Навучылі польскія майстры, а дапамагаюць аднавяскоўцы
Дзесяць гадоў таму Вольга пазнаёмілася ў Польшчы з тэхналогіяй крыцця дахаў з натуральных матэрыялаў — трыснёг, дранка, гонт. Паколькі ў Беларусі такога не было, яна вырашыла наладзіць вытворчасць на радзіме. Пачыналі з вучобы сваіх майстроў. Жадаючых доўга шукаць не давялося: выказалі жаданне мясцовыя хлопцы. Вучылі іх польскія ўмельцы. Практыкаваліся на страсе Вользінага старога дзедавага дома.
— Калі мы пачалі вучыцца, прыйшоў старэнькі дзядок з кіем. Паглядзеў, папляваўся. Пытаюся ў яго, у чым справа. Расказвае, што жыў у гэтай хаце яго сябар. Дзеду сказалі, што тут «красату робяць». Прыйшоў паглядзець ажно за тры кіламетры. «А ў вас, — кажа дзед, — нават грошай на шыфер няма, чаротам крыеце». Я тады вельмі засмуцілася. Падумала, ці вартую справу раблю. Вось такі пачатак нашай працы быў, — узгадвае Вольга.
У асноўным майстрамі працуюць мужчыны, якія мелі вопыт дрэваапрацоўчай працы. На дадзены момант у гаспадарцы працуюць агулам дзевяць чалавек, але не ўсе робяць дахі. Большасць занятая на станках па вырабе дранкі, шчапы і пляценні трысняговых і лазовых матаў.
Для крыцця страхі дастаткова аднаго майстра і двух памочнікаў. На сартыроўку трыснягу ходзяць жанчыны. Летам іх больш, бо зімою няма дзе размясціцца, не хапае памяшкання.
Не можаш купіць — вучыся рабіць сам
Не кожны можа дазволіць сабе дах з натуральных матэрыялаў, бо гэта дастаткова дорага. Таму ў гаспадарцы прапануюць навучанне. Спачатку чалавек, які жадае авалодаць майстэрствам крыцця дахаў, вучыцца на працягу тыдня. Майстар глядзіць, ці атрымліваецца. Калі ўсё добра, жадаючы працягвае вучыцца і нават атрымлівае грошы за працу. Калі чалавек не мае здольнасцей да такой справы, з ім развітваюцца, каб не траціць дарэмна час.
Па словах Вольгі, навучанне карыстаецца вялікай папулярнасцю. Зараз модныя экадамы і экапаселішчы. Вучыліся ў іх двое хлопцаў з экапаселішча пад Мінскам. Звяртаўся за кансультацыяй малады дызайнер зса сталіцы. Сам будаваў дом, вучыўся ў іх рабіць дах са шчапы, фасад дома таксама ёю абшыў.
— Нядаўна звярнуўся хлопец, таксама з-пад Мінска, які надумаў будаваць дом з гліны, але ў складзе самана будзе не салома, а трыснёг. Таму яму патрэбныя адкіды ад трыснягу (калі мы робім маты, станок абразае з двух бакоў па 5 см). Даслаў нам каля 500 мяшкоў, ужо два месяцы мы для яго збіраем гэты матэрыял. Спачатку думалі, навошта нам гэта патрэбна, прасцей выкінуць. А потым прыйшлі да высновы: раз людзі маладыя, развіваюцца, маюць жаданне спрабаваць нешта новае, трэба дапамагчы, — распавядае Вольга.
Тэхналогія падрыхтоўкі трыснягу і попыт на прадукцыю
Трыснёг у гаспадарцы нарыхтоўваюць самі, таксама купляюць у Расіі і Польшчы, бо ў Беларусі яго не хапае, масавыя нарыхтоўкі непрынятыя. Сыравіну набываюць брудную, несартаваную. Частку яе пакідаюць на дах. Трыснёг павінен мець гадовы узрост, быць тонкім, як салома, каб можна было яго збіць на страсе, спрасаваць. Таўсцейшыя сцёблы выкарыстоўваюць для вытворчасці матаў. Ачышчаць трыснёг не трэба, бо нарыхтоўваецца ён зімой, пасля таго, як яго ачысціць мароз.
— Мы ніколі не ведаем, якая салома ў полі. Сухой ці мокрай яе ўкладалі ў стагі, якая колькасць насякомых і грызуноў жыве ў ёй. Зараз модна казаць «экалагічна чыстая салома». Адкуль ёй узяцца ў нас? Не паспелі пасеяць, як ужо пайшлі трактары з хіміяй для падкормкі, апрацавалі ад пустазелля і паразітаў. А трыснёг на балоце расце, яго ніхто не апрацоўвае ніякай хіміяй, — тлумачыць Вольга перавагі гэтага матэрыялу.
Вялікім попытам карыстаюцца трысняговыя і лазовыя маты. Большасць гэтай прадукцыі ідзе ў Расію. Ёю дэкаруюць сцены, падшываюць столі, выкарыстоўваюць у рэстаранах або для ізаляцыі нейкай зоны.
— Гэта наша асноўная вытворчасць, працуем ледзь не ў дзве змены, — прызнаецца Вольга. — Дахамі займаемся ў асноўным у Беларусі. З Расіі таксама часта тэлефануюць, але мы туды не ездзім, бо далёка, трэба думаць пра пражыванне, харчаванне. Пакуль тут хапае працы. Летам тэлефануюць бясконца, але не кожны сабе можа дазволіць, таму многія хочуць вучыцца.
«Імітацыя трысняговага даху — толькі наша выдумка»
Каб больш папулярызаваць дахі з натуральных матэрыялаў, у гаспадарцы прыдумалі рабіць імітацыю даху з трыснягу.
— Трысняговы дах значна цяжэй класці, чым драўляны. Патрэбныя сур’ёзныя навыкі, ды і не кожны мае грошы. Імітацыю лёгка зрабіць самому, прымацаваўшы трысняговыя пукі стэплерам або самарэзам. Дарэчы, імітацыя — гэта толькі наша выдумка. Нідзе ў Еўропе вы гэтага не знойдзеце, нават у суседняй Польшчы, — хваліцца Вольга.
Аднак імітацыя не з’яўляецца паўнавартасным дахам, як традыцыйны трысняговы дах. Пад яго патрэбная гідраізаляцыя, таму для дома яго нельга выкарыстоўваць, хутчэй як дэкарацыю для малых гаспадарчых пабудоў: альтанкі, хлеўчыка.
Трысняговы дах не саступае металачарапіцы
Трысняговы дах не баіцца снегападаў, навальніц, сонцапёку і ветру. Ён абсалютна экалагічны ў параўнанні з шыферам, які ўтрымлівае шкоднае рэчыва — асбест. Пры правільнай укладцы трысняговы дах не пашкодзяць ні агонь, ні ўраган. Чаго не скажаш пра дахі, пакрытыя шыферам або металачарапіцай. Таксама дах з трыснягу дазваляе падтрымліваць стабільную тэмпературу: узімку будзе цёпла, а летам халаднавата. Такі дах не патрабуе вентыляцыі на гарышчы, дадатковага ўцяплення. Ён добра паглынае гукі (лепш, чым шклавата).
З мінусаў Вольга адзначае высокі кошт. На квадратны метр ідзе вельмі шмат матэрыялу — 10-12 снапоў па 1,5-2 долары за адзін. Сам матэрыял, яго нарыхтоўка (скасіць, перабраць, звязаць) і карпатлівая праца майстра цягнуць дадатковыя выдаткі.
Ёсць і тэхнічны мінус. На любую страху такі дах не пакладзеш. На плоскай страсе ён хутка згніе, таму вугал нахілу канструкцыі павінен быць дастаткова высокім (не менш за 40 градусаў), каб нармальна сцякала вада.
Драўляны дах — беларуская аўтэнтыка
Драўляны матэрыял для дахаў — дранку, гонт і асінавую шчапу — у гаспадарцы робяць самі на спецыяльных станках. Найбольш папулярныя дахі з асінавай шчапы.
— Я думаю, для Беларусі больш традыцыйны драўляны дах, — кажа Вольга. — З дранкі і шчапы заўсёды былі аўтэнтычныя беларускія дахі. Трыснёг для крыцця стрэх усё ж больш выкарыстоўваўся ва Украіне.
Аднойчы Вольга шукала старыя кросны. Ёй параілі звярнуцца да бабулі ў Свіслацкім раёне. Бабуля старэнькая, пад 90 гадоў, таму залезці на гарышча па кросны сама не магла, паслала Вольгу.
— Залезла я і ўбачыла страху, пакрытую шчапой, зверху шыфер. Мне ўжо не да кроснаў было. Папрасіла ў бабулі дастаць кавалачак – а шчапа знутры бялюсенькая, не згніла. Пытаюся, навошта хату шыферам закрылі. Бабуля кажа, што гэта яшчэ яе бацька зрабіў, бо толькі бедныя з драўлянымі дахамі заставаліся, — распавядае жанчына.
Калі браць Англію або Галандыю, то ў іх забаронена крыць стары дом, калі ён быў крыты трыснягом або дрэвам, іншым матэрыялам. Калі дах сапсаваўся, ён павінен быць перакрыты такім самым матэрыялам.
Праекты, рэалізаваныя гаспадаркай
Найбольш буйны беларускі праект фермерскай гаспадаркі «Хілякі» — рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Працавалі і ў Расіі: пастаўлялі матэрыял на рэстаўрацыю старой царквы XVIII ст. пад Псковам. На Гарадзеншчыне рабілі аб’екты ў Ласосна і Баранавічах, Скідзелі, Свіслацкім раёне, крылі 4 аграсядзібы пад Ваўкавыскам. Сёлета дахі з натуральных матэрыялаў сталі замаўляць менш. Калі раней кожнай восенню шмат людзей запісвалася ў чаргу на вясну, то ў гэтым годзе замоў няма. Пакуль гаспадарка будзе дарабляць тыя аб’екты, якія засталіся незавершанымі. Напрыклад, маёнтак у Падароску. Там, калі Міністэрства культуры дасць дазвол на рэстаўрацыйныя працы, будуць крыць дах дранкай.
Здымкі з архіву Вольгі Саламенік