Вялікая панэльная дыскусія, прысвечаная галоўнай тэме Форума экаНДА па прыцягненні людзей, сабрала прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і медыйнай сферы.
На самым пачатку Ірына Сухій, член савета грамадскага аб'яднання «Экадом», шчыра зазначыла, што ўжо стамілася «ўгаворваць» грамадства ўключацца ў важныя экалагічныя пытанні, самастойна брацца за абарону сваіх правоў.
Маючы 20-гадовы вопыт грамадскай дзейнасці, а таксама несуцяшальную статыстыку даследавання, калі 70% грамадзян нічога не ведаюць і жадаюць толькі праводзіць час з сям'ёй, яна бычыць адно выйсце:
«Найлепшай стратэгіяй будзе ўзмацняць працу з невялікім працэнтам актыўнага насельніцтва. Магчыма, калі такая схема запрацуе, то атрымаецца пасунуць і масы», — працягвае яна.
Падтрымаць яе бярэцца Аляксандр Каралевіч з 34 mag.net, кажучы пра тое, што патрабаваць чагосьці ад «зялёных» НДА бяспраўна.
«Я разумею, калі людзі патрабуюць ад ЖЭСаў, бо плацяць падаткі. А да грамадскіх экалагічных арганізацый можна звярнуцца, папрасіць, заклікаць, але не патрабаваць», — не стрымліваецца ён.
Магчыма, праблема сапраўды ў тым, што НДА не маюць адчувальнай падтрымкі ад насельніцтва, як таго хацелася б. На думку Яўгена Лабанава з Цэнтра экалагічных рашэнняў, гэта не толькі гарантавала б большую незалежнасць ад еўрапейскіх крыніц фінансавання, але паўплывала б на людзей больш уключацца ў дзейнасць арганізацыі.
Найбуйнейшая арганізацыя Вялікабрытаніі «Каралеўскае таварыства абароны птушак» мае 1,25 млн чальцоў і, адпаведна, 20 млн фунтаў стэрлінгаў у год складкоў. Вядома, што яна моцна ўплывае на вырашэнне экалагічных пытанняў у краіне, заўважае Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
І датычылася б гэта не толькі грамадскага незадавальнення зносамі ці высечкамі дрэваў, а праблемамі ў маштабах краіны.
Пры ўсім НДА варта змірыцца, што ім даводзіцца «граць» на спажывецкім полі па правілах бізнэсу. Таму, як лічыць Іван Шчадранок з фонда «Інтэракцыя», варта больш актыўна карыстацца ўсялякімі інструментамі, каб прыцягнуць людзей: праца з лідэрамі меркавання, актыўнасць у сацыяльных сетках, правядзенне нефармальных сустрэч, фестываляў, мерапрыемстваў. А таксама добра вывучыць сваю мэтавую аўдыторыю і прапаноўваць прадукт, які прыйдзецца ім да спадобы.
І, як правільна зазначыла Анастасія Дарафеева, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя», нельга зацыклівацца выключна на фінансавым унёску людзей, варта шукаць паплечнікаў, якія падзяляюць з арганізацыямі каштоўнасныя рамкі.
«А якім чынам яны ўключацца ў дзейнасць: фінансава ці фізічна, ужо будзе пытаннем іншым», — сцвярджае яна.
Як за модай на экалагічнасць не прафукаць будаўніцтва АЭС
«Праблем НДА, калі глядзець з боку простых людзей, — не бачна вашых гісторый поспеху. А пра паразы і няўдачы чуць не хочацца», — зазначыў блогер Антон Матолька.
Таму ў спробе прыцягнуць людскую ўвагу варта акцэнтавацца на пазітыўных момантах, дасягненнях каманды, на гісторыях, якія могуць мець працяг, лічыць ён.
У якасці прыкладу ён прыводзіць нядаўна запушчаную сумесную кампанію Цэнтра экалагічных рашэнняў і Зялёнай сеткі па выкарыстанні сваіх тэрмакубкаў у кафэ як альтэрнатыву папяровым шкляначкам.
«Я веру, што гэта кампанія выстраліць. І праз 5-10 год людзі прывыкнуць адмаўляцца ад аднаразовага. Проста пакуль не ўсе маюць тэрмакубкі, і няма звычкі браць іх з сабой», — мяркуе Антон.
І вось тут здараецца непаразумелае: з аднаго боку, лайтовыя і простыя тэмы сапраўды могуць быць добрай кропкай уваходу людзей у больш сур'ёзную дзейнасць. Але пакуль НДА будуць займацца «кубачкамі» і «веласіпедзікамі», хто будзе змагацца з больш сур'ёзнымі праблемамі?
«Мімішныя тэмы — гэта выдатна, але ў нас будуецца АЭС. Пакуль гэтай праблемай займаецца адзін “Экадом”, Беларуская партыя “Зялёныя” і парачка “адмарожаных” вучоных-пенсіянераў. Пры гэтым мы пастаянна заклікаем да грамадскай супольнасці, але яна на веласіпедзіках з кубачкамі», — зазначае Ірына Сухій.
Яна хацела б, каб такія цудоўныя метады прыцягнення ўвагі, як «кубачкі» і «веласіпедзікі», прыводзілі да таго, што людзі пачыналі браць адказнасць за сваю краіну. Якраз гэтага не хапае ў сектары НДА.
«Тут варта, каб актывісты размаўлялі з людзьмі на адной мове і пачалі падтрымліваць адзін аднаго ў сваёй жа сферы. Няхай вы займаецеся рознымі накірункамі, але ідзяце да агульнай мэты. І не імкніцеся прыцягнуць людзей у арганізацыі і партыі, калі яны гэтага не хочуць! Няхай у грамадскасці будзе вотум даверу да аднаго “вашага” чалавека, а людзі будуць ведаць, да каго звярнуцца», — рэзюмаваў Антон Матолька.