25.04.2016 / 19:04

Чарнобыльская трагедыя паставіла перад Ірынай многа пытанняў. Дзе мяжа радыёактыўнага забруджвання? Як перажыць тугу па роднай старонцы? Чым вымяраецца адчай, з якім сутыкнуліся маці ў змаганні за жыццё сваіх дзетак? На жаль, многія беларусы і сёння жывуць з гэтымі пытаннямі і безвынікова шукаюць на іх адказы. А адказаў няма. Ёсць толькі надзея. Менавіта яна і дапамагла нашай гераіне Ірыне Кельбас перамагчы ў бітве за жыццё свайго сына.

Да перасялення Аляксей і Ірына Кельбасы жылі ў вёсцы Гадзілавічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 125 населеных пунктаў гэтага раёна апынуліся ў зонах радыёактыўнага забруджвання рознай ступені, 96 знаходзяцца ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем, 29 размешчаныя ў зоне з правам на адсяленне. Правам на адсяленне і скарысталіся героі гэтай гісторыі. Яны расказваюць, як гэта адбілася на іх лёсе.

— Калі станцыя ўзарвалася, мы мелі ўжо двух сыноў, — пачала свой аповед Ірына. — Старэйшаму было 5 гадоў, малодшаму — паўтара. Магчыма, мы і жылі б там, калі б не бяда, якая здарылася ў сям’і. Захварэў анкалагічным захворваннем Лёшаў бацька. Ён, як даведаўся аб гэтым, адразу пачаў нас прасіць: «З’язджайце, — кажа, — кідайце ўсё і з’яджайце. Ратуйце дзяцей». Мы яго паслухаліся, але на перасяленне адважыліся толькі ў 1990 годзе.

Прыехалі на Віцебшчыну, атрымалі, як перасяленцы, жыллё — думалі, выратаваліся. Але бяда нас і тут знайшла. У 13 гадоў захварэў старэйшы сын — злаякасныя ўтварэнні ў лімфатычнай сістэме. Змагаліся з хваробай два гады. Лячыліся ў Бараўлянах. Негледзячы на тое, што мы мелі статус пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ў нас было адпаведнае пасведчанне, ніякай падтрымкі з боку дзяржавы ў час лячэння не атрымалі. Вельмі многа намаганняў прыклалі. Дзякуй тым людзям, якія прынялі нас на новым месце жыхарства і не пакінулі сам на сам з хваробай. Грошы на лячэне збіралі.

Не дай Бог нікому перажыць тое, што я перажыла. За свайго сына душа балела і за іншых дзетак таксама. Вова тады ўжо вялікі быў, усё разумеў. Бярог мяне ад гэтага болю. Я нейкі перыяд да знаёмых у Мінск начаваць ездзіла. Прыязджаю раніцай, бачу, што суседа па палаце няма ўжо, а сын просіць астатніх, каб не расказвалі мне. Як быццам я не ўбачу гэтага… Дзякуй Богу, бяда нас абмінула. Два гады лячэння не прайшлі дарэмна. Сын выжыў. Мы разам. Гэта — галоўнае.  

Нехта выехаў, нехта застаўся. Хто яго ведае, як лепш. Мы бываем ў тых мясцінах. Амаль кожны год туды ездзім на Радуніцу. Страшна назіраць, як адзін за адным адыходзяць нашы былыя суседзі і сябры. Вельмі многа паміраюць ад анкалагічных захворванняў. У кожнай хаце — рак. Наша вёска амаль пустая засталася.

Вельмі цяжка далося перасяленне мужу Аляксею. Ён рыбак і паляўнічы. Хутка трыццаць гадоў, як мы тут жывём, а Лёша ўсё ўспамінае. Са слязьмі на вачах… Яму тыя мясціны не забыць. Там вельмі прыгожа. Рагачоў стаіць на дзвюх рэках — Друці і Дняпры. З усіх бакоў вада. Ён вырас сярод той прыгажосці.

— Я кожную сцяжынку там ведаў, кожны куст, — нарэшце далучаецца да размовы Аляксей. — Ад нашай хаты да берага Дняпра было нейкіх 200 метраў. З другога боку лес падступаў, хваёвы, чысты… Ля хаты раслі пірамідальныя таполі, дык вавёркі, па іх скачучы, ледзь не ў панадворак   наведваліся — зусім ручныя былі. Такія мясціны прыгожыя! Тут няма нічога гэтага. Ні ракі блізка, ні лесу. А ўвогуле, любому складана бацькаву хату кінуць і ўсё жыццё змяніць.

Сюды пераехаўшы, прывёз з сабой дазіметр. Каб параўнаць радыяцыйны фон. Мне хацелася ўпэўніцца, што на малой радзіме ён не такі ўжо і высокі. Усё шукаў падставу вярнуцца туды, але не адважыўся. Тут таксама павышаны фон, але на Рагачоўшчыне ўзровень радыяцыі ў паветры ў тры разы вышэйшы, чым на Віцебшчыне, а ў глебе — у 5-6 разоў.

Я ў той год у пачатку мая ў Гомельскай абласной бальніцы ляжаў. Як цяпер помню цёплыя майскія дні. Але сонца неяк цьмяна свяціла, як праз нейкую дымку. У бальніцу пачалі прывозіць людзей цэлымі аўтобусамі. Бо не абвясцілі своечасова аб катастрофе. Людзі не асцерагаліся. Хто на летніку працаваў, хто на прыродзе адпачываў. Пацярпелых можна было пазнаць па чырвонай скуры. Нас хутка з гэтай бальніцы выпісалі. Месцаў для ўсіх не хапала. 

Нядаўна знаёмага ў Мінску сустрэў, таксама перасяленца, дык ён сказаў: «Калі б можна было што-небудзь змяніць — пешшу дадому пайшоў бы, абы вярнуцца». Вось і я так… Напішыце пра гэта абавязкова.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА іншыя гісторыі з цыклу «ЧАРНОБЫЛЬ У ТВАРАХ»

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая, уласны архіў герояў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость