На дадзены момант 23 беларускія тэрыторыі маюць статус Рамсарскіх угоддзяў. Беларусь з'яўляецца стараной Рамсарскай канвенцыі (Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях) з 1999 года, калі заказнік «Спораўскі» першым з беларускіх водна-балотных тэрыторый быў уключаны ў Рамсарскі спіс.
Як гаворыцца на сайце АПБ, «Дражбітка-Свіна» — леса-балотны комплекс на поўначы Беларусі. Тэрыторыя, каштоўная для такіх рэдкіх відаў птушак, як дубальт і чорны бусел.
Што датачыць «Іпуці», то гэтая тэрыторыя ў Гомельскай вобласці — патэнцыйная ТВП. Эксперты АПБ зараз чакаюць рашэння калегаў з «BirdLife International». Гэтая тэрыторыя асабліва важна для захавання беларускіх папуляцый рыбачкі чорнай і сярэдняга дзятла. Сама пойма Іпуці — трансгранічная тэрыторыя з Расіяй. Зараз «Іпуць» лічыцца зонай адчужэння, і таму доступ людзей у гэтае месца абмежаваны. Для птушак і захавання біаразнастайнасці гэта хутчэй плюс, чым мінус.
Балота Дзікое — адна з вельмі прыярытэтных у Беларусі тэрыторый. Гэты куток стаў домам адразу для 4 вельмі рэдкіх відаў птушак: вялікі арлец, дубальт, вялікі грыцук, вяртлявая чаротаўка. Па колькасці апошняй Дзікое займае трэцяе месца ў краіне.
Нагадаем, у лютым 2016 года Рамсарскі спіс папоўнілі таксама адразу 3 водна-балотныя ўгоддзі ашай краіны: «Палеская даліна ракі Буг», «Сэрвач» і »Вілейты».
Дарэчы, гэта на апошнія папаўненні ў Рамсарскім спісе. Спецыялісты АПБ падрыхтавалі пералік тэрыторый, якія ў будучым таксама маглі бы атрымаць міжнародны статус аховы. Спіс перададзены ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.