Спяваць без мікрафона і электрычнасці ў Гомелі будзе Руся, удзельніца гурта «Šuma Voices». Аўтэнтычныя беларускія спевы — гэта яе, і Руся лічыць, што акцыі яны дужа пасуюць: без падгучкі не складана, бо «народныя спевы традыцыйна спяваліся голым голасам на прыродзе».
Пра «Гадзіну Зямлі» спявачка даведалася не так даўно, і першую прапанову выступіць прыняла ў мінулым годзе: «Чалавецтва зусім ужо забрудзіла планету, і трэба з гэтым нешта рабіць. Я сама намагаюся жыць максімальна экалагічна і прапагандую экалагічнае стаўленне да жыцця — бо хто, як не мы, адказвае за яго і будучыню планеты?»
Ахайна ставіцца да вады і энергіі, не набыць лішняе пакаванне і не есці мяса, каб дзеля гэтага не забівалі жывёл, — такі лад жыцця на ўласным прыкладзе паказвае Руся. Яна не лянуецца пакінуць выкарыстаныя батарэйкі ў адмысловых пунктах, падзяляе смецце і лічыць, што гэта рэчы, якія павінен рабіць еўрапейскі цывілізаваны чалавек.
«Запрашаю ўсіх звярнуць увагу на гэтую акцыю і па магчымасці больш асэнсавана жыць у плане экалогіі!» — звярнулася да беларусаў спявачка.