23.08.2021 / 11:08

На мінулым тыдні ў Жаркаўшчыне прайшла сустрэча, прысвечаная завяршэнню чарговага этапа вялікага праекта па аднаўленню воднага рэжыма Белавежскай пушчы, які сумесна рэалізуюць грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны»,  Нацянальны парк «Белавежская пушча» і Франкфуртскае заалагічнае таварыства.

Пад час мэліярацыі ў XX стагодзі 49% балот Белавежскай пушчы было асушана, змены адбыліся ў вадатоке 12 рэчак, большасць з якіх была выпраставана. Усё гэта прывяло да таго, што вада ў Пушчы не затрымлівалася.

У пачатку XXI стагодзя пачалося вялікае усыханне лясоў, якое суправаджалася змяненнем клімата. Адной з прычын усыхання стал недахоп вады. Каб захаваць Пушчу, неабходна было нешта рабіць.

Для вырашэння праблемы быў распрацаваны праект аднаўлення воднага рэжыма, каардынатарам якога стаў спецыяліст грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук.

Гідралагічны рэжым у Пушчы пачалі аднаўляць з балота Дзікае ў 2006 годзе. Апошнія работы там закончыліся ў 2019 годзе, і сёння мы можам ужо рабіць некаторыя высновы. Так навукоўцы лічаць, што на балоце Дзікае адбылося аднаўленне 45-50% тэрыторыі. Гэта вельмі добры паказчык, як адзначыў у сваёй прэзентацыі Дзмітрый Груммо, намеснік дырэкатара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча.

На сённяшні дзень таксама зроблены работы па аднаўленню гідралагічнага рэжыма на рацэ Саломенка, ў балоце Дзікі Нікар, у Папялёва ды на іншых вадатоках Белавежскай пушчы.

Усе праекты накіраваныя на тое, каб зменшыць уплыў чалавека. Так, напрыклад, у Жаркаўшчыне мэтай было вяртанне да гідралагічнага рэжыму, які існаваў да стварэння мясцовай сеткі каналаў.

Калі і чаму гэтыя каналы з’явіліся, дакладна невядома. Як распавёў у сваёй прэзінтацыі Дзмітрый Бернацкі, начальнік навуковага аддзела Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», калі спраўджваць мапы, то бачна — сець асушальных каналаў з’явілася тут ў 20-30 гадах XX стагоддзя.

Трэба адзначыць, што гэтыя мясціны, вядомыя як Свіслачская пушча, некалі належылі знакамітаму беларускаму роду Тышкевічаў. Іхняя галоўная рэзыдэнцыя знаходзілася ў Лагойску, але Тышкевічы таксама панавалі ў Біржаі (Літва) і нават у Бярдзічаве (Украіна).

Да сённяшнега часу захаваўся дом Тышкевічаў у Жаркаўшчыне. Напрыканцы XIX стагоддзя Вінцэнт Тышкевіч нанова перабудаваў маёнтак у Свіслачы. Тытул графа Лагойска ды Свіслачы меў і ягоны пляменнiк Тадэвуш Тышкевіч, які падтрымаў паўстанне 1830-1831 гадоў. Пасля яго вымушанай эміграцыі Свіслачская пушча была канфіскаваная.

Сюды Тышкевічы вярнуліся толькі на пачатку XX стагоддзя ды ізноў распачалі гаспадарчую дзейнасць. Напрыклад, у 1936 годзе яны адбудавалі нанова маёнтак у Жаркаўшчыне. Таксама былі арганізаваны работы па лясной меліярацыі.

Для таго, каб павысіць якасць ды аб’ём драўніны, было прынята рашэнне зрабіць сець каналаў. Гэта дазваляла знізіць вільготнасць у лесе, каб мець магчымасць гадаваць эканамічна больш каштоўныя пароды.

Пад час Другой сусветнай вайны Тышкевічы зноў сыйшлі. У 1957 годзе Белавежская пушча атрымала статус Дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадаркі, у яе склад вайшла частка Свіслачскай пушчы. Лесанарыхтоўчая дзейнасць была спынена, сець каналаў больш ніхто не развіваў.

Галоўная мэта сённяшняга праекта аднаўлення воднага рэжыма — захаваць ваду ў Пушчы. Для гэтага было прынята рашэнне зрабіць невялічкія земляныя дамбы па ўсёй даўжыні каналаў. План быў распрацаваны палескімі гідролагамі.

Усяго усталявана 105 земляных дамбачак: кожная там, дзе ідзе паніжэнне ўзроўня на 30 сантыметраў. Дамбы зробленыя так, каб вада мела магчымасць абцякаць, але не перацякаць іх. Тое, што гэта дапаможа захаванню вады, бачна ўжо зараз.

Як давялося пабачыць Зялёнаму парталу, навуковая праца ў Пушчы ідзе без перапынку. Калі ўдзельнікі мерапрыемства ішлі да адной з дамбачак, каб разрэзаць сімвалічную чырвоную стужку, тым самым пазначыўшы завяршэнне работ, навукоўцы заўважылі белую піхту (Ábies álba). Гэтыя дрэвы растуць у Пушчы, але лічылася, што ў іншых мясцінах.

Адразу было арганізавана абмеркаванне пытання, як дрэвы з’явілася менавіта ў гэтай частцы леса. Усё гэта толькі падкрэсліла ўражанне пра тое, што Пушча – таямнічае места. Настолькі, што дастаткова часта здзіўляе нават тых людзей, якія ведаюць яе вельмі добра.

У наступным годзе праект па аднаўленню воднага рэжыму ў Пушчы плануецца працягнуць. Работы пройдуць на рэчцы Нараўка, на Галевых балотах ды ў Нікары.

Каб замацаваць вынікі, неабходна ўключэнне ўсіх удзельнікаў прыродакарыстання Пушчы. Таму пытанню вады была нададзена асаблівая ўвага пры распрацоўцы Плана кіравання Нацыянальным паркам на 2022 – 2031 г.г.

Як сведчаць спецыялісты, неабходна, каб да работы па захаванню вады далучылася і сельская гаспадарка. Каб былі створаныя буферныя зоны, а пажадання навукоўцаў улічваліся ў тым ліку пры такіх працах як, напрыклад, касьба.

Трэба дадаць, што праект мае трансгранічны статус. Вада не прызнае дзяржаўных межаў, цячэ туды, куды яе клічуць законы прыроды. Таму без работ у польскай частцы Белавежскай пушчы нельга будзе дасягнуць жаданага поспеху.

Здароўе леса залежыць ад вады, ад таго, ці захаваецца яна ў экасістэме, што дапаможа развіццю біяразнастайнасці. А здаровы лес — гэта нашае з вамі здароўе. 

Автор:
Фотограф:
Аляксей Аўчыннікаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость