24.07.2026 / 18:07

Дзе шукаць вытокі беларускіх паданняў і як нашы продкі звязвалі містыку з рэальным навакольным асяроддзем? Ствараючы падкаст "Міфічная Беларусь", аўтары  апрацавалі дзесяткі крыніц. У гэтым артыкуле стваральнікі дзелюцца найбольш цікавымі кнігамі і матэрыяламі, якія дапамогуць па-новаму зірнуць на беларускую прыроду і фальклор.

Вёска Бытча, Мінская губерня, пачатак ХХ стагоддзя. Фота – Сяргей Пракудзін-Горскі
Вёска Бытча, Мінская губерня, пачатак ХХ стагоддзя. Фота: Сяргей Пракудзін-Горскі, belarus.nemiga.info

 

Магічная расліна Баршчэўскага – рэальная

Кожны мусіць трымаць дома асобнік Яна Баршчэўскага – так мы ўяўляем ідэальны свет. Канешне, хто не чуў пра яго "Шляхціца Завальню", але наўрад ці вы памятаеце, як з'явілася гэтая кніга. І наўрад ці здагадваецеся, што не ўсё там прыдумана.

Прадмова да кнігі напісана ў Расіі, дзе аўтар сумаваў па дому. Хаця здаецца, што жанр кнігі – мастацкі, па сутнасці гэта мастацкая апрацоўка гісторый, "родных успамінаў", якія аўтар чуў у дзяцінстве... Якое прайшло аж два стагоддзі таму.

Дзяцінства пісьменніка прайшло на землях, частка якіх зараз з'яўляецца тэрыторыяй Беларусі, а частка – Расіі. Аўтар апісвае іх як пакрытыя густымі лясамі і дзікія, бедныя і прасякнутыя сумам цяжкага жыцця.

Зямкевіч “Ян Баршчэўскі – першы беларускі пісьменнік XIX сталецця”
 Зямкевіч “Ян Баршчэўскі – першы беларускі пісьменнік XIX сталецця”, Вільня, 1911. Фота – wikimedia.org

"Не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французкае палаты (…), не чуваць пра англійскі парламент (ані) пра чыгункі", – піша Баршчэўскі.

Ён дадае, што памяць малюе яму берагі ўлюбёнага возера Нешчарда, а таксама прыносіць апавяданні люду. У іх "цяжка знайсці поўную праўду, аднак можна бачыць след мінуўшчыны", – зазначае аўтар.

Што цікавага ў кнізе? Напрыклад, мы даведаліся, што цудоўная міфічная расліна росіца – сапраўдная. У кнізе яна ратавала не ад хвароб, а ад чараў і расла на балоце, а раса на ёй ніколі не сохла... У рэальнасці гэта маленькая драпежная расліна, якая ловіць насякомых. Адзін з яе падвідаў у Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу.

Фота той самай расліны на Міёршчыне
Фота той самай расліны на Міёршчыне. Фота – Міёрскія навіны

Паслухаць пра расіцу і іншыя купальскія цуды можна ў выпуску "Міфічная Беларусь: купальская ноч, магія і навука".

 

Шэйн, які пісаў пра беларусаў

Яшчэ адна даўнейшая кніга – менш мастацкая праца этнографа Паўла Шэйна "Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю" 1902 года. Хоць назва "рускае насельніцтва" сёння гучыць сумнеўна, гаворка пра часы Расійскай імперыі, часткай якой мы былі.

Унутры самога выдання Шэйн паслядоўна піша менавіта пра беларусаў, мову, абрады і фальклор. Аўтар склаў інструкцыю па зборы фальклору і разаслаў па розных губернях, адкуль і прымаў матэрыялы ў 1860–1870-х гадах.

Праз атрыманыя матэрыялы ён паказаў, што ў беларусаў было своеасаблівае стаўленне да лесу. З аднаго боку, скрасці лес у памешчыка не лічылася вялікім грахом, бо "лес насіяў Бог, ніхто яго ні росьціў ні годуваў, ён нічый". З іншага боку, у лесе жылі тагасветныя істоты. Калі чалавек заблукаў, сяляне казалі, што яго "плачысьнікі водзялі".

