24.11.2015 / 10:11

“Зялёны партал Гродзеншчыны” ўжо пісаў пра народные прыкметы, іх абгрунтаванасць і прагнозы паводле прыкмет на зіму. Тэму народных назіранняў і прагнозаў завяршаем падборкай меркаванняў сучасных аграрыяў: ці сочаць яны за надвор’ем? Карыстаюцца народнымі прыкметамі ці давяраюць толькі прагнозам сіноптыкаў?

Галіна Марозік, фермерская гаспадарка, Гродзенскі раён:

Некаторыя прыкметы, якім я давяраю, перадаліся мне яшчэ ад бацькоў і бабулі. Калі кветкі чаромхі распускаюцца – рэзка пахаладае, замаразкі будуць. Сарокі круцяцца ў дварах, каля чалавека - чакай рэзкага паніжэння тэмпературы, не важна, зіма гэта ці лета. Добрым раслінным барометрам з’яўляюцца паўднёвыя расліны, якія ў нас прыжыліся. Калі на хостах выпадае раса нават у сонечнае надвор’е - чакай дажджу.

Ігар Хвашчэўскі, арганічны фермер, Смаргонскі раён:

Кіруюся толькі адной прыкметай: пачала распускацца бяроза – садзім бульбу. Значыць, зямля прагрэлася да +8 градусаў, і пасаджаны клубень не замерзне.

Юлія Вінакурава-Лабунская, сядзіба “Памяна”, Смаргонскі раён:

Паколькі Беларусь – зона рызыкоўнага земляробства, толькі на прыкметы і можна арыентавацца. Праўда, праблема, што з-за пацяплення зараз складана ўгадаць і па прыкметах. Тым не менш некаторымі кіруемся. Калі з захаду ветрам павеяла - чакай ноччу замаразкі. Птушка дзюбу пад крыло хавае – да марозу. Калі чаромха лісточкі выпускае – садзім бульбу. Гэта нават не прыкмета, а закон. Так што прыкметы не ўсе забабоны, штосьці з’яўляецца дакладнай заканамернасцю.

Галіна Стасюкевіч, уласная гаспадарка, г.Масты:

Жыву ў горадзе і рэдка карыстаюся народнымі прыкметамі, паколькі няма магчымасці стала назіраць за прыроднымі з’явамі. У горадзе ж нават зорак на небе не відаць з-за штучнага асвятлення. Звычайна карыстаюся прыкметамі, калі даведваюся пра іх з часопіса для агароднікаў ці з адмысловых тэлеперадач. Але часцей прымяняю іх толькі ў вырошчванні сёлетняга ўраджаю, бо потым забываю. Ад маці яшчэ ведаю, што каб атрымаць багаты ўраджай агуркоў без цяпліцы, трэба сеяць іх на вясновага Міколу ці Пахома: сей агуркі на Пахом – будзеш насіць мяхом.

Жывая прырода: як расліны і жывёлы прагназуюць надвор'е

Адна з прычын недаверу да народных прыкмет сёння - інтэнсіўная ўрбанізацыя. Яна прывяла да разрыву чалавека з зямлёй, таму прыкметы сталі незапатрабаванымі. Другая прычына - змены клімату. Нават сіноптыкі прызнаюць розніцу тэмператур у горадзе і вёсцы. Часам розніца можа складаць 2-4 градусы. Залежыць гэта ад колькасці фабрык і заводаў у горадзе. Ды што там казаць! Нават у Гродне ў розных мікрараёнах тэмпература можа адрознівацца на адзін градус. Гэтую розніцу можна выразна адчуць, калі параўнаць надвор’е ў спальных раёнах такіх, як Дзевятоўка, Вішнявец, Альшанка, або Фолюш і ў цэнтры горада. Тады калі ў спальных раёнах назіраюцца парыву ветры, у цэнтры можа быць поўнае зацішша.

Калі вы не давяраеце прагнозам сіноптыкаў або народным прыкметам, раім весці ўласны каляндар надвор’я з улікам паказчыкаў, уласцівых для вашай мясцовасці.

Сіноптыкі і народныя прыкметы прагназуюць характэрную для Беларусі зіму
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость