прасторы і займалі букі, якім ужо не трэба было дужацца з іншымі дрэвамі.
Акрамя букаў у той час новыя лясы ставаралі таксама яліны. Складаецца уражанне, што гэтыя дрэвы нібы падзялілі паміж сабой Еўропу, каб дамовіцца, хто куды пойдзе. Яліны рушыліся на усход ды поўнач, а букі занялі захад ды поўдзень. Карл Ліней нават стварыў спецыяльны тэрмін, каб развесці тэрыторыі распаўсюджвання бука ды яліны — Limes norrlandicus, ці “мяжа Норланда”. Гэта біялагічная мяжа, якая праходзіла праз Швецыю.
Цікава, што бук ды яліна ствараюць вельмі цяністыя лясы, ў якіх амаль не могут расці іншыя віды. Нават дубы “выцяняюцца” букамі — ім не хапае святла, каб расці ды буйнець. Цікава і тое, што букі і дубы распаўсюджваліся таксама дзякуючы таму, што жалуды ды букавыя арэшкі людзі збіралі, а потым пакідалі там, дзе жылі. Дарэчы дубы, як і каштаны, адносяцца да сямейства букавых (Fagáceae). Хіба можна казаць, што бук вышейшы рангам за дуб у классіфікаціі раслін.
Насамрэч бук для сярэднявечнай Еўропы быў вельмі важным дрэвам. Будаваць з яго так сабе праца, але каб нешта выплавіць — лепей у Еўропе не знойдзеш. Амаль усе рамёствы залежылі ад букавага палення, якое дае вельмі добры жар. Калі, напрыклад, у хвоі тэмпература гарэння каля 624 градусаў, а жарапрадуцыйнасць 52%, то бук ды ясень даюць большыя паказчыкі — 1044 градуса і 87%. Таму плаўленне руды ці вытворчасць шкла былі без яго немагчымыя.
Але, у адрозненне ад іншых дрэў, кара бука вельмі тонкая. Як жыхар цяністых лясоў, ён нават п’е праз яе ваду, быццам гэта яго другое карэнне. Таму букі вельмі цяжка зарошчваюць розныя раны. А ў сярэднявеччы быў такі падыход, што дрэва ссякалі да пня, які пакідалі, каб ён пусціў паросткі. Інакш кажучы, падыходзілі да кожнага дрэва як наш “Зелянстрой” — рабілі яму “топінг” ды чакалі, калі нарастуць новыя галіны, якія потым можно было забіраць на дровы. З букамі такі падыход не праходзіў: дрэва гінула, а букавыя лясы паціху сыходзілі з еўрапейская прасторы.
У Германіі, як распавядае Хансйорг Кюстер, нават з 1702 года існавал закон: калі зрубіў бук ці дуб, то абавязкова пасадзі шэсць у лесе. Наколькі гэтае дрэва паважанае ў Нямеччыне, паказвае сама мова. Грэчка, напрыклад, завецца “der Buchweizen” — “букавая пшаніца”, таму што яе садзілі на месце выкарчаваных букавых лясоў. Нават “самае цывілізаванае” слова на нямецкай — кніга, ці “das Buch” — адсылае нас да гэтага дрэва. Цікава, што назва дрэва “diе Buche” гучыць як “die Bücher” — “кнігі”.
Лясы, што сілкуюць два моры
Існуе міт аб тым, што калі дожд ідзе над Львовам, то кроплі з адной паловы даха потым трапляюць у Балтыйскае мора, а з другой — у Чорнае. Гэта адбываецца таму, што горад знаходзіцца на вялікім вадападзеле. Града, па якой праходзіць гэты вадападзел, мае назву Расточча (Roztocze), пачынаецца з Львова на усходзе ды ідзе да Красніка, што ў Польшы. Невялікую частку гэтай грады займае прыродны запаведнік Расточча, створаны ў 1984-м. Плошча яго каля 2000 гектараў, 300 гектараў займае букавы лес, прызнаны міжнароднай спадчынай ЮНЕСКА і далучаны ў 2017 годзе да сеціва букавых лясоў Карпацця ды іншых рэгіонаў.
Як кажуць спецыялісты, на Расточчы сышліся тры фларістычныя вобласці — Карпаты, Палессе ды Падолле. Таму тут можна знайсці і хваёвы бор, і грабава-дубовыя лясы, і букавыя гушчары. Цікава, што хвоя, граб і дуб не вельмі патрабавальныя да глебы, а вось буку падабаецца глеба, багатая на кальцый. Часткова гэтае патрабаванне рашаецца за кошт лісця, якое можа ляжаць некалькі гадоў ды не ўпрэць. Такім чынам букі ствараюць сваю экасістэму, у якую вельмі складана трапіць розным «чужынцаў». Такіх, напрыклад, як явар ці звычайны клён. Вялікімі гэтыя дрэвы не вырастаюць, заставаючыся толькі ў падлеску.
Цікава, што тое ж адбываецца ў дубовых ці грабавых лясах, дзе лісце таксама стварае сваеасаблівую капу. Але не заўжды тая капа ідзе на карысць лясам. Напрыклад, лісце чырвонага дуба, з якім змагаюцца ў Белавежская пушчы, у нашым клімаце можа ляжаць да пяці гадоў і не ўпрэць. У выніку глеба не атрымлівае дастаткова карысных рэчываў, не мае неабходнага узроўню вільготнасці і кісларода. Таму амаль нічога пад гэтым покрывам не расце.
Зразумела, што вельмі цяністыя букавыя лясы ствараюць сваеасаблівую экасістэму. Вельмі падабаюцца яны, напрыклад, жукам-аленям. Высокая вільготнасць таксама спрыяльная для некаторых відаў архідэй, якія знаходзяць у Расточчы. Цікава, што квітнець архідэі пачынаюць на шосты-сёмы год свайго жыцця, а знакамітыя «венерыны чаравічкі» – толькі на 15-17 год. Калі я даведаўся пра гэты факт, то адразу ўзнікла думка – ці не архідэі нашыя прадзеды ды прашчуры клікалі папараць-кветкай? Пабачыць такую кветку ў лесе – гэта сапраўдны цуд ды ўдача. Таму вельмі важна захаваць, не страціць гэтыя дзівосныя расліны.
Калісці у Расточчы знаходзіліся вялікія паляўнічыя тэрыторыі польскіх каралёў, якія мелі тут сваю гасподу. Нават маці апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага была пахавана ў мястэчку Івана-Франкава, былы Янаў, што ў Разточчы. Зразумела, гэта паўплывала на захаванне лясоў. Чалавек менш бадзяўся па іх, шмат лясоў засталося ў прыродным стане. Падобная сітуацыя – не дзіва і была, напрыклад, у нашай Белавежскай пушчы, якая таксама калісці была паляўнічай гасподай (рэзідэнцыяй).
Захаваліся лясы Расточча і пад час савецкай улады. Тут нават была адна з шматлікіх дач сакратароў. Як я ўжо распавядаў, з 1984 года існуе запаведнік, які сёння ўваходзіць у склад аднайменнага біасфернага рэзервата. Што гэта значыць? Па-першае, тое, што гэтыя тэрыторыі важныя для кліматычнай адаптацыі. Яны працуюць на тое, каб змякчыць рэзкія кліматычныя змены, выкліканыя чалавечай дзейнасцю. Можна казаць, што лясы Расточча працуюць як кліматычны шчыт калі не для ўсёй Еўропы, то дакладна для заходняй Украіны.
Па сваёй структуре біясферныя рэзерваты складаюцца з трох зон. Першая — запаведнікі, дзе дзеянне чалавека зводзіцца да мінімуму. Тут працуюць толькі навукоўцы, а таксама некаторыя кавалкі тэрыторыі адчыненыя для турыстаў. Другая зона — буферная. Яна існуе па правілах нацыянальнага парка. Тут таксама абмежавана дзейнасць чалавека, але зроблены ўмовы для рэкрэацыі, адпачынку ды прыроднай адукацыі. Трэцця зона — зона перахода да антрапагенных ландшафтаў. Тут ужо пануе чалавек, вядзецца гаспадарчая дзейнасць, але ўся яна павінна падпарадкоўвацца прыродаахоўным прынцыпам. Гэта значыць, што тут магчымыя арганічная сельская гаспадарка, устойлівае карыстанне лясамі і вадаемамі ды іншая цывілізаваная дзейнасць, якой насамрэч павінен займацца чалавек.
У Беларусі статус біясферных резерватаў маюць Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны запаведнік, трансгранічны біясферны рэзерват Заходняе Палессе. Таксама я знайшоў інфармацыю пра стварэнне біасфернага рэзервата «Асвейскі — Красны бор», але ў іншых крыніцах нічога пра яго не распавядаецца. Нажаль, увогуле вельмі мала інфармацыі пра тое, як працуюць біясферныя рэзерваты ў Беларусі, як у іх вядзецца гаспадарка, як ствараюцца буферныя зоны, як яны уплываюць на клімат. Але гэта тыя веды, якія ствараюць нашу ідэнтычнасць. Калі ведаеш больш пра расліны, жывёл, экасістэмы, то і ставішся да іх з павагай. А яны адказваюць сілай і дапамогай. Як казалі нашыя прадзеды: той, хто ведае лес — той не будзе блукаць па жыцці.