Зрэшты, у Шэйна не згадваецца ніхто накшталт ляснога бога (хіба валадар лесу мядзведзь). Але ў іншых крыніцах такія згадкі былі. Больш падрабязна пра гэта слухайце ў выпуску "Паганскі бог і сукцэсія. Як жывуць і каму належаць беларускія лясы?".

Выява лесавіка”, маркі “Белпошты”
Выява лесавіка”, маркі “Белпошты”. Фота:  Белпошта

 

БГАТУ выдаў кнігу пра сувязь экалогіі і традыцыйных ведаў

Лес быў сакральным, "святыя гаі" і "прошчы" са старымі дрэвамі лічыліся недотыкальнымі, а шкода ім магла выклікаць пакаранне ад звышнатуральных сіл. Пра гэта пісаў сучасны аўтар Канстанцін Шумскі ў манаграфіі "Традыцыйныя экалагічныя веды беларусаў", выдадзенай БГАТУ. Гаворка там ідзе пра XIX – пачатак XXI стагоддзя. Дарэчы, Шумскі нават распавядае, як чалавек ператварыўся ў мядзведзя пасля таго, як ссек елку, што прасіла яе не чапаць.

А вось ваўкалакі, як сцвярджае аўтар, не існавалі ў рэальнасці – проста традыцыйныя веды ў беларусаў моцна перапляліся з дэманалогіяй.

Дзязнацца пра ваўкалакаў і пра тое, як яны дагэтуль жывуць ва ўяўленні беларусаў, можна ў выпуску "Ніколі не жаніўся. Як чалавек робіцца ваўкалакам і чаму на ваўкоў палююць?".

 

Дзве кнігі пра русалак і іншых міфічных персанажаў

Купацца бліжэй да восені – кепская ідэя. Шмат хто такое чуў, але наўрад ці задумваўся, чаму. А справа ў тым, што некалі людзі верылі, нібыта на дно могуць зацягнуць русалкі. Пагаворвалі пра гэта з сумневам, але асцерагаліся.

Мы прывыклі думаць пра русалак як пра кагосьці накшталт Арыэль. Але насамрэч гэта вельмі спрошчаны вобраз. Іх знешнасць ва ўяўленні жыхароў Гомельшчыны апісваецца ў зборніку "Фалькларыстычныя даследаванні". Гэта то прыгожыя дзяўчаты і хлопцы, то страшныя пачвары. Яны маглі жыць у вадзе або калыхацца на бярозе, і ўвогуле часта ўтвараліся з душ тапельцаў.

 Выява русалак паводле кнігі “Беларуская міфалогія”, маркі “Белпошты”
 Выява русалак паводле кнігі “Беларуская міфалогія”, маркі “Белпошты”. Фота:  Белпошта

Як вобраз тапельца можна пераблытаць з Арыэль? Такі лёс народных уяўленняў: яны праходзяць шлях ад элементаў рэальнага свету да рацыянальна невытлумачальных звычак – і ператвараюцца ў мастацкія вобразы. Калі вам цікавыя першакрыніцы, параім дзве кнігі, якія ілюструюць гэты шлях:

Першая — "Беларускі фальклор" фалькларыста і этнографа Алеся Лозкі, супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. З яго кнігі можна даведацца пра сапраўдны Русальны тыдзень, які звязваў ідэю містычных істот і земляробчы каляндар.

Другая кніга — "Беларуская міфалогія", энцыклапедычны слоўнік пад навуковай рэдакцыяй Таццяны Валодзінай і Сяргея Санько. Гэта найбольш поўнае сучаснае выданне пра міфалагічных персанажаў беларусаў.

Падрабязней пра русалак даведайцеся ў выпуску "Міфічная Беларусь: русалкі ў казках і навуцы".

 

Нравится то, что мы делаем? Поддержите «Зелёный портал» на Patreon. Это безопасно для тех, кто находится за пределами Беларуси, и жизненно важно для работы нашей команды.

Поддержать

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость