У Беларусі цяпер можна паляваць на рысь і мядзведзя пры пэўных умовах, у пэўных абставінах, паводле пэўных разнарадак. І хай прабачаць мяне мядзведзі і рысі, але галоўныя ў гэтай навіне – не яны. І навіна ўвогуле – не пра іх.
Яна пра тое, што цяперашнія ўлады ў Беларусі трымаюцца сінімі пальцамі не толькі за свае пасады. Яны цвёрда прытрымліваюцца і не збіраюцца пераасэнсоўваць свой гаспадарчы і антрапацэнтрычны ў кепскім сэнсе гэтага слова падыход да свету.
Цывілізацыя ў цэлым і гарады ў прыватнасці заўжды ўяўлялі сабой барацьбу таго, што стварыў чалавек, з тым, што існуе прыродна, само па сабе.
Чалавек хоча кантролю і ўлады, і кіраваць толькі іншымі людзьмі яму часта недастаткова – вельмі трэба падпарадкоўваць сабе літаральна ўвесь сусвет.
Падлічыць кожную казурку, знайсці правільнае месца кожнаму сусліку. А калі ў гэтым месцы плануецца сельская гаспадарка, суслік, прабач, ты сёння самае слабое звяно.
І старыя кварталы з усім іх аздабленнем і раскідзістымі дрэвамі, якія ратуюць ад спёкі – таксама не ў лідарах цывілізацыйнай гонкі. Замест іх гарадскую прастору мусіць запаўняць штосьці больш рацыянальнае, больш прыкладное і, пажадана, шматпавярховае.
Горад мусіць расці ўверх, але гэта не значыць, што ён перастае расці ў шырыню. Аніякіх гарантый бяспекі, дарагая прырода, не будзе – чалавеку лепш ведаць, развіваць горад ці не. І ўвогуле, што за дурацкая пастанова пытання, канечне ж развіваць!
Усё, што не падпадае пад бягучы план будаўніцтва горада і разрастання цывілізацый, ідзе адразу на два сметнікі – фізічны і гістарычны. Не вы, рысі і мядзведзі, першыя, і не вы апошнія.
Здавалася б, крытыка цывілізацый у цэлым і гарадоў у прыватнасці за іх агрэсіўныя і нават акупацыйныя паводзіны – з’ява настолькі заезджаная, што далей няма куды. Вось у 1960-х нямецкія журналісты Вольф Ёбст Зідлер і Гіна Ангрэс сумесна з фатографкай Элізабэт Нігермейер выдалі кнігу «Забіты горад», якую найчасцей апісваюць як класічную крытыку нямецкага паваеннага урбанізму.
І тады ж амерыканская журналістка і актывістка Джейн Джэкабс напісала кнігу «Смерць і жыццё вялікі амерыканскіх гарадоў». А колькі эсэ, аповедаў, навуковых і публіцыстычных артыкулаў было на гэтую тэму! Колькі класічных і эксперыментальных выставаў праведзена на розных кантынентах!
Мы мусім асэнсоўваць, наколькі руйнуем прыроду ў свіаіх мэтах.
Мы мусім разумець, на якія ахвяры і дзеля чаго ідзем.
Мы мусім умець спыняцца і ісці на кампрамісы.
Што толькі ні казалі нам заклапочаныя людзі і інстытуцыі, а ўсё адно мы вось тут: 2024 год, у Беларусі дазваляюць паляваць на чырвонакніжнікаў, бо іх нібыта становіцца зашмат.
Скончылася халодная вайна, ужо больш за тысячу дзён ідзе поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны, цэлыя гарады ў суседняй краіне пераўтвараюцца ў руіны, і нам застаецца толькі здагадвацца, ці чакае нас новая літаратура і ўвогуле мастацтва руін, як гэта было ў Нямеччыне пасля другой сусветнай вайны, альбо мы, як чалавецтва, вывучылі хоць нейкія ўрокі і не будзем глядзець на руйнаванне старога як ідэальны шанец пабудаваць новае, больш ёмістае і больш рацыянальнае.
Я быццам бы ўвесь час пераскокваю з гарадскога будавання да мядзведзяў і назад, але ж праўда ў тым, што яны неразрыўна звязаныя. Мы дазваляем адстрэльваць мядзведзяў па той простай прычыне, што хочам «рацыяналізаваць» свет вакол сябе.
Ды калі навукоўцы знойдуць магчымасць стварыць новую папуляцыю дыназаўраў, мы самі іх пазабіваем, бо будзем лічыць суіснаванне з імі занадта непрадказальным і надта нерацыянальным.
Дзяржаўныя СМІ напішуць, што паміж т-рэксам і жыхарамі Смалявіцкага раёна сталі адбывацца канфлікты, улады хуценька прыдумаюць нов ы законапраект з абгрунтаванем, чаму адстрэльваць дыназаўраў – не такая і кепская ідэя, а прыродаахоўнікі, вымушаныя супрацоўнічаць з гэтымі ўладамі, каб не апынуцца за кратамі, будуць паддакваць і казаць, што гэта і праўда вельмі рацыянальна і вельмі правільна. І ўвогуле, памер папуляцый важна кантраляваць, каб не было дызбалансу.
Усё гэта будзе гучаць надзвычай іранічна на фоне таго, як расце папуляцыя людзей, але не прапаноўваць жа адстрэльваць людзей. Гэта было б занадта нават для Лукашэнкі (спадзяюся!).
Пошук кампрамісаў будзе цікавіць толькі актывістак і актывістаў, якіх большая частка грамадства закляйміць ці то левакамі, ці то фашыстамі, ці то проста неадэкватамі.
Але што там дыназаўры – мы вунь з мядзведзямі і рысямі не можам даць рады. І, здаецца, нават не спрабуем. Бо навошта прыдумваць складаныя шматхадовачкі, калі можна звярнуцца да так званай фабрыкі простых рашэнняў. Вось і атрымліваецца літаральна так: ёсць мядзведзь – ёсць праблема, няма мядзведзя – няма праблемы. А што там будзе далей – гэта ўжо нас не тычыцца.