Як паведаміў TUT.BY, адмысловы адказ, у якім гаворка вядзецца пра прыпыненне праектавання дэтальнага плана да распрацоўкі і ўзгаднення з прэзідэнтам канцэпцыі забудовы, атрымалі актывісты з Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва. Такім чынам, перамогу ў барацьбе за Асмалоўку святкаваць было рана.
“Мы заўсёды казалі, што грамадскія абмеркаванні – не канец, а толькі пачатак дыскусіі пра будучыню Асмалоўкі”, – кажа Зялёнаму парталу Дзяніс Кобрусеў, кіраўнік грамадскай кампаніі “Генплан – для мінчан!”.
З боку зацікаўленых у захаванні жылой забудовы на сёння зроблена нямала: распрацаваны менеджмэнт-план па развіцці кварталаў, які перададзены ў Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва. Акрамя ўсяго, напрацоўкі плануецца абмеркаваць з рознымі экспертамі і чыноўнікамі, каб дасягнуць мэты па іх захаванні.
Па словах Дзяніса, зараз цяжка меркаваць, ці ўдасца дасягнуць кампрамісу, так як працэс толькі распачаты. Як і цяжка сказаць наколькі ён будзе празрыстым з боку чыноўнікаў.
“У любым выпадку грамадскасць супраць зносу Асмалоўкі. Застаецца толькі спадзявацца, што на стол Лукашэнкі пакладуць наш менеджмэнт-план”, – сцвярджае ён.
У планах грамадскай арганізацыі, мясцовых актывістаў і прадстаўнікоў “Гісторыкі” вынесці прапанову па стварэнні грамадска-кансультацыйнага савета па абмеркаванні праблем захавання Асмалоўкі пры адміністрацыі Цэнтральнага раёна.