Драздовая чаротаўка, Фота Уладзіміра Бондара, birdwatch.by
Драздовая чаротаўка на працягу месяца мігруе з поўначы Еўропы ў Трапічную Афрыку. Падчас міграцыі птушка звычайна ляціць уначы. Аднак даследнікі нядаўна высветлілі, што ў некаторых выпадках птушка не спыняецца і ўдзень, тады яна ляціць на экстрэмальнай вышыні (да 6 300 м). Такія нечаканыя, але ўстойлівыя паводзіны можна патлумачыць тым, што птушкі імкнуцца пазбегнуць перагрэву. Даследаванне апублікавана ў часопісе “Science”.
Большасць з мільёнаў пеўчых птушак, якія штогод мігруюць паміж Еўропай і Афрыкай, ляцяць толькі ўначы, а ўдзень адпачываюць і сілкуюцца. Некаторыя віды, якія звычайна мігруюць уначы, часам ляцяць 24 гадзіны запар, каб не спыняцца ў не прыдатных для адпачынку месцах, дзе ежы занадта мала, напраклад, у пустэльні ці на моры. Адзін з такіх відаў – драздовая чаротаўка Acrocephalus arundinaceus.
Падчас міграцыі яна можа праляцець да 34 гадзін без перапынку.
Група даследнікаў з Лундскага ўніверсітэта (Швецыя), Капенгагенскага ўніверсітэта (Данія) і Цэнтра даследаванняў прыроды ў Вільнюсе вывучала такія працяглыя міграцыйныя палёты амаль па хвілінах з дапамогай унікальных прыладаў рэгістрацыі дадзеных, распрацаваных у Лундскім універсітэце. Даследнікі выкарыстоўвалі гэтыя рэгістратары, якія важаць не больш за 1.2 г, каб адсачыць 14 драздовых чаротавак. Птушак злавілі ўлетку на возеры Квісмарэн, што знаходзіцца паблізу Эрэбру ў Цэнтральнай Швецыі.
Дзякуючы таму, што рэгістратары збіралі дадзеныя на працягу ўсяго года, даследнікі атрымалі каштоўную інфармацыю. Калі драздовыя чаротаўкі мігравалі ў Афрыку і вярталіся назад, рэгістратары няспынна захоўвалі дадзеныя наконт вышыні палёту, актыўнасці птушак, узыходу і заходу сонца. Вымярэнні вышыні запісваліся раз на гадзіну, кожныя пяць хвілін рэгістратары захоўвалі інфармацыю наконт таго, ляціць птушка, шукае ежу на зямлі альбо адпачывае.
Грунтуючыся на гэтых дадзеных, даследнікі вылічылі, што ўначы вышыня палёту драздовых чаротавак у сярэднім складала 2 400 м. У рэдкіх выпадках, калі птушкі ляцелі больш за адну ноч без перапынкаў, на досвітку яны падымаліся на 3 000 м, каб удзень ляцець на вышыні 5 400 м. Птушкі заставаліся на гэтай вышыні да заходу сонца, пасля чаго зніжаліся на 3-4 тыс. метраў і ў наступную ноч працягвалі палёт на вышыні 2 000 м.
Сісель Шоберг (Sissel Sjöberg) і Дэніс Хасельквіст (Dennis Hasselquist), якія праводзілі даследаванне ў Лундскім універсітэце, прыйшлі да высноваў, дзіўных як для іх саміх, так і для іх калег. Апісваючы паводзіны драздовай чаротаўкі як вельмі ўстойлівыя, навукоўцы адзначаюць, што птушкі, магчыма, мусяць ляцець у дзённы час удвая вышэй, чым уначы, каб працягваць міграцыю.
Гэтай з’яве пакуль няма яснага тлумачэння. Тым не менш, група даследнікаў выключае гіпотэзы, якія раней дамінавалі пры тлумачэнні выбару птушкамі вышыні палёту падчас міграцыі: вятры і тэмпература паветра.
“На вышыні, большай за 2 000 метраў, вятры і тэмпература паветра не змяняюцца ў залежнасці ад часу сутак”, – кажа Сісель Шоберг.
На шляху птушак няма і высокіх гор, якія вымушалі б іх падымацца на такую вышыню. Магчымым тлумачэннем можа быць тое, што ўдзень драздовыя чаротаўкі бачаць далей з большай вышыні і такім чынам могуць пазбягаць сустрэчы з драпежнымі птушкамі. Але даследнікі таксама выказваюць і такую гіпотэзу: птушкі падымаюцца больш чым удвая, каб пазбегнуць перагрэву, які можа быць наступствам сонечнага выпраменьвання.
“На значнай вышыні паветра халаднейшае, і, падняўшыся на 5 400 м, птушкі трапляюць у слой паветра з тэмпературай каля -9°С. Гэта на 22 градусы халадней, чым на той вышыні, на якой яны ляцяць уначы”, – кажа Сісель Шоберг.
“Пералётныя пеўчыя птушкі робяць некалькі ўзмахаў крылаў за секунду. Гэта вельмі цяжкая праца, ад чаго цела птушкі саграваецца незалежна ад таго, ляціць яна ўдзень ці ўначы. Але калі птушка ляціць удзень, на яе таксама ўплывае цяпло сонечнага выпраменьвання; мы мяркуем, што, падымаючыся на вышыню, птушкі такім чынам кампенсуюць дзённае павелічэнне тэмпературы. Падобна на тое, што яны не змаглі б ляцець удзень без перагравання, калі б не падымаліся на такую экстрэмальную вышыню”, – кажа Дэніс Хасельквіст.
Даследнікі працягваюць вывучэнне драздовых чаротавак. З цягам часу яны спадзяюцца знайсці адказ на пытанне, чаму птушкі так сябе паводзяць. Гэта можа таксама дапамагчы зразумець, чаму большасць птушак, якія мігруюць у тропікі ўзімку, ляцяць пераважна ўначы, але на працягу года яны актыўныя ўдзень, а ўначы адпачываюць.
Матэрыял прадстаўлены Лундскім універсітэтам і апублікаваны ў межах міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”, якая ажыццяўляецца пры падтрымцы Heidelberg Cement.
Пераклад Алены Раманоўскай, валанцёркі АПБ